Top.Mail.Ru

Млын навін ад «ЛіМа»

31.10.2025 | 14:00

Нядаўна прынята рашэнне аб узнагароджанні ўзбекскай пісьменніцы Рысалат Хайдаравай Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі

— Рысалат Хайдарава неаднойчы наведвала Беларусь, — расказвае старшыня секцыі мастацкага перакладу СПБ Рагнед Малахоўскі. — Летась яна ўдзельнічала ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час». Творы пісьменніцы друкуюцца ў беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях. І ў самім 

Узбекістане Рысалат Хайдарава шмат робіць дзеля таго, каб сучасная беларуская паэзія і проза былі вядомыя ўзбекскаму чытачу. Як вынік — публікацыі беларускіх аўтараў у часопісе «Звезда Востока», выданне асобных кніг у Ташкенце ў перакладзе на ўзбекскую мову.

Цяпер Рысалат Хайдарава працуе над падрыхтоўкай да публікацыі перакладаў прозы Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, Алеся Жука. А таксама спрыяе з’яўленню ва ўзбекскай перыёдыцы твораў дзіцячых пісьменнікаў Беларусі. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася рабочая сустрэча з вядомым грамадскім і палітычным дзеячам, прафесарам, доктарам педагагічных навук, заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Радзьковым.

Размова з кіраўніцтвам бібліятэкі ішла пра зацікаўленасць чытача беларускай кнігай, пра месца публіцыстычнай, асветніцкай літаратуры ў выхаванні грамадства. Дырэктар бібліятэкі Алена Стрыжэвіч звярнула ўвагу на тое, што ў брэсцкай кніжніцы праводзіцца велізарная праца па асэнсаванні месца і ролі кнігі ў агульным культурным, гуманітарным працэсе.

Удзел у размове прынялі начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. Падчас сустрэчы дасягнута дамоўленасць пра прэзентацыю кніг Аляксандра Радзькова, якія пабачылі свет у розных выдавецтвах, а таксама выдання «Города. Личные впечатления», што ў хуткім часе прыйдзе да чытача. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Мінскі гарадскі тэатр паэзіі, які працуе пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы, правёў прэзентацыю зборніка «Я сердцем никогда не лгу». Кнігу склалі творы і пераклады 22 аўтараў з Беларусі і 24 аўтараў з Расіі. 

На мерапрыемства завіталі многія аўтары выдання: Наталля Саветная, Валянціна Паліканіна, Наталля Ніжнік, Клаўдзія Абрамовіч... З перакладамі вершаў 

Сяргея Ясеніна выступілі Міхась Пазнякоў, Тамара Кавальчук, Надзея Момлік і магістранты філалагічнага факультэта БДУ з Кітая. Песні выканалі Марыя Савянок і Аляксандр Валодчанка.

Прэзентацыю наведалі навучэнцы шасці сярэдніх школ Мінскага раёна, пісьменнікі і прыхільнікі паэзіі С. Ясеніна. 

Тамара ВАСІЛЬЕВА 

Да Дня маці ў мінскай публічнай бібліятэцы № 7 арга-нізавалі літаратурна-музычнае мерапрыемства

Некалькі лірычных кампазіцый выканалі выхаванцы музычнай школы № 3 імя Шапэна. Паэты Зміцер Дземідовіч, Уладзімір Мазго, Андрэй Скарынкін і Іна Фралова чыталі вершы, прысвечаныя матулі і бабулі, а таксама згадвалі ўрокі дабрыні, спагады, моўнай чысціні самых блізкіх людзей. Шматлікія слухачы актыўна ўключыліся ў размову і з кранальнай цеплынёй расказвалі пра сваіх матуль. У фінале літаратурна-музычнага свята прагучала віншаванне загадчыка бібліятэкі Аксаны Шваб.

Ганна СТАРАДУБ

Творчая сустрэча са Святланай Ластачкінай (Няжданай Окрык) прайшла ў мінскай бібліятэцы № 22 у рамках літаратурнага праекта «Шчырасць»

Святлана Ластачкіна — паэтэса, навеліст, празаік, драматург, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурных конкурсаў, дацэнт факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Аўтар прадставіла чытачам бібліятэкі свой зборнік прозы «Вера создаёт реальность» (2019). Кароткія навелы, апавяданні, эсэ ў гэтай кнізе апавядаюць пра людскія лёсы. Творчы вечар Святлана Ластачкіна пабудавала ў форме монаспектакля, дзе эмацыянальна і натхнёна расказвала пра сябе, сваю творчасць, чытала вершы і апавяданні. 

Аляксандра КАРЖАНЕЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю