Да 5 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь можна наведаць персанальную выстаўку Мацвея Басава «Святло ў далонях», прымеркаваную да 75-годдзя з дня нараджэння мастака. Маштабны праект дазваляе бліжэй пазнаёміцца з жыццём і работамі беларускага майстра, творчы метад якога называюць «жывапісам мігаценнем».
Мацвей Басаў нарадзіўся ў 1950 годзе ў Мінску ў сям’і таленавітага мастака Ізраіля Мордухавіча Басава. А родным дзядзькам Мацвея быў вядомы савецкі кніжны ілюстратар, графік і жывапісец, мастак тэатра Веніямін Мордухавіч Басаў. Творчая атмасфера ў сям’і адразу вызначыла жыццёвы шлях. Ужо ў 1964 годзе мастак быў узнагароджаны бронзавым медалём на Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка ў Італіі. З 1981 года прыняў удзел больш як у 150 рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаўках у Беларусі і за мяжой. Мацвей Басаў з’яўляецца членам творчага аб’яднання «Арцель» (Мінск), Міжнароднай арганізацыі мастакоў і фатографаў «Мастацтва натхнення» (Нью-Ёрк), «Гільдыі мастакоў» (Нью-Ёрк).
Творы жывапісца знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Нацыянальнага гістарычнага музея, Zimmerly Art Museum у Нью-Брунсвіку (ЗША), Музея іудаікі ў Нью-Ёрку (ЗША), Музея сучаснага рускага мастацтва Джэрсі-Сіці (ЗША), у прыватных калекцыях ў Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Германіі, ЗША, Ізраілі, Іспаніі, Эстоніі і інш.
У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея прадстаўлена больш за семдзесят жывапісных работ Мацвея Басава, створаных мастаком з канца 1960-х гадоў і да цяперашняга часу, а таксама дванаццаць лістоў арыгінальнай графікі 1980-х гадоў. Выстаўка адлюстроўвае асноўныя тэмы творчасці, над якімі мастак пастаянна разважае, ставіць пытанні і шукае на іх адказы: біблейскія сюжэты, любоў да бліжняга, беларускія мястэчкі, Халакост, а таксама нацюрморт і пейзаж, якія з’яўляюцца шырокім полем для творчых эксперыментаў.
- Большая частка экспазіцыі прысвечана рэлігійным сюжэтам. На працягу дзесяцігоддзяў Мацвей Басаў звяртаецца да Торы і Бібліі. Працуючы над такой сакральнай тэмай, аўтар падыходзіць да яе вельмі выбарачна. Ён не робіць ілюстрацыі да канкрэтных сюжэтаў, яго карціны глыбока сімвалічныя. Мастак выбірае толькі тое, што ён па-сапраўднаму адчуў, што яго асабіста хвалюе. Напрыклад, творцу блізкі вобраз старазапаветнага Майсея, бо менавіта ён выратаваў яўрэйскі народ ад рабства. Таксама на выстаўцы можна ўбачыць Аўраама, Ісаака, Лота і іншых персанжаў, якія паўстаюць у яго карцінах як носьбіты ісціны і глыбокіх сэнсаў. За доўгі час Мацвей Басаў стварыў цэлыя біблейскія цыклы. Таму недарэмна яго называюць «псалмапеўцам»...
Важная частка творчасці мастака прысвечана беларускім краявідам. На палотнах Мацвея Басава беларускае мястэчка — страчаны рай, цудоўнае месца, дзе людзі жывуць у міры і згодзе. Мастак таленавіта перадае каларыт і асаблівы лад жыцця маленькіх вёсачак, дзе ўсе былі знаёмы адзін з адным, цесна ўзаемадзейнічалі ў паўсядзённым жыцці, уяўляючы пры гэтым разнастайнае полікультурнае і поліканфесіянальнае асяроддзе.
Асобнай нотай у творчасці Мацвея Басава гучаць тэмы Вялікай Айчыннай вайны і Халакосту. У сваіх работах творца літаральна на нейкім метафізічным узроўні нібы запальвае чысты агонь, ціхае святло якога здольнае знішчыць усё зло і адрадзіць з попелу жыццё...
Любоў на палотнах Мацвея Басава трактуецца шматгранна. Гэта і любоў да бацькоў, першае светлае пачуццё да дзяўчынкі, замілаванне родным краем і шчырая прыхільнасць да простага чалавека, яго штодзённай нялёгкай працы. Для мастака — гэта не толькі пра пачуццё. Гэта энергія, здольная трансфармаваць чалавека і свет навокал. Гэта крыніца неверагоднай радасці і натхнення. Па сутнасці, любоў аб’ядноўвае ўсе грані творчасці жывапісца.
У экспазіцыі прадстаўлены работы з фонду Нацыянальнага мастацкага музея і прыватнай калекцыі аўтара, што дазваляе дакрануцца да ўнікальнага ўнутранага свету майстра.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара