Фёдар Аляксеевіч Малышаў нарадзіўся 20 красавіка 1914 года ў вёсцы Заполле (Петрыкаўскі раён) у шматдзетнай сям’і. Калі яму споўнілася 4 гады, бацькоў не стала. Хлопчык выхоўваўся ў дзядзькі. У 1929 годзе ён паступіў у сельскагаспадарчую школу, у 1933–1935 вучыўся на рабфаку. У 1941 годзе скончыў торфамеліярацыйны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута і быў накіраваны ў Віцебскі раён на торфапрадпрыемства «20 гадоў Кастрычніка». Аднак неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна.
У першыя яе дні прадпрыемства працягвала працу. А калі ўзнікла пагроза яго захопу, па загадзе кіраўніцтва Малышаў з групай рабочых знішчыў заводскае абсталяванне. Але знайшліся здраднікі, якія выдалі патрыётаў. Фёдара арыштавалі як сабатажніка і адправілі ў канцэнтрацыйны лагер, адкуль ён разам з некалькімі вязнямі здолеў збегчы.
Жаданне адпомсціць ворагам і вярнуць шчасце роднай зямлі вызначыла яго далейшы лёс: Фёдар, як і чацвёра яго братоў, далучыўся да народных мсціўцаў 125-й брыгады Палескага партызанскага злучэння. Малады інжынер трапіў у дыверсійную групу кадравага афіцэра Чырвонай арміі, будучага Героя Савецкага Саюза Рыгора Такуева.
Лёсавызначальнай ноччу 19 жніўня 1942 года Фёдар Малышаў выйшаў на падрыў чыгункі разам з трыма таварышамі. Менавіта яму было даручана замініраваць рэйкі — першае выпрабаванне спрытнасці, настойлівасці, мужнасці. Успаміны аб гэтым будучы вучоны пранясе праз усё жыццё: «Прапусцілі лёгка пагрукваючы па стыках рэек таварны паражняк. Калі здалёку паказаўся неабходны нам эшалон, я хутка падпоўз да чыгункі, паклаў на рэйку міну і разам з групай ледзь паспеў адысці. Хутка раздаўся страшэнны выбух, грукат і трэск, перапалоханыя крыкі і стогны. Першае баявое заданне было выканана». Партызанская разведка потым устанавіла, што цягнік вёз карны атрад. Было забіта больш за 200 эсэсаўцаў, знішчаны паравоз і шмат ваеннай тэхнікі.
Камандзір мінёраў
Пасля некалькіх паспяхова праведзеных дыверсій Малышаў стаў камандзірам групы падрыўнікоў. Дзейнічалі вельмі зладжана і чыста — пасля іх «работы» да станцый прызначэння не даязджаў ніводны варожы эшалон. Ляцелі пад адхон цягнікі з фашысцкімі афіцэрамі і салдатамі, танкамі, пушкамі і іншай тэхнікай.

У хуткім часе Фёдар пачаў выпрацоўваць свае метады «абслугоўвання» фашысцкага транспарту. Ён праектаваў і асабіста вырабляў адмысловыя выбуховыя прылады, якія гітлераўцы не маглі выявіць металашукальнікамі. Партызаны ставілі іх уначы, а ў дзённы час узрывалі. Пры адсутнасці толу або дэтануючых капсул на рэйкі падкладваліся спецыяльныя стальныя кліны, вырабленыя ў партызанскай кузні. Колы паравозаў на хаду перамяшчаліся на гэтыя «стрэлкі»: калі эшалон ішоў на вялікай хуткасці, увесь састаў ляцеў пад адхон. Пераймаць вопыт Федзі-падрыўніка прыходзілі партызаны з другіх атрадаў. Пасля некалькіх аварый на «стрэлках» фашысцкія цягнікі сталі хадзіць павольна, амаль навобмацак. Вядома, такія меры дрэнна адбіваліся на варожых пастаўках для фронту.
Раз’юшаныя гітлераўцы пачалі размяшчаць на кожным кіламетры чыгункі па 20–25 салдат. Учыняць дыверсіі стала значна складаней: падрыўнікі нярэдка траплялі на засады, аказваліся ў акружэнні. Фёдар страціў брата Сяргея, хутка памёр ад ран і Сцяпан. Тады партызаны прыдумалі новую тактыку: знішчаць чыгуначную ахову і спакойна мініраваць пуці.
Вясной 1943 года дзякуючы падрыўнікам Малышава быў паралізаваны рух эшалонаў, што пастаўлялі нямецкіх салдат і баявую тэхніку на Курскую дугу. Па заданні камандзіра брыгады трэба было сапсаваць даволі вялікі кавалак чыгункі, але ўзрыўчаткі не хапала. Тады Фёдар прапанаваў адрываць ад шпал кастылі.
...У ноч аперацыі дзьмуў пранізлівы вецер, які з сілай шпурляў у твар мокрае снежнае крошыва. Падрыўнікі ў маскхалатах белымі ценямі падышлі да чыгуначнага палатна і ўзяліся раскручваць балты на стыках, аднак тыя заледзянелі і не паддаваліся. З вялікай асцярожнасцю, каб не заўважыла ахова, партызаны перабраліся ў іншае месца і паспрабавалі яшчэ раз... Нарэшце, амаль перад самым цягніком, рэйка была зрушана. Малышаўцы кінуліся ў лес...
Эшалон на вялікай хуткасці сышоў з каляіны. Вагоны з салдатамі, цыстэрны з гаручым, платформы са зброяй і танкамі — «фердынандамі» і «тыграмі», на дапамогу якіх так спадзяваліся фашысты, сутыкаліся, навальваліся адзін на аднаго. Усё было ахоплена агнём, зямлю скалыналі моцныя выбухі. Чыгуначная ахова распачала пальбу па прыдарожным гушчары, аднак падрыўнікі былі ўжо далёка...
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года за «узорнае выкананне заданняў камандавання ў барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў у тыле праціўніка і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства» Фёдар Малышаў быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Ва ўзнагародным лісце, падпісаным начальнікам штаба партызанскага руху Беларусі Пятром Калініным, адзначалася: «На асабістым рахунку т. Малышава маецца 19 воінскіх эшалонаў праціўніка, спушчаных пад адхон, у выніку чаго знішчана 16 паравозаў і 191 вагон, сярод якіх 42 цыстэрны з гаручым, 46 вагонаў з жывой сілай, 56 — з харчаваннем, 28 — з боепрыпасамі і 19 — з будаўнічымі матэрыяламі».

Вучоны
Каб ачысціць радзіму ад гітлераўцаў, Фёдар Малышаў быў вымушаны ўзрываць родную зямлю, якую марыў пакрыць квітнеючымі садамі. Але ён верыў, што надыдзе час, калі зможа прыкласці ўсе сілы, каб залячыць яе раны. А пра торф, па ўспамінах баявых таварышаў, мог расказваць гадзінамі: «Торф — гэта такое багацце ў нашай зямельцы, што і ўявіць цяжка!» Дарэчы, і ў вольныя ад баявых дзеянняў дні з вялікай ахвотай блукаў па тарфяніках, абдумваючы іх будучае засваенне. Усім сэрцам чакаў заканчэння вайны, каб нарэшце заняцца навукай.
Яго мара здзейснілася. Пасля вайны Фёдар Аляксеевіч прысвяціў жыццё аднаўленню зямлі і яе ўзбагачэнню. Ён застаўся верным зацікаўленасці торфам і стаў вядомым спецыялістам у галіне торфараспрацоўкі і меліярацыі глебы. Акадэмікі І. Лупіновіч, Ф. Апека і іншыя высока ацанілі яго распрацоўкі і адкрыцці. Малышаў паспяхова закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Працаваў у Наркамаце паліўнай прамысловасці БССР, а потым у 1947–1990 — у Інстытуце торфу Акадэміі навук БССР, дзе заведваў лабараторыяй комплекснага выкарыстання тарфяных радовішчаў Палесся.
Значную частку навукова-даследчыцкай дзейнасці праводзіў на тарфяной вопытнай станцыі ў Дукорах. Паспяховы вопыт адразу разыходзіўся па сельскіх гаспадарках не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Навуковая спадчына Малышава — больш за 120 артыкулаў, манаграфіі, аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы, кнігі: «Здабыча і прымяненне торфу на ўгнаенне і подсцілку», «Гидромеханизация добычи торфа для удобрения», «Освоение площадей выработанных торфяных месторождений» і інш. Працы прысвечаны пытанням павышэння ўрадлівасці глебы пры дапамозе насычэння яе часцінкамі торфу, праблеме выкарыстання выпрацаваных тарфяных радовішч.

На жаль, дваццаць гадоў таму, 1 мая 2005 года, Фёдара Аляксеевіча не стала. Але памяць аб ім працягвае жыць. У гонар героя ў Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка на фасадзе дома, дзе ён жыў, яго імем названа сярэдняя школа № 48, а ў школе вёскі Камаровічы арганізаваны пакой баявой славы.
Даўно аднавілася зямля Палесся. На былых багнах красуюцца пышныя лугі і багатыя нівы. Шумяць партызанскія лясы, быццам пераказваюць ветру паданні самага таямнічага краю Беларусі. Сярод тых легенд гучыць і аповед пра жыццё героя партызанскай вайны, вучонага Фёдара Аляксеевіча Малышава.
Вольга САБАЛЕЎСКАЯ
Фота Анатоля ДРЫБАСА, Александрыны ПАРШЫНАЙ, belta.by, partizan.by