Галерэя «A&V Art-gallery» запрашае на персанальную выстаўку Максіма Бародзіча «Тры дрэвы», прысвечаную тэме няўстойлівасці быцця. Дрэва ў інтэрпрэтацыі творцы становіцца сімвалам трываласці, памяці і духоўнага росту, а гратэскны стыль дапамагае паглыбіцца ў метафізічны свет майстра.
Максім Бародзіч нарадзіўся ў 1982 годзе ў горадзе Баранавічы. У 2009-м скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. З 2017-га з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Актыўна ўдзельнічае ў персанальных і калектыўных праектах, рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках у Беларусі і за мяжой.
Працуе творца ў сюррэалістычна-дэканструктыўным стылі, спалучаючы элементы партрэтнага жывапісу з філасофскім даследаваннем рэчаіснасці. Максім Бародзіч выкарыстоўвае незвычайную палітру, дзякуючы якой знаёмыя вобразы набываюць гратэскны, экспрэсіўны характар.
Выставачны праект «Тры дрэвы» адлюстроўвае аўтарскія разважанні наконт уласнага месца ў гэтым няўстойлівым свеце. У зменлівай рэчаіснасці мастак вызначае свой шлях, спрабуючы падладзіцца пад ландшафт, які пастаянна набывае новыя формы.
Тры дрэвы — гэта не пра месца, а пра стан свядомасці. Тут пераплятаюцца карані памяці, спеюць плады натхнення і блукае цень сумненняў. Гэта метафара ростані, моманту складанага жыццёвага выбару, усведамленне сваёй канечнасці і, адначасова, бясконцасці.
Змрочныя пейзажы адлюстроўваюць стан унутранагаразладу, а партрэты, якія прыцягваюць увагу пранізлівым позіркам, — сведкі напружанага пошуку адказаў на экзістэнцыяльныя пытанні. Мастак спрабуе сустрэцца са сваімі страхамі і з дапамогай іроніі іх пераадолець. Усё гэта арганічна спалучаецца з аўтарскай тэхнікай, якая вылучаецца выразнымі абагульненнямі і гратэскнымі супрацьпастаўленнямі. Творы Максіма Бародзіча выдатна скампанаваны і насычаны дэталямі. Аўтар не выкарыстоўвае выпадковыя ко-леры, палітра кожнай работы задае эмацыянальны настрой.
Таксама ў экспазіцыі можна ўбачыць аўтарскую інтэрпрэтацыю біблейскай гісторыі: мастак спрабуе даследаваць прыроду гвалту і маральнай дылемы.
Выставачны праект «Тры дрэвы» прапануе наведвальніку знайсці ў гэтай прасторы свой уласны маршрут і адказы на хвалюючыя пытанні. Тут патрэбна спыніцца, азірнуцца і, магчыма, адчуць сябе разгубленым. Бо менавіта дзякуючы гэтаму пачуццю ў такім стане хісткасці нараджаецца новае разуменне рэальнасці.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА