Top.Mail.Ru

На радзіме Куляшова, Чыгрынава, Пісьмянкова

Аўтар: Яўгенія Шыцька
03.09.2026 | 17:36
На радзіме Куляшова, Чыгрынава, Пісьмянкова

На працягу некалькіх нумараў запар «ЛіМ» расказвае пра падрыхтоўку да святкавання Дня беларускага пісьменства, Касцюковіцкі край і яго літаратурныя таленты. Так адкрываюцца ці ўспамінаюцца цікавыя старонкі гісторыі беларускай літаратуры, а галоўнае, што мы чытаем і перачытваем творы аўтараў мінулага і сучаснасці — ураджэнцаў розных паселішчаў асобнага раёна. Перад намі паўстае літаратурны партрэт Касцюкоўшчыны.

Галоўным выданнем, падрыхтаваным да Дня беларускага пісьменства, бачыцца «Беларусь літаратурная. Тут, дзе Бесядзь цячэ...». Выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» сабрала прозу і паэзію знаных аўтараў і пачаткоўцаў, якія жылі і стваралі ў XX стагоддзі, пачынаюць ці працягваюць пісаць у наш час. Над укладаннем літаратурна-мастацкага выдання працаваў Віктар Шніп. Рэдактарам і стылістычным рэдактарам выступіла Наталля Кучмель. Мастацкі рэдактар — Міхаіл Дайлідаў. 

Пачаць знаёмства з кнігай можна з ілюстрацый (паведамляецца, што выкарыстаны фотаздымкі «Рэдакцыі Касцюковіцкай раённай газеты „Голас Касцюкоўшчыны“» і Касцюковіцкага райвыканкама). Гаворка не толькі пра фатаграфіі, якія аздабляюць выданне. Галоўнае тут — паказ літаратурнага і наогул творчага жыцця ў Касцюковіцкім раёне. Асабліва цікавыя архіўныя здымкі. З такіх найперш выклікае ўвагу фота, зробленае ў рэдакцыі часопіса «Полымя» ў 1962 годзе: на ім мы бачым Івана Пташнікава, Міхася Стральцова, Віктара Каваленку, Івана Чыгрынава, Анатоля Вярцінскага, Вячаслава Адамчыка, Барыса Сачанку. 

Так — зборнік «Тут, дзе Бесядзь цячэ...» пачынаецца з твораў класікаў: у першым раздзеле кнігі змешчаны ўзоры творчасці знакамітых у Беларусі пісьменнікаў. Аркадзь Куляшоў, Алесь Пісьмянкоў, згаданы ўжо Іван Чыгрынаў — дададзены тыя іх вершы і проза, што найбольш адпавядаюць канцэпту выдання: дэманструецца талент майстроў слова, паказана іх любоў да роднага краю, змешчаны як праграмныя творы, так і менш вядомыя. 

Плыла, цалавалася хмара 

з зямлёй,

Аж жнеі сярпы пакідалі,

Бо ўгледзелі ўжо, 

як збягаюць па ёй

Маланкі

На жытнія далі.

(з верша Аркадзя Куляшова)

Гэтыя старонкі, безумоўна, адкрываюць для вялікай колькасці чытачоў такія імёны, як Васіль Хомчанка, Аляксандр Панцялееў,

Сямён Пацёмкін, Іван Ісачанка (уключана ў зборнік яго п’еса «Купалінка»), Тамара Ляліхава, Любоў Лягчылава... Звяртае на сябе ўвагу і творчая спадчына паэта Аляксея Русецкага, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя 

А. Куляшова (1981) за кнігу «Крокі сэрца», заслужанага работніка культуры БССР (1983). Аляксей Сцяпанавіч Русецкі (сапр. прозвішча Бурдзялёў) быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені. Для кнігі «Тут, дзе Бесядзь цячэ...» адабрана даволі аб’ёмная падборка яго вершаў, у тым ліку прысвечаная тэме Вялікай Айчыннай вайны, а завяршаецца яна творам «Жыві, Беларусь, — жыві!»:

З пiсьмёнаў, паданняў сiвых

не выкраслiць праўды нiкому...

Жывi, Беларусь,— жывi

насуперак лёсу лiхому!

Тапталi тваё iмя,

глушылi песнi й словы,

i раны дагэтуль шчымяць

з чужацкае ласкi свiнцовай.

У другім раздзеле друкуюцца паэты і празаікі, якія сёння жывуць і працуюць на сваёй малой радзіме: Мікіта Азаранка, Людміла Бардоўская, Леў Белянінаў, Раман Валодчанка, Віктар Галайда, Ганна Глінясцікава, Таццяна Грышчанка, Святлана Даськова, Наталля Дробышава, Ніна Жураўлёва і многія іншыя. Яны пішуць не толькі па-беларуску: шэраг твораў у кнізе на рускай мове. Многае з напісанага носіць пакуль аматарскі характар, аўтары яшчэ толькі спрабуюць сілы, пратоптваючы свае сцежкі да майстэрства. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю