Top.Mail.Ru

Мелодыі для двух аркестраў: чым адрозніваецца праект дырыжора Аляксандра Высоцкага?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
16.06.2025 | 07:00

31 мая завяршыўся XL Фестываль музыкі «Мінская вясна». Гэтым разам маштабны праект Беларускай дзяржаўнай філармоніі доўжыўся два месяцы, а многія праграмы форуму былі прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 


Было тое вясной

Як заўсёды, канцэрты ў Вялікай канцэртнай і Малой зале імя Рыгора Шырмы праходзілі з удзелам вядучых калектываў і салістаў: выступалі і знакамітыя артысты, і таленавітая моладзь. Прытым не толькі з Беларусі, але і з Расіі. 

Знакавай падзеяй для беларускай публікі стаў прыезд заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі, народнай артысткі Рэспублікі Малдова Святланы Томы. Падчас канцэрта-прысвячэння 100-годдзю з дня нараджэння Інакенція Смактуноўскага, артыста і салдата Вялікай Айчыннай вайны, яна падзялілася ўспамінамі пра славутага акцёра і чулага калегу. Выкананне музычных і літаратурных твораў, прысвечаных яго памяці, суправаджалася дэманстрацыяй архіўных фота і відэа. 

Прыхільнікаў арганнай музыкі і творчасці Іагана Себасцьяна Баха парадаваў заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, прафесар Аляксандр Фісейскі, які ў рамках «Мінскай вясны» прадставіў «Арганную месу».

Сваё 85-годдзе менавіта на сцэне Белдзяржфілармоніі адзначыў народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок. Канцэрт «Ці то яшчэ было...» сабраў сяброў і калег майстра песні, многія з іх таксама выступілі тым вечарам. Павіншаваў Эдуарда Сямёнавіча і міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі: апроч іншага кіраўнік ведамства парадаваўся таму, як маэстра дзеліцца плёнам сваёй творчасці з моладдзю, актыўна асвойваючы сацсеткі. 

Атрымаць напамін

Адной з фінальных сустрэч «Мінскай вясны» стаў канцэрт у рамках праекта «Шоу аркестраў». Мелодыі з папулярных кінафільмаў і вядомых танцаў свету прагучалі ў выкананні адразу двух калектываў — Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча і Сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Дырыжорам і аўтарам праекта, які становіцца ўсё больш папулярным, выступае Аляксандр Высоцкі. 

Заўсёды цікава, як складаюцца такія праграмы і на што звяртаецца асаблівая ўвага падчас іх стварэння. Бо выбар музычных кампазіцый велізарны, магчымасці, улічваючы прысутнасць на сцэне адразу двух аркестраў, — дастаткова нестандартныя, а фармат праекта прадугледжвае свабоду ў інтэрпрэтацыі класікі і сучасных мелодый. 

З відавочных абмежаванняў — узровень папулярнасці таго ці іншага музычнага твора. 

З аднаго боку, зразумела жаданне ўдзельнікаў праекта парадаваць публіку выкананнем любімых ёю кампазіцый, такім чынам дагадзіць, ведаючы, дарэчы, і разлічваючы на асноўнага слухача народнага аркестра імя Жыновіча ці сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. З другога, Аляксандр Высоцкі і ўдзельнікі калектываў, з якімі дырыжор працуе, не могуць не прагнуць творчых выклікаў, пошукаў і эксперыментаў. І гэтае жаданне выяўляецца ў выкананні адметнай, магчыма, нетыповай для філармоніі і новай для значнай часткі аўдыторыі музыкі. 

Залатая сярэдзіна ў дадзеным выпадку — найлепшы варыянт. Што ж было падрыхтавана для чарговага «Шоу аркестраў»? Гэтым канцэртным вечарам у аддзяленні «Танцы свету» — вальс з балета Пятра Чайкоўскага «Спячая прыгажуня» і беларускі народны танец (паэма для аркестра «Крыжачок» Андрэя Мдзівані), «Бандыцкі галоп» Іагана Штрауса і «Сіртакі» Мікіса Тэадаракіса. Асобны дыялог склалі две тэмы — «Іспанскі танец» з балета Пятра Чайкоўскага «Лебядзінае возера» і пасадобль «Іспанскі цыган» Маркіна Нара...

Другую частку шоу склала музыка сусветнага кінематографа: гучалі кампазіцыі з фільмаў «Уладар пярсцёнкаў» (музыка Говарда Шора), «Місія невыканальная» (кампазітар Лало Шыфрын), «Высокі бландзін у чорным чаравіку» (аўтар асноўнай тэмы — Уладзімір Касма) ды іншых. Дапоўнілі праграму кампазіцыі з серыялаў «Раскошны век» (над музыкай працаваў Айтэкін Аташ) і «Гульня тронаў» (кампазітар Рамін Джавадзі). 

Чарговая праграма ад Аляксандра Высоцкага адрознівалася надзвычайнай разнастайнасцю — зваротам да розных эпох, паважлівым стаўленнем да музыкі розных народаў (выдатна, што нават у такім шоу, скіраваным на ўвесь свет, пачэснае месца заняў твор беларускага кампазітара), напамінам пра тое, што магло забыцца, і гульнёй з выкананнем музыкі, якую публіка любіць і шануе, — асабліва ўражальную ў тых выпадках, дзе аркестры аб’ядноўваюць свае намаганні.

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю