Top.Mail.Ru

На тэрыторыі колеру

Аўтар: Яўгенія Шыцька
05.12.2024 | 14:57

«Метамарфозы колеру і вобразаў» — так называецца выстаўка Леаніда Мядзведскага, што адкрылася нядаўна ў Мінску (Нацыянальны мастацкі музей, галоўны корпус). Экспазіцыя члена Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў знаёміць з работамі з калекцыі аўтара, створанымі ў 2000-я гады. Усяго — больш за 40 гуашавых партрэтаў, пейзажаў і нацюрмортаў.


Леанід Мядзведскі нарадзіўся 27 кастрычніка 1956 года ў Віцебску. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1983). З 1983-га да 2017-га — выкладчык дзіцячай мастацкай школы № 1 Віцебска. Удзельнік мастацкіх выставак з 1982 года. У Беларускі саюз мастакоў уступіў у 1997-м. 

Мастак актыўна ўдзельнічаў у пленэрах і творчых сімпозіумах у Беларусі, Германіі, Ізраілі, Латвіі, Літве, Польшчы, Фінляндыі. Леанід Мядзведскі — уладальнік дыплома І ступені IV Біенале графічнага мастацтва ў Санкт-Пецярбургу (Расія, 2008 год), дыплома Міжнароднай біенале акварэлі (Шэньчжэнь, Кітай, 2015 год). Творы аўтара знаходзяцца ў зборах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Музея Марка Шагала ў Віцебску, Мастацкай галерэі (г. Полацк), Музея г. Нінбурга (Германія), Музея «Даўгаўпілскі арт-цэнтр імя Марка Ротка» (Латвія), Цэнтра сучаснага мастацтва «Марс» (Масква, Расія) і іншых. У прыватных калекцыях Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Ізраіля таксама можна знайсці работы сучаснага віцебскага мастака. 

З якім бы з выбраных жанраў Леанід Мядзведскі ні працаваў, у выніку арганізоўваецца непаўторная прастора, дзе звыклыя форма і змест губляюць свае вызначальныя пазіцыі. Мастак імкнецца адысці ад дакладнасці рэчаіснасці, ад выразнасці розных з’яў і падзей, абстрагуецца ад пазнавальнасці прадметнага свету, прапаноўваючы гледачу ўласнае бачанне натуры. Прытым натуры ў розных паняццях: і як самой прыроды, і як характару чалавека. Ключавую ролю ў творах аўтара іграе колер: менавіта з яго дапамогай утвараюцца нетыповыя кампазіцыі, якраз ён дазваляе мастаку па-свойму інтэрпрэтаваць убачанае ўвачавідкі, ды ён дыктуе сваю волю. Месцамі гэты колер уплывае на творцу такім чынам, што той ледзь не набліжае сваю работу да абстракцыі. А можа, гэта толькі здаецца, і такія гульні гледачу прапаноўвае ўласная фантазія, яго ўменне абстрагавацца... Ці, магчыма, справа менавіта ў тых метамарфозах, што адбыліся з прадметамі ці людзьмі, якія апынуліся ў цэнтры ўвагі Леаніда Мядзведскага... 

Цікава тое, на што абапіраецца аўтар пры стварэнні сваіх кампазіцый, у якіх адчуваецца свабода выяўлення мастаком эмоцый і пачуццяў, стаўленне яго да адлюстраванага. У творах, здаецца, не знайсці пэўных ідэй, не счытаць адпаведнага зместу, здольнага зацікавіць ці забавіць, — Леанід Мядзведскі не прапаноўвае тэм, вартых доўгіх ці не вельмі роздумаў, не запрашае публіку паглыбіцца ў свае думкі. Убачыць нешта нанова, ацаніць магчымыя відазмяненні ды прыслухацца да сваіх пачуццяў — вось што значыць ступіць на тэрыторыю творчасці Леаніда Мядзведскага. 

Выстаўка «Метамарфозы колеру і вобразаў» працягнецца да 14 снежня. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю