Top.Mail.Ru

На чарзе — Усходні корпус

Аўтар: Святлана Яскевiч
25.04.2025 | 07:00

Ружанскі палац — велічны помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя ў стылі позняга класіцызму. Нездарма яго часта называюць беларускім Версалем. Рэзідэнцыя князёў Сапегаў наўмысна будавалася падобнай на сусветна знакаміты палац. Разбураны ружанскі комплекс быў падчас Другой сусветнай вайны. 


Рэстаўрацыя пачалася летам 2008 года. У 2011 годзе быў адкрыты музей. Дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» Алена Кубарка расказала, што вонкавыя рэстаўрацыйныя работы Усходняга корпуса палаца цалкам завершаны. «За 17 гадоў ад пачатку рэстаўрацыі гісторыка-культурны помнік змяніўся да непазнавальнасці, — нагадала Алена Аляксандраўна. — Абноўлены цэнтральныя ўязныя вароты, адрэстаўрыраваны бакавыя флігелі, праведзена рэстаўрацыя паўночна-ўсходняй аркады».

Усходні корпус, яго яшчэ называюць тэатральным, бо там размяшчаўся каралеўскі тэатр, мае два паверхі. Яго фасад пафарбавалі ў зялёны колер. Дах упрыгожвае скульптура старажытнарымскай багіні Мінервы. Апошняя лічыцца заступніцай рамеснікаў, пісьменнікаў, паэтаў, акцёраў, мастакоў, а таксама настаўнікаў і вучняў, дактароў. Цяпер вядзецца распрацоўка праектнай дакументацыі на ўнутраныя работы па аднаўленні корпуса. Тут плануецца размясціць музейнае памяшканне, фондасховішча, канферэнц-залу, гасцініцу і кафэ.

Не так даўно Ружанскі палац наведваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Ён паставіў задачу ўсім зацікаўленым кіраўнікам актывізавацца ў справе прадаўжэння рэстаўрацыі, у тым ліку прыцягнуць больш крыніц фінансавання. 

— З надыходам вясны пачаліся работы па кансервацыі галоўнага корпуса палаца. І гэта асноўная справа на бягучы год. Раней спецыялісты даследавалі руіны і аркады, цяпер узяліся за работу. Важна закансерваваць тое, што засталося ад корпуса, каб не разбуралася далей, — заўважыла Алена Кубарка.

Яшчэ дырэктар Ружанскага палаца расказала карэспандэнту газеты, што калектыў установы ў Год добраўпарадкавання праводзіць вялікую работу па навядзенні і падтрыманні парадку сваімі сіламі: «Пры кожным зручным выпадку мы расчышчаем тэрыторыю ў паўночна-заходняй частцы. Прыбіраем хмызняк, леташнюю сухую расліннасць, смецце. Вось і на нядаўнім рэспубліканскім суботніку працавалі на карысць і хараство нашага палаца. А яшчэ мы даглядалі невялічкі мала каму вядомы помнік — мемарыяльную пліту ў вёсцы Канстанцінава. Гэтая вёска знаходзіцца на былых землях Сапегаў. Да вайны ў Канстанцінаве жыло шмат яўрэяў. Іх знішчылі акупанты. На тэрыторыі былых могілак засталася пліта. Сваім маральным абавязкам лічым не забываць гэтае месца, захоўваць памяць пры тыя жудасныя падзеі, пра людзей, якія тут жылі». 

Алена Кубарка паведаміла, што паток турыстаў у Ружанскі палацавы комплекс год ад году расце. Летась тут пабывала 42,6 тысячы чалавек. Колькасць турыстаў у параўнанні з папярэднім годам вырасла. У дні школьных канікул тут бывае многа дзяцей. Педагогі прывозяць вучняў, каб паказаць славутасці нашай краіны. Летам людзі едуць сем’ямі, у складзе арганізаваных груп. Акрамя беларусаў палац наведваюць госці з-за мяжы, часцей за ўсё — з Расіі. Цяпер усё больш турыстаў, якія прыязджаюць у краіну па бязвізе. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю