Top.Mail.Ru

Мудрасць паэта — талент планеты

29.08.2025 | 07:00

Журналіст, грамадска-палітычны дзеяч, дыпламат, таленавіты паэт Генадзь Мікалаевіч Бураўкін у канцы 1960-х гадоў працаваў намеснікам рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва».



Росквіт лірычнай вясны

Паэт Бураўкін з таго пакалення, якое вырвалася жывым, дзякуй Богу, з крывавых лап вайны. У віхуры нацыянальнай трагедыі таленавітая моладзь загартавалася і здзівіла свет стварэннем шчаслівай рэальнасці, выхадам за зямное прыцяжэнне і асваеннем касмічнай прасторы. Таму з’яўленне ў беларускай інтэлектуальнай прасторы выдатнага паэта не загадка і не выпадковасць, а шчаслівая данасць пасляваеннага часу. У яго біяграфіі праявілася трайное прысвячэнне грамадскай дзейнасці. Лёс падарыў Беларусі таленавітага паэта, дзяржаўнага дзеяча і дыпламата. Бураўкін быў вылучаны Богам адным з таленавітых стваральнікаў беларускай нацыянальнай культуры. Будучы паэт ашчаслівіў сям’ю цудоўных беларусаў Хвядоссі Ягораўны і Мікалая Сцяпанавіча ў вёсцы Шуляціна ў маляўнічым месцы на азёрна-квяцістай Расоншчыне, дзе юнак асвойваў складанае вясковае жыццё і з натхненнем вучыўся ў школе. 

Мары і летуценні аб будучым шчаслівым жыцці паступова складваліся ў рыфмы. Экспертызу сваіх пачатковых твораў Бураўкін атрымаў на старонках полацкай газеты «Сцяг камунізму». Там, на Полаччыне, узляцела яго лірычная птушка, і паэт усё жыццё будзе «цяплець душой у думках аб сваім райскім краі». У 1955 г. ён паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ. Універсітэт захапіў студэнта інтэлектуальнай віхурай, што вастрыла яго талент. Бураўкін «штатна» піша і друкуе вершы ў рэспубліканскай перыёдыцы і ў час вучобы вылучаецца як адораны журналіст і паэт. У БДУ Бураўкін атрымаў таксама моцную грамадзянскую загартоўку. Ідэалам яго стала творчае асэнсаванне жыцця і зацікаўленая грамадская дзейнасць.

Паэтычная прастора Бураўкіна

З універсітэцкай аўдыторыі малады журналіст быў накіраваны на працу ў часопіс «Коммунист Беларуси». Бураўкін выходзіў на самастойны шлях. Вопыты творчага жыцця прынеслі чаканы плён і душэўную ўзнагароду. У 1960 годзе была надрукавана першая кніга Бураўкіна «Майская просінь». 

11_31 b.jpg

Генадзь Бураўкін сярод дэлегатаў XXXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Нью-Ёрк, 1976 г.

У лірычную беларускую паэзію прыйшла прыгожая вясна. Расквітнела каханнем, адарыла яркім суквеццем, аздобіла пяшчотай адносіны людзей. 

«Я хачу прайсці па зямлі, — пісаў паэт, — Каб мне людзі сэрцы адкрылі — // Слёзы шчасця і мазалі // Па-братэрску са мной падзялілі». Кніга вершаў была ўдачай, падарункам лёсу для маладога паэта і адкрыццём для чытачоў. Творчы набытак прыносіў вядомасць маладому журналісту і паэту. Ён запатрабваны ў рэдакцыях сродкаў інфармацыі. Кароткі час працуе рэдактарам на беларускім радыё, а затым, у 1966 годзе, становіцца намеснікам рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». Праца ў літаратурнай газеце прынесла паэту задавальненне. Пазней успамінаў: «Я ўтапіўся ў моры мастацтва». Паэт яшчэ больш зблізіўся з аўтарытэтнымі пісьменнікамі Беларусі В. Быкавым, Я. Брылём, М. Матукоўскім, І. Чыгрынавым, А. Макаёнкам. У гэты час выходзяць новыя кнігі Бураўкіна «Дыханне», «Выбраныя вершы», «Жніво». Шырыцца яго паэтычная планета. У рэдакцыі газеты паэт шчыруе ў сутворчасці са сваімі маладымі калегамі, імкнецца заўважыць тых, у каго выспеў вобраз і нарадзілася прывабная і арыгінальная рыфма. Гэта тады Бураўкін адправіў у паэтычнае падарожжа «палескую ластаўку» Яўгенію Янішчыц, адрэдагаваўшы яе першую кнігу вершаў «Снежныя грамніцы». Праца ў рэдакцыі газеты была ўзыходжаннем паэта да вяршынь беларускай літаратуры і мастацтва. 

Аўтарытэт Бураўкіна публіцыста і паэта рос на яго арыгінальных творах. З 1968 года працуе карэспандэнтам газеты «Правда» ў Беларусі. Бураўкін становіцца творчай асобай саюзнага маштаба. Публіцыстыка трымала паэта на вастрыні грамадскіх падзей, якія ён пераплаўляў у лірычныя вобразы ў сваіх вершах. У 1972 годзе Бураўкін прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». Як рэдактар супрацоўнічае з мэтрамі беларускай літаратуры. 

У таленавітым супольстве прастора літаратурнай творчасці Бураўкіна яшчэ больш пашырылася. Выходзяць зборнікі «Вытокі», «Вершы пяці кніг», «Варта вернасці». Часопіс «Маладосць» становіцца цікавым і змястоўным выданнем, а рэдактар Бураўкін — паэтам першай велічыні ў Беларусі. 

Мастак у тэлемастацтве

У 1978 годзе П. М. Машэраў, які ведаў Бураўкіна як выдатнага журналіста і паэта, рэкамендаваў яго на пасаду старшыні Белтэлерадыё. Гэтая падзея як двайная ўдача: для тэлебачання і для Бураўкіна. На пасаду кіраўніка тэлерадыё прыйшоў журналіст з высокім разуменнем палітычнай і культурнай каштоўнасці сродкаў інфармацыі ў сучасным грамадстве. 

Разам з гэтым у публіцыста і паэта Бураўкіна было тонкае адчуванне літаратурнага майстэрства і здольнасць мастацкага афармлення публічных матэрыялаў. «Старшыня тэлебачання», як яго называлі журналісты, сфармуляваў і ўвёў у практыку дзеяння тэлекампаніі тры класічныя ідэі паспяховага тэлебачання: беларускі змест, інтэлектуальнаць дыялогу з аўдыторыяй, высокі прафесіяналізм тэлежурналістаў. Пры Бураўкіне беларускае тэлебачанне стала асяродкам высокамастацкай нацыянальнай культуры.

11_31_а.jpg

Кампазітар Валерый Іваноў, паэты Генадзь Бураўкін і Максім Танк, 1979 г.

У час працы на БТ Бураўкін напісаў і выдаў некалькі кніг выдатных вершаў. У сваёй паэтычнай аповесці ён выступае як лірычны летапісец Беларусі. Яго незвычайная лірыка клалася на музыку і ў спеўную прастору. У рэпертуар вядомых беларускіх кампазітараў «пайшлі песні Бураўкіна»: «Зачараваная мая», «Завіруха», «Калыханка», гімн Полацкага ўніверсітэта.

Грамадская вышыня

Інтэлектуал, мудры тварэц узнёслага паэтычнага мастацтва, палітык з празорлівым усведамленнем заканамернасцей сацыяльна-экнамічнага развіцця рэспублікі, Бураўкін у 1980 годзе быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. 

У Беларусі Бураўкін стаў аўтарытэтным дзяржаўным дзеячам, вядомым паэтам і паважаным грамадзянінам. У 1990 годзе ўрад рэспублікі накіраваў яго на дыпламатычную работу пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН. Місія Бураўкіна ў міжнароднай арганізацыі была адказнай і пачэснай. Праз паўнамоцных прадстаўнікоў усіх краін свету ў ААН ён інфармаваў міжнародную супольнасць аб палітычных зменах, якія адбываліся ў гэты час на тэрыторыі Савецкага Саюза і ў Беларусі. Творчасць і грамадская дзейнасць паэта з павагай прызнана і адзначана. Бураўкін — лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, ушанаваны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Дружбы народаў. Самай высокай яго ўзнагародай з’яўляецца ўсенароднае прыняцце ў спадчыну яго цудоўнай паэзіі. Паэт спяваў для нашай Радзімы: «І хай з тысяч рэк нап’юся — // Толькі для апошняга глытка // Я прыйду сюды, // Да Беларусі, // Да свайго азёрнага кутка». 

Пайшоў з жыцця 13 мая 2014 года. Песню сваю ён дапеў. Планета яго паэзіі неабсяжная, мудрая, чароўная і, дай Бог, вечная... 

Алег СЛУКА, доктар гістарычных навук, прафесар

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю