Top.Mail.Ru

Мінскі гарадскі тэатр паэзіі ўрачыста адкрыў дзясяты, юбілейны, сезон

06.10.2025 | 11:00
«Зноў паверылі верасню…»

Душа заўсёды прагне прыгожага, чыстага, узвышанага. Ці не гэта дае паэзія? Прыстанак, куды імкнецца дбайнае сэрца, свет, поўны праўды і справядлівасці, дзе можаш наталіцца жаданым — шчырасцю і бясконцасцю любові. Мінскі гарадскі тэатр паэзіі адкрыў свой новы, дзясяты, сезон імпрэзай «Паэзія любові, веры і надзеі» ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Мінска.

— За дзесяць гадоў артыстамі, паэтамі, кампазітарамі, бардамі, рэжысёрамі, сцэнарыстамі Тэатра паэзіі пастаўлена звыш 200 спектакляў, паэтычных імпрэз, творчых і юбілейных літаратурных вечароў, — адзначыў дырэктар Тэатра паэзіі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Міхась Пазнякоў. — 

У нашым тэатры прагучалі многія творы знакамітых паэтаў-класікаў. Нашы імпрэзы праходзілі ў розных месцах: у Доме літаратара, Доме Масквы, Доме дружбы, на святах Дня беларускага пісьменства, іншых пляцоўках, у тым ліку Расіі. Але галоўнай з’яўляецца зала Купалаўскай бібліятэкі Мінска — храма ведаў, культуры, прыгажосці і любові.

— Хутка ляціць час... Не верыцца, што прайшло дзесяць гадоў, — заўважыла дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска Алена Матвеева. — Больш за дзвесце імпрэз, новыя галасы, новыя людзі... Ужо ёсць касцяк прыхільнікаў. Я б хацела пажадаць заснавальнікам Тэатра паэзіі доўгага плённага творчага жыцця, каб у нас з’яўляліся маладыя паэты.

Згадаў сябе маладога паэт, празаік, публіцыст, тэлевядучы, заслужаны дзеяч культуры Навум Гальпяровіч:

— Ужо дзесяць гадоў у гэтай зале збіраюцца людзі, якія любяць паэтычнае слова. Паэзія, нягледзячы на складаны час, патрэбна людзям: адпачыць душою, адчуць высокі палёт думкі. 

Я прымаў удзел у першым спектаклі Тэатра паэзіі, выступаў з вершам.

Верш, які стаў песняй, — асаблівая падзея. У імпрэзах Тэатра паэзіі прымалі ўдзел і кампазітары, якіх, на жаль, ужо няма з намі, такія як Алег Елісеенкаў, Якаў Навуменка... Апошні на словы Уладзіміра Мазго напісаў жыццесцвярджальную песню «Мне ўсё верыцца», відэакліп на якую паглядзелі ў запісе 1999 года. 

Вершы, перароджаныя ў песню, здаецца, здольны даляцець у самыя далёкія куткі душы, каб разбудзіць яе, ацаліць. Песню «Сыходзіць лета, пачакай» на вершы Міхася Пазнякова выканала бард Таццяна Жылінская. Сяргей Кравец зрабіў песнямі вершы Міхася Пазнякова «Паланэз», 

«Начное купанне», а кампазіцыя пра бярозава-валошкава-рамонкавы родны край стала народнай. На вершы Навума Гальпяровіча творчы тандэм Сяргея і Іны Краўцаў прадставіў песню «Верасень», якая зачаравала залу.

Што адрознівае паэта? Узвышэнне над матэрыяльным і прага палёту. Гэта даказалі новыя члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Святлана Ластачкіна выступала надзвычай эмацыянальна, пранікнёна, як і Алена Бельская, якая пераканана: «Паэзія — гэта асаблівае адчуванне, палёт, гэта наша самае патаемнае, тое, што жыве ў душы і аднойчы выходзіць, каб падзяліцца з іншымі».

Хвалявалі сэрцы гледачоў артыстка Ганна Красоўская, рэжысёр, сцэнарыст Святлана Яфрэмава, гомельскі літаратар Дзмітрый Нілаў, паэтэса Людка Сільнова, нязменная вядучая Вольга Багушыньска, актыўны ўдзельнік усіх сезонаў тэатра Роберт Багушыньскі. Далучылася да свята і аўтар гэтых радкоў, прадставіўшы пару вершаў з дэбютнага зборніка «Праз фортку сэрца».

Самавыяўляцца творцу і бачыць цікаўныя вочы слухачоў, быць пачутым — значыць тварыць не дарма. Калі сонца выходзіць, усё жывое паварочваецца да яго, так і душы горнуцца да дабрыні, якую нясе паэзія. Думаецца, яна магла б быць зброяй, якая б спыніла канфлікты на Зямлі.

Наталля СВЯТЛОВА 

Фота даслана аўтарам


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю