Top.Mail.Ru

Мелодыя як лекі

Аўтар: Лізавета Крупянькова
26.12.2024 | 10:04

З даўніх часоў музыка дапамагае чалавеку супакоіцца, знайсці ўнутраную гармонію і зняць напружанне пасля цяжкага дня. І няважна, будуць гэта творы вядомых кампазітараў ці ласкавыя і супакойлівыя гукі прыроды. Праект «Музыкатэрапія» ў Белдзяржфілармоніі садзейнічае раскрыццю здольнасцей, паляпшэнню самаадчування і добраму настрою. Праграмы праводзяць прафесійныя музыканты, салісты вядучых тэатраў і канцэртных залаў Беларусі, сертыфікаваныя гукатэрапеўты.


Медыкі і вучоныя ўжо даўно даследуюць патэнцыял класічнай музыкі ва ўмацаванні імунітэту, абароны ад вірусаў, уплыў музыкі на розныя сістэмы чалавечага арганізма. У інтэрнэт-прасторы можна знайсці музычныя падборкі для розных тыпаў дзейнасці: навучання, спорту, прыбірання, прагулак, творчасці, медытацыі. З 2019 года Цэнтр музыкатэрапіі аддае шмат увагі распрацоўцы новых методык і навукова-практычным даследаванням для пацвярджэння іх эфектыўнасці. 

Праграма «Музыкатэрапія. Макракосмас» расказвае пра бясконцасць і разнастайнасць Сусвету, веру ў сябе і свае магчымасці. Галоўныя героі канцэрта — Мікракосмас і Макракосмас — сімвалізуюць узаемадзеянне ўнутранага свету чалавека са знешнім. Лічыцца, што свет у цэлым адушаўлёны, што ён арганізаваны, як і жывая істота, а чалавек, у сваю чаргу, змяшчае ў сабе, у сваіх душы, розуме ўвесь свет, які можна спазнаць пасля таго, як спазнаеш сябе.

Філасофія макраскосму і мікракосму была вынайдзена яшчэ Піфагорам, які бачыў у космасе і целе чалавека гарманічнае адзінства. Пазней ідэя была сфармулявана Платонам і падчас Рэнесансу Леанарда да Вінчы, які адзначыў агульныя рысы паміж прыродным светам і чалавечым целам.

«Музыкатэрапія. Макракосмас» прапаноўвае даследаваць глыбіні Сусвету і ўласнага Я, адчуць веліч гэтага цудоўнага свету, які нас атачае і які чалавек стварае сваімі рукамі. Кожны прысутны змог уявіць сябе творцам, паверыць у свае здольнасці. Ідэя праграмы — карэкціраванне стану чалавека: ад зыходнага да змененага з дапамогай афірмацый у пачатку канцэрта і замацавання музыкай у працэсе. Музыка і матывы гукатэрапеўтычных інструментаў дапамагаюць прапрацаваць перажыванні, страхі і сумненні. 

У праграму з двух аддзяленняў уваходзяць кампазіцыі «Акварыум» К. СенСанса, «Вакаліз» С. Рахманінава, «Канцэрт Соль мажор, BWV 592» і арыя «Quia Respexit» з кантанты «Magnificat» І. С. Баха, мелодыя з оперы «Арфей і Эўрыдыка» К. В. Глюка, «Таката» Э. Жыгу, «Гімн сонцу» Л. Вьерна, «Адажыа» Т. Альбіноні, «Месячнае святло» К. Дэбюсі, «Авэ Марыя» І. С. Баха і Ш. Гуна, вальс «Вясеннія галасы» І. Штрауса, «Канон» І. Пахельбеля.

Акрамя звыклых інструментаў — фартэпіяна, альта, віяланчэлі, флейты — слухачы атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміца з рэдкім гучаннем аркестравага гонга. Гэтаму незвычайнаму музычныму інструменту прыпісваюць гаючы эфект для цела на клетачным узроўні.

Яшчэ адной цікавай асаблівасцю праграмы з’яўляецца стварэнне аб’ёмнага гучання дзякуючы музычным астраўкам, якія размясціліся па абодва бакі канцэртнай залы. На гэтых пляцоўках выкарыстоўваліся самыя чароўныя гукатэрапеўтычныя інструменты: званочкі Кошы, чакрафоны, тыбецкія чашы, шум дажджу, шум ручая, шум акіяна, караталы (цінгшы), афрыканскія бразготкі.

Прыглушанае святло, мяккі водбліск свечак, чароўны відэарад з творамі Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Рафаэля і інш., прыгожыя краявіды нашай планеты, касмічныя сузор’і стварылі непаўторную атмасферу спакою, ціхамірнасці, унутранай гармоніі. Для лепшага эфекту трэба заплюшчыць вочы, сканцэнтраваць свой унутраны зрок на музыцы і адчуць мелодыю кожнай клеткай цела.

Для тых, у каго няма магчымасці наведаць канцэртныя праграмы, Цэнтр музыкатэрапіі распрацаваў аднайменны дадатак для смартфона, які дазваляе здымаць напружанне і атрымліваць зарад пазітыўных эмоцый не выходзячы з дому. Дадатак спалучае мастацтва і псіхатэрапію. У раздзеле «Класіка» можна паслухаць класічную музыку ў спалучэнні з прыгожымі медыяэфектамі, «Медытацыі» дапамогуць увайсці ў стан лёгкасці, упэўненасці, палепшыць самаадчуванне. 

У дадатку можна прайсці псіхалагічныя тэсты, якія вызначаць псіхаэмацыянальны стан на дадзены момант, і анлайн-курсы па асновах музыкатэрапіі. Асаблівасць праграмы ў тым, што яна падбірае плэйліст у залежнасці ад зададзеных параметраў.

Наступны сеанс «Музыкатэрапіі» адбудзецца 5 студзеня ў Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю