Top.Mail.Ru

На круглым стале ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі абмеркавалі сучаснасць і будучыню кінематографа Беларусі і Расіі

Аўтар: Яна Валасач
07.11.2025 | 17:08
Кансалідацыя прафесійнай супольнасці дзвюх краін

Развіццё кінематографа і ўмацаванне культурных сувязей паміж Беларуссю і Расіяй стала цэнтральнай тэмай круглага стала «Дыялог пакаленняў: прафесійны погляд на развіццё кінаіндустрыі», які прайшоў у рамках XXXI Міжнароднага мінскага кінафестывалю «Лістапад» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Акцёры, рэжысёры, кіраўнікі кінастудый прааналізавалі трансфармацыю галіны за апошнія дзесяцігоддзі.

Асаблівая ўвага была ўдзелена механізмам настаўніцтва і стварэння творчага асяроддзя, у якім вопыт прызнаных майстроў паслужыць падмуркам для смелых эксперыментаў маладых кінематаграфістаў.

Удзельнікам і арганізатарам форуму даслаў прывітальны адрас Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў: «Кінафестываль „Лістапад“ займае асаблівае месца ў культурным жыцці Беларусі і Расіі, аб’ядноўваючы майстроў і гледачоў, умацоўваючы духоўныя і творчыя сувязі паміж нашымі народамі», — адзначыў ён. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы таксама падкрэсліў асаблівую значнасць тэмы «Дыялог пакаленняў» у сучасным свеце, дзе кінамастацтва імкліва змяняецца пад уплывам новых тэхналогій. Паводле яго слоў, важна захаваць жывую пераемнасць паміж пакаленнямі, злучыць вопыт дасведчаных майстроў з энергіяй і наватарствам маладых аўтараў.

Сяргей Глазьеў выказаў упэўненасць, што адкрытая размова прафесіяналаў розных пакаленняў дапаможа вызначыць новыя напрамкі развіцця нацыянальнай кінаіндустрыі і зробіць уклад ва ўмацаванне гуманітарнага супрацоўніцтва Саюзнай дзяржавы, а таксама ў стварэнне адзінай культурнай прасторы.

Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Анатоль Маркевіч выказаў меркаванне, што беларусы і расіяне павінны здымаць сумесныя фільмы, якія будуць выклікаць у людзей пачуцці і ў той жа час напаўняць падрастаючае пакаленне важнымі духоўнымі сэнсамі. «Існуюць яркія прыклады: „Брэсцкая крэпасць“, „У жніўні 44-га“ і іншыя фільмы, якія сталі класікай кінамастацтва. Але, на мой погляд, алгарытмы, што сёння існуюць, трэба ўдасканальваць, бо асобныя рэчы выпускаюцца, хоць мы ідзём паступальна. Мы павінны здымаць больш сумесных праектаў. Вельмі важна знайсці гэтыя агульныя падыходы», — заўважыў Анатоль Маркевіч. Такім фільмам у будучыні можа стаць кінастужка «Бацька Мінай. Партызанская легенда» — сумесны праект кінастудый «Беларусьфільм» і «Ваенфільм». У гэтым творы востра ставіцца пытанне выбару чалавека. Як правільна паступіць: здрадзіць і пайсці на здзелку з сумленнем або, ахвяруючы самым дарагім, выратаваць сотні тысяч чалавечых жыццяў? 

Падчас мерапрыемства таксама абмяркоўвалі месца штучнага інтэлекту ў фільмавытворчасці. Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы адзначыў, што ШІ сапраўды эканоміць час здымачнага працэсу і, адпаведна, бюджэтныя сродкі, а таксама выклікае вялікую цікавасць у маладога гледача, але ўсё ж не можа замяніць эмоцыі чалавека. «Галоўнае ў гэтым пытанні — вытрымаць баланс разумнасці», — сказаў Анатоль Маркевіч.

Народная артыстка Расіі Марыя Шукшына адзначыла, што пунктам судакранання беларускага і расійскага кінематографа павінна стаць нацыянальная самабытнасць. «Гэта вельмі важна, таму што мы ўсе капіруем Захад бясконца, усё стараемся пераймаць і шмат губляем. Я ведаю, што ў Беларусі народ абараняе сваю нацыянальнасць, ідэнтычнасць, самабытнасць», — дадала яна.

Важнай часткай круглага стала стаў дыялог студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў са спікерамі мерапрыемства. Народная артыстка Расіі Валянціна Цялічкіна параіла творчаму маладому пакаленню не здавацца. На яе думку, таленавітыя людзі часта не ўмеюць прасіць і пераконваць у поспеху сваіх праектаў, але ёсць надзея, што Беларусь і Расія змогуць матэрыяльна падтрымліваць добрае кіно. «Галоўнае, каб самі маладыя кінематаграфісты былі разумнымі, граматнымі і выхаванымі. Тады яны змогуць заручыцца падтрымкай больш вопытных калег», — сказала народная артыстка Расіі.

Падчас круглага стала ўдзельнікі адзначылі, што кінематограф Беларусі і Расіі сёння — індустрыя, якая дынамічна развіваецца і знаходзіцца на скрыжаванні з аднаго боку — вялікіх магчымасцей, з другога — сур’ёзных выклікаў. Лічбавая трансфармацыя, змена глядацкіх звычак і неабходнасцьстварэння запатрабаванага нацыянальнага кантэнту робяць неабходнымі выпрацоўку новых падыходаў і кансалідацыю прафесійнай супольнасці дзвюх краін.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю