Top.Mail.Ru

На факультэце журналістыкі БДУ ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «БрамаМар»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
16.05.2025 | 07:00

На факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «БрамаМар». Сёлета ў ім узяла ўдзел рэкордная колькасць работ (больш за 300!), дасланых юнымі пісьменнікамі з усіх рэгіёнаў краіны.


Конкурс праводзіцца кафедрай літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ ўжо на працягу 15 гадоў. Спачатку ён быў разлічаны толькі на студэнтаў, але пазней да літаратурнага спаборніцтва далучыліся і школьнікі («БрамаМар-юні»). Галоўнай мэтай конкурсу з’яўляецца падтрымка маладых талентаў у іх першых кроках да вялікага пісьменства. 

11_18_Б.jpg

Цырымонія ўручэння дыпломаў

У 2025 годзе конкурс «БрамаМар» прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У намінацыі «Проза» з’явілася спецыяльная паднамінацыя для твораў ваеннай тэматыкі. Аксана Бязлепкіна-Чарнякевіч, кандыдат філалагічных навук, член журы конкурсу, адзначыла: «Звычайна моладзі цяжка пісаць на гістарычныя тэмы так, каб пазбегнуць банальнасці. Але сёлета раптам нам даслалі незвычайныя творы пра вайну, дзе ёсць дынамічны сюжэт, філасофія і валоданне гістарычнымі дэталямі нават на ўзроўні ўзнаўлення дыялектнай гаворкі герояў».

Сёлета, акрамя традыцыйных намінацый «Проза», «Паэзія», «Крытыка», юныя творцы змаглі паўдзельнічаць у новых — «Буктрэйлер па творы беларускай літаратуры» (буктрэйлер —кароткі відэаролік у адвольнай мастацкай форме пра якую-небудзь кнігу. — Заўв. аўт.) і «Эсэ пра настаўніка» імя У. А. Капцава. Незвычайныя літаратурныя катэгорыі выклікалі такі ажыятаж сярод удзельнікаў, што члены журы прызнаюцца: выбраць пераможцаў было вельмі складана.

Пераможцамі конкурсу сталі прадстаўнікі ўсіх шасці абласцей краіны і горада Мінска. Лідары па колькасці работ — сталіца Беларусі, а таксама Мінская і Гродзенская вобласці.

Самай папулярнай намінацыяй сярод школьнікаў стала «Проза» — 64 работы. Дыпломамі пераможцаў у гэтай катэгорыі былі ўзнагароджаны Марыя Ананьева, Максім Святоха, Любоў Смолер (усе — Мінск). Другое месца па папулярнасці займае «душа» літаратуры — намінацыя «Паэзія». Тут сярод школьнікаў адзначыліся Надзея Поклад (Мінск), Любоў Бобка (Мінск), Наталля Голубева (Гомель). Намінацыя імя У. А. Капцава «Эсэ пра настаўніка» налічвае 50 работ, што з’яўляецца добрым «дэбютным» паказчыкам. Дыпломамі і падарункамі ў гэтай намінацыі адзначаны Віялета Міцкевіч (Брэсцкая вобл., Столінскі р-н, в. Вялікія Арлы), Валерыя Гілеўская (Мінск), Кацярына Будзько (Жодзіна). У паднамінацыі, прысвечанай 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прызавое месца занялі Сямён Сцяпанаў (Мінск), Аляксей Лянкевіч (Мінск), Паліна Грэбнева (Бабруйск).

У топ-5 вучэбных устаноў, студэнты якіх узялі ўдзел у конкурсе, увайшлі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Ліцэй БДУ. Сярод студэнтаў папулярнасцю таксама карыстаецца намінацыя «Проза». Пераможцамі ў ёй сталі Андрэй Балдоўскі (БДУКМ), Паліна Корнева (БДМУ), Эмілія Рачыцкая (БДУ). У намінацыі «Паэзія» дыпломамі адзначаны Паліна Корнева, Паліна Цімашэнка (БДУ), Кацярына Арцюхоўская (БДУ). Студэнты факультэта журналістыкі вылучыліся ў намінацыі «Крытыка» — Дзмітрый Паддубіцкі, Анастасія Сыракваш, Іван Валуеў. 

11_18_A.jpg

Людміла Саянкова і Дзмітрый Паддубіцкі

Упершыню ў гісторыі конкурсу ўдзел у літаратурным спаборніцтве (намінацыя «Крытыка») узялі студэнты з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Дыпломамі «БрамаМар» узнагароджаны Ван Сімэн, Сюй Мэнмэн, Чжан Баюй.

Творы пераможцаў конкурса друкуюцца ў часопісе «Маладосць». Буктрэйлеры можна паглядзець у тэлеграм-канале «Конкурс БрамаМар».

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота Дзмітрыя КАТРЭНКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю