З прывітальным словам выступіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк:
− Экалагічны турызм становіцца ўсё больш папулярным і актуальным. Гэта не дзіўна, бо людзям хочацца ўцячы ад шуму і мітусні горада. Наша краіна валодае ўнікальнымі прыроднымі рэсурсамі і багатай біяразнастайнасцю, што робіць яе ідэальным месцам для адпачынку. Беларусь славіцца сваімі маляўнічымі лясамі, чыстымі рэкамі і азёрамі, вялікай колькасцю заказнікаў. На 1 студзеня 2025 года сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) уключае каля 1355 аб’ектаў, а іх агульная плошча складае больш за 1,9 млн га.
Паводле слоў кіраўніка прыродаахоўнага ведамства, экатурызм з’яўляецца мастом паміж прыродай і грамадствам, які спрыяе ўстойліваму развіццю.
− Сёння вельмі ўзрос экспарт турыстычных паслуг. Па статыстычных дадзеных, большая частка замежных грамадзян прыехала да нас з Расіі, Турцыі, Кітая, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Госці заўсёды адзначаюць, што іх вельмі прыцягвае наша прырода. У мінулым годзе за 11 месяцаў Беларусь наведалі з турыстычнымі мэтамі прадстаўнікі 190 дзяржаў свету. Гэта яшчэ раз даказвае тое, што наша краіна прадстаўляе вялікі інтарэс для замежнікаў, а таксама тое, што нам неабходна і далей развіваць розныя сферы турызму, у тым ліку экалагічны, — звярнуўся да прысутных намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык.
Падчас круглага стала абмяркоўваліся такія тэмы, як турыстычны патэнцыял розных абласцей нашай краіны, віды турызму, якія зараз актыўна распрацоўваюцца. Былі прадэманстравана відэа аб прыродных і культурна-гістарычных здабытках рэгіёнаў.
— У Брэсцкай вобласці развіты ўсе віды турызму. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца патрыятычны, гістарычна-культурны, экалагічны напрамкі. Павышэнне якасці турыстычнай інфраструктуры дазваляе прымаць усё больш наведвальнікаў, ствараючы камфортныя ўмовы для адпачынку. Кожны год мы робім каляндар турыстычных мерапрыемстваў на каля 80 праектаў. Прыблізна чвэрць з іх рэалізуецца ў нацыянальным парку «Белавежская пушча», − паведаміла галоўны спецыяліст аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Елена Космач.
«Музей прыроды», «Музей народнага быту і старадаўніх тэхналогій», «Археалагічны музей пад адкрытым небам», «Рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза», экатур «Свет дзікай прыроды», прагулкі па лесе — спектр адпачынку ў нацыянальным парку Белавежская пушча«. Абсталяваны там і 30 экатроп і маршрутаў агульнай працягласцю 430 км.
Шмат прыродных рызынак і ў іншых рэгіёнах Беларусі. На Гомельшчыне, напрыклад, турыстам трэба наведаць нацыянальны парк «Прыпяцкі», рэспубліканскі заказнік «Выдрыца», рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Смычок». Развіты і іншыя віды турызму, напрыклад, гістарычна-культурны, медыцынска-аздараўленчы, паляўнічы, рэлігійны, падзеевы, гастранамічны, прамысловы, адукацыйны.
Удзельнікі круглага стала не толькі расказалі аб турыстычным патэнцыяле сваіх рэгіёнаў, але і запрасілі наведвальнікаў выстаўкі «Мая Беларусь» на экскурсію па прыродных і культурна-гістарычных здабытках той ці іншай вобласці.
Марыя САМАЛЬ
Фота аўтара