Top.Mail.Ru

Надзея Філіпава: У балеце нельга апусціць планку

26.06.2025 | 07:00

Надзея Філіпава — яркая зорка беларускай сцэны, вядучая артыстка Вялікага тэатра Беларусі, талент якой скарае гледачоў як у класічных партыях, так і ў сучасных пастаноўках. Уладальніца медаля Францыска Скарыны, лаўрэат шэрагу міжнародных конкурсаў балетнага мастацтва сумяшчае бліскучую кар’еру з роляй маладой мамы, даказваючы, што творчасць і сям’я могуць гарманічна суіснаваць. Сваёй энергіяй, адданасцю тэатру і ўменнем знаходзіць баланс паміж сцэнай і домам яна дае натхняльны прыклад многім. У нашай размове балерына разважае пра шлях на сцэну, мацярынства, сучасную харэаграфію і пра тое, чаму ў балеце няма месца офіснаму графіку. 


Выпадковасць, што стала лёсам

— Мая гісторыя — не казка пра дзяўчынку, якая закахалася ў балет пасля «Лебядзінага возера», — смяецца Надзея. — Я танцавала ў народным калектыве з пяці гадоў, нават не думаючы пра пуанты. Усё змяніў адкрыты ўрок у школе: педагог з харэаграфічнага каледжа заўважыла мяне і прапанавала паступаць. Так я апынулася ў вучылішчы. Мабыць, лёс вырашыў усё за мяне. 

— Ці ёсць у вас «асаблівыя» ролі?

— Вядома! Эсмеральда — мая любімая. У ёй спалучаецца запал, драма і тэхнічная складанасць. Але бываюць партыі, да якіх даводзіцца «падбіраць ключы». Тут мяне ратуюць кнігі: спачатку вывучаю першакрыніцу, шукаю кропкі судакранання з гераіняй. Без гэтага персанаж не ажыве. 

— Як ставіцеся да эксперыментаў з класікай?

— Калі харэограф пераасэнсоўвае спектакль таленавіта — чаму не? Так, гледачы часта абураюцца: «Дзе пачкі? Дзе традыцыі?» Але мастацтва павінна развівацца. Галоўнае — не страчваць душу твора. Сучасныя пастаноўкі — як новая музыка: камусьці яна падабаецца, камусьці — не, але гэта дыялог з эпохай.

— Хваляванне перад сцэнай яшчэ засталося?

— Усё залежыць ад партыі. Калі даўно не танцавала, то сэрца калоціцца. Але з вопытам прыходзіць і ўменне кіраваць эмоцыямі. Памятаю, у першыя гады трэслася за кулісамі, а варта было выйсці да гледача — і страх адразу знікаў. Сцэна адначасова дае адрэналін і свабоду. 

Дачка — мая батарэйка

— Як захоўвалі форму падчас цяжарнасці?

— Танцавала да трох месяцаў, пазней хадзіла на класіку, але без рэзкіх рухаў. У зале была да восьмага месяца. І дачка нарадзілася актыўнай, мабыць, натанцавалася са мной. Пасля родаў баялася, што цела не адновіцца: спіна і так не гнуткая. Аднак трэніроўкі дазволілі вярнуць форму. Я даказала сабе: няма нічога немагчымага. 

— Аддасце дачку ў балет?

— Толькі калі яна сама гэтага захоча. Балет патрабуе прыроджанага таленту і фанатызму. Быць у задніх радах — бессэнсоўна. Трэба рвацца ў першыя! Але пакуль дачка актыўна праяўляе сябе ў іншых сферах. Упэўнена, яна даб’ецца многага, а дзе — час пакажа.

— Як знаходзіце баланс паміж працай і сям’ёй?

— Цяжка. Часам суткамі прападаю ў тэатры, а дома чакаюць блізкія. Але я вучуся не вінаваціць сябе за гэта. Галоўнае — якасць часу, праведзенага разам, а не колькасць. Дачка таксама атрымала мой тэмперамент: дома ўвесь час у руху. Можа, гэта і да лепшага.

15_23 (1).jpg

Хачу змяніць шаблоны

— Страшна было запускаць брэнд балетнага адзення?

— Любы старт — рызыка. Але я бачыла, што рынак запоўнены аднатыпнымі рэчамі, таму вырашыла ствараць тое, чаго не хапала мне самой: яркае, зручнае, з характарам адзенне. Мая аўдыторыя — танцоры, якія цэняць індывідуальнасць. Пакуль факусіруюся на Беларусі, бо хачу, каб тут балетная мода зайграла новымі фарбамі. 

— Канкурэнцыя перашкаджае адносінам з калегамі?

— Здаровая канкурэнцыя — рухавік прагрэсу. Так, бываюць у нас спрэчкі, бо артысты — людзі эмацыянальныя. Але «крыміналу» накшталт сапсаваных касцюмаў не бачыла. У мяне ў тэатры ёсць блізкія сябры. Заўсёды падтрымліваем адно аднаго, бо без гэтага ў нашым свеце нельга. 

— Чыё меркаванне для вас важнае?

— Пасля спектакля я заўсёды чакаю каментарыяў ад харэографа. Таксама прыслухоўваюся да калег, якіх паважаю. А вось на словы ад выпадковых людзей мала звяртаю ўвагі, бо інакш можна проста звар’яцець. 

— Што для вас — быць вядучай балерынай?

— Гэта адказнасць. Ты не можаш дазволіць сабе станцаваць горш, чым учора. Так, памылкі бываюць, але планку нельга апускаць. І важна, каб глядач, які не ведае сюжэта, прачытаў гісторыю ў тваіх рухах. Балет — гэта мова цела, а мы — перакладчыкі.

— Што скажаце тым, хто паступае ў каледж?

— Спытайце сябе: ці гатовы аддаць гэтаму ўсяго сябе? Калі ідзяце «на заробак», то не вытрымаеце. Балет патрабуе ахвяр: фізічных, эмацыянальных, асабістых. Аднак, калі гэта ваша — вы здабудзеце не прафесію, а прызначэнне. І памятайце, што нават у свеце тэатра ёсць месца радасці. Танцуйце так, быццам заўтра сцэна знікне. Тады ўсё атрымаецца. 

Анастасія БАРЫСЁНАК

Фота з асабістага архіва Надзеі Філіпавай

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю