Твор адлюстроўвае перажытыя ўсімі намі падзеі 2020–2021 гадоў, што, бясспрэчна, павялічвае яго каштоўнасць для чытача. Сёння, на жаль, вельмі мала з’яўляецца з-пад пяра пісьменнікаў твораў менавіта пра нашу сучаснасць. Уладзіміру Гаўрыловічу, якога даўно ўжо называюць майстрам сацыяльна-псіхалагічнай прозы, адчуваецца, і набалела, і накіпела...
Я напачатку пазнаёмілася з раманам-версіяй «Па веры вашай...» у кнізе «Там, дзе цячэ Пуць-рака...» (Пуць-рака, паводле аўтарскай версіі, — першая назва сінявокай Прыпяці). Ён выдадзены ў цвёрдай вокладцы, з прыгожым фонам: Тураўскі саборны храм на беразе старажытнай ракі. Узяўшы ў рукі кнігу, разумееш, што трымаеш скарб. Але які? Чытаючы старонку за старонкай, прыходзіць усведамленне, што раман не зусім і версія, а самая што ні на ёсць наша з вамі гісторыя. Адчуваецца, што пры напісанні твора аўтар вельмі сур’ёзна, нават скрупулёзна, працаваў з гістарычнымі дакументамі, праводзіў уласнае даследаванне летапісных матэрыялаў розных краін, шукаў згадкі пра сваю зямлю. Прычым назвы і цытаты з некаторых летапісных зводаў ім свядома прыводзяцца на старонках рамана, каб пацвердзіць справядлівасць сказанага, ды і чытач мог пераправерыць: ці так жа было ці магло быць на самай справе?
І так да падзей сучаснасці...
Прачытаўшы кнігу «Там, дзе цячэ Пуць-рака...», мне прыйшоў на ўспамін гістарычны раман «Дети Арбата» А. Рыбакова. Для мяне гэтыя кнігі раўнацэнныя па праўдзівасці і гістарычнай каштоўнасці.
У сваім творы «Па веры вашай...» Уладзімір Гаўрыловіч падымае канкрэтныя сацыяльныя пытанні і вельмі даходліва, без мудрагелістасцей дае адказы на надзённыя пытанні сучаснасці. Разгледжаны важныя палітычныя хады і дзеянні сапернікаў і здраднікаў роднай краіны. Вельмі дакладна апісаныя карані зла і ўва што прарасце насенне, пасеянае заходнімі «зычліўцамі» ды і падкормленымі імі дамарошчанымі... «бегунамі».
На прыкладзе галоўнага героя рамана Яўгена Кавенькі, яго светапогляду ў дачыненні да здрадзіўшага яму маладога земляка Віктара мы ўбачым, што помста — не варыянт перамогі. Таму галоўны герой інакш паступае са сваім вучнем. Не помстай, а дабрынёй і верай у чалавека дапамагае ён Віктару знайсці сябе, выратаваць сваю душу.
Увогуле раман пра пакаленне пісьменніка (Уладзіміру Гаўрыловічу за пяцьдзясят), пра клопат аб тых, хто ідзе за ім; пра моладзь, якой будаваць жыццё далей у наступным гістарычным вітку развіцця краіны. Няўзнак праглядаецца і аўтабіяграфічнасць твора, што, на мой погляд, яшчэ больш яднае аўтара і яго галоўнага героя: праца над раманам, перанесены ў цяжкай форме ковід, дзейнасць журналіста і педагога... Яскрава і ўдала паказана сувязь пакаленняў праз стагоддзі. Аўтар смела гаворыць нам пра генетычную памяць: вуснамі галоўнага героя тлумачыцца, чаму наступныя пакаленні адказваюць за ўчыненае продкамі. І ці адказваюць?
Галоўны герой мастацкага твора, як мы ўжо згадвалі, літаратар Яўген Кавенька, яго сваякі, суседзі, студэнты — звычайныя людзі. Праз апісанне яго стасункаў з моладдзю, студэнтамі, з маладымі яшчэ педагогамі, якія праходзяць перападрыхтоўку на курсах павышэння кваліфікацыі, аўтар вядзе шчыры дыялог, псіхалагічна, заўважым, няпросты, нават балючы, але такі неабходны, асабліва з маладым «падростам». І гэтым старонкам верыш, паколькі разумееш, што без шчырай размовы ў кожнай сям’і не абыдзешся, бо калі не звярнуць на гэта ўвагу, то не будзе адзінства народа, не будзе калектывізму, а стануць прагрэсіраваць эгаізм, грошы, здрада, а гэта, як ні круці, зло, ды што там — не будзе краіны, страцім яе, не будзе дзяржаўнасці. Мяне асабліва ўсхвалявалі менавіта гэтыя пытанні, паднятыя ў кнізе «Там, дзе цячэ Пуць-рака» — захаванне, засцераганне і перадача па ланцужку часу вялікай духоўнай традыцыі свайго народа, памяць пра здзейсненае ў гады страшных гістарычных выпрабаванняў дзеля міру. Дзеля міру! Як гучаць гэтыя словы цяпер!.. І гэта ўсё сказана ясна, зразумела, пранікнёна чыстай, роднай мовай Беларусі (беларуса). Вельмі ярка ў творы паказана, як на працягу вякоў пэўнай часткай заходнікаў вядзецца дагэтуль генацыд супраць беларускага народа (ды і ўсіх усходнеславянскіх народаў), які ім ніяк не зразумець, таму і не ўдаецца скарыць.
Хітраспляценні лёсу герояў кнігі трымаюць чытача ў напружанні да апошняй дзеі. І, перагортваючы старонкі гэтага надзвычай цікавага рамана, здаецца, што вось цяпер усё высветліцца, стане на свае месцы. Але ж не! Інтрыга працягваецца далей, і ты, чытач, як у казцы — па хлебных крошках — крочыш з героямі, раскрываеш пакрысе нешта новае ў характары герояў, нешта індывідуальнае ў паводзінах і нешта з тых таямніц, якія ўтойваліся ў тым ліку і ад героя дзесяцігоддзямі.
Раман пачынаецца складана. З гістарычнага моманту-ўводзін. Апісанне вытрымана ў стараславянскай форме, нібы чытаеш летапіс. Відавочна, аўтар зрабіў гэта свядома, каб падкрэсліць: чытача наперадзе чакае нямала разгадак, і яны абавязкова будуць датычыцца гэтых летапісных падзей. А далей твор чытаецца «як па масле», і чытанне захоплівае так, што ўвесь час, адрываючыся па неадкладных справах, думаеш, ну, што ж там будзе далей...
У кнізе згадваецца шмат гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі нашай Беларусі. Асветлены падзеі Вялікай Айчыннай вайны, каштоўнасць і важнасць партызанскага руху на тэрыторыі БССР, паказваецца напружанасць цяперашняга часу і як уплятаюцца ў жыццё і джаляць урокі лёсу людзей. Праз дабрыню і здраду, боль душы і веру ў Бога, бескарыслівую веру ў людскасць правядзе аўтар свайго чытача і выведзе да вытоку святла.
Галоўны герой, як адзначалася ўжо, літаратар, пісьменнік. Ён таксама журналіст, выкладчык. Яўген Кавенька разважае пра няпростую працу пісьменніка і пра ролю чытачоў, без якіх дзейнасць творцы будзе ўвогуле непатрэбнай. Тут аўтар-пачатковец ды і пісьменнік-прафесіянал са стажам знойдзе каштоўныя парады, як пісаць і што рабіць, калі цябе раптам пакіне муза. Кавенька, зразумела, можа ў нечым і памыляцца, бо ён, як і кожны чалавек, мае права на памылку, але яму ўсё ж давяраеш як сабе. Ён шчыры беларус, паляшук.
У кнізе зроблены акцэнт на захаванні традыцый сям’і і свайго народа, на важнасці ведання гісторыі і міфалогіі сваёй радзімы, але ў разрэзе таго, як развіваліся агульнаславянскія традыцыі і сусветныя каштоўнасці. Звярнута ўвага і на тое, што хацелі б на сённяшнім вітку гісторыі ў дачыненні да былой радзімы збеглыя за «кардон» пасля Вялікай Айчыннай вайны былыя гітлераўскія прыслугачы, на чыіх руках кроў беларускага народа, унукі ды праўнукі «шахевічаў», «бандэраўцаў». А яны хочуць аднаго — рэваншу. Аўтар «праводзіць» чытача плаўна з глыбіні стагоддзяў у адной частцы і вяртае ў сучаснасць ужо ў другім раздзеле, чым падтрымлівае цікавасць да сюжэта.
Важны аспект: героі кніг «Там, дзе цячэ Пуць-рака...», «Па веры вашай...» — людзі, якія вераць у Бога. З верай і малітвай ідуць яны адважна па жыцці, ведаюць, што для кожнага ёсць свой «Божы план». Таму сам раман можна назваць не толькі народным, праўдзівым, але і праваслаўным творам.
Што яшчэ хочацца сказаць, дык гэта тое, што ў герояў твора, якому, на мой погляд, павінна быць адкрыта дарога ў кіно ці на тэатральную сцэну, можна павучыцца аднаму з найважнейшых і самых светлых пачуццяў — каханню.
Пераасэнсоўваючы прачытанае, мне здалося, што раней умелі кахаць прызначаных лёсам, умелі захоўваць сваё чалавечае шчасце. Умелі шанаваць сваіх блізкіх. Зразумела, і ў наш час кахаць умеюць, але ўсё менш даўжынёй праз жыццё. І гэта таксама не можа не хваляваць...
Ці рэкамендую гэты раман і каму для чытання? Адназначна рэкамендую. Усім нам. І абавязкова падлеткам, моладзі, дарослым і сталым людзям. Гэты твор пра нас і для нас, пра наша жыццё і пра нашу будучыню.
Дарэчы, аўтар напісаў ужо працяг: у Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў новы раман-версія «Любі бліжняга твайго...». Як жа пражылі героі таленавітага пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча — нашы сучаснікі — 2022-і і наступныя гады, пра гэта даведаецца кожны, хто любіць сапраўдную, якасную мастацкую літаратуру. Прачытанне прынесла мне вялікую радасць і нагоду, каб глыбей вывучаць гісторыю роднай краіны.
Наталля ЦАРАНКОВА