Top.Mail.Ru

Маральна-філасофскі патэнцыял казачнай аповесці Наталлі Хмялеўскай «Дэльфінчык Агу»

31.07.2026 | 15:59
Прастора псіхалагічнай бяспекі

Творчасць Наталлі Хмялеўскай фарміруецца ў рэчышчы традыцый гуманістычна арыентаванай дзіцячай літаратуры, дзе мастацкае слова выконвае не толькі эстэтычную, але і сацыялізуючую функцыю. 

Для аўтара характэрна ўвага да праблем маральнага станаўлення асобы, фарміравання адказнасці, экалагічнага мыслення і каштоўнасных адносін да свету. Усе гэтыя аспекты ў канцэнтраваным выглядзе прадстаўлены ў казачнай аповесці «Дэльфінчык Агу».

Падзеі казачнай аповесці «Дэльфінчык Агу» разгортваюцца ў Карыбскім моры каля берагоў вострава Барбадас. Галоўны герой — дэльфінчык Агу — жыве разам з бацькамі і, як многія дзеці малодшага ўзросту, адчувае ўнутраны супраціў усталяваным правілам і абавязкам. Ён неахвотна наведвае школу, не заўсёды разумее значэнне вучобы і настаўленняў дарослых, аддаючы перавагу гульням і даследаванню марскіх глыбінь.

Разам са сваімі сябрамі Мікушам і Карпушам Агу трапляе ў розныя сітуацыі, якія становяцца своеасаблівымі выпрабаваннямі на сталасць. Юныя героі даследуюць падводны свет, сутыкаюцца з небяспекай, сустракаюцца з марскімі драпежнікамі і вымушаны прымаць рашэнні, ад якіх залежыць не толькі іх уласная бяспека, але і лёс навакольных. Кожны раздзел аповесці ўяўляе сабой самастойны эпізод, у рамках якога актуалізуецца пэўная маральная праблема: выбар паміж страхам і адказнасцю, асабістай выгадай і дапамогай іншым, імпульсіўным жаданнем і усвядомленым учынкам. Істотную ролю ў развіцці сюжэта іграюць дарослыя персанажы: перш за ўсё бацькі Агу, якія не навязваюць гатовых рашэнняў, а ствараюць умовы для самастойнага сталення героя.

Такім чынам, сюжэт твора можа быць прачытаны як метафарычнае апісанне шляху станаўлення асобы, якая праходзіць этапы сумненняў, памылак і паступовага ўсведамлення маральных арыенціраў. Аповесць пакідае адчуванне спакойнага, «мяккага» тэксту, у якім адсутнічае агрэсіўная канфліктнасць, але пры гэтым паслядоўна праводзіцца ідэя неабходнасці ўнутранага росту. Гэты твор не імкнецца здзіўляць нечаканымі сюжэтнымі паваротамі: яго сіла заключаецца ў паступовасці і паўтарэнні маральных сітуацый.

У працэсе чытання ўзнікае адчуванне даверу паміж аўтарам і чытачом. Наталля Хмялеўская не імкнецца заняць пазіцыю строгага настаўніка, а хутчэй выступае ў ролі ўважлівага назіральніка, які дазваляе герою памыляцца. 

Значным уяўляецца вобраз галоўнага героя. Агу не ідэалізаваны: ён лянуецца, сумняваецца, баіцца, імкнецца пазбегнуць адказнасці. Менавіта такая «недасканаласць» робіць яго пераканаўчым. У гэтым сэнсе аповесць выклікае эмпатыю не толькіт ў дзіцяці, але і ў дарослага чытача, які лёгка пазнае ў паводзінах дэльфінчыка ўніверсальныя рысы працэсу сталення. 

Уражанне ўзмацняецца за кошт марской прасторы як мастацкага фону. Такое асяроддзе сімвалічна суадносіцца з ідэяй нявызначанасці і рызыкі: вада хавае небяспеку, патрабуе ўважлівасці і ўмення арыентавацца. У гэтым кантэксце шлях Агу набывае дадатковае метафарычнае вымярэнне: рух асобы ў складаным і не заўсёды прадказальным свеце.

Аўтар свядома пазбягае вострых этычных супярэчнасцей. Канфлікты вырашаюцца параўнальна лёгка, а негатыўныя персанажы рэдка выходзяць за рамкі адназначна зададзеных роляў. Аднак такая асаблівасць не выклікае адмоўнага ўспрымання, а хутчэй падкрэслівае адраснасць тэксту: кніга арыентавана не на праблематызацыю, а на падтрымку і ўмацаванне базавага пачуцця бяспекі ў дзіцяці.

Тэкст у меншай ступені арыентаваны на індывідуалізацыю другарадных персанажаў. Яны выконваюць перш за ўсё функцыянальную ролю, забяспечваючы рух сюжэта і ілюструючы пэўныя мадэлі паводзін. З пункту гледжання мастацкай паэтыкі гэта абмяжоўвае разнастайнасць галасоў унутры твора, але не парушае яго агульнай цэласнасці. 

Моўная арганізацыя тэксту характарызуецца нарматыўнасцю, стылістычнай аднастайнасцю і арыентацыяй на даступнасць. Гэта несумненныя плюсы ў кантэксце дзіцячай літаратуры, аднак з пазіцыі мастацкага аналізу можна адзначыць недастатковую індывідуалізацыю маўленчых характарыстык персанажаў. Дыялагічная форма пераважна выконвае інфарматыўную функцыю і рэдка становіцца інструментам псіхалагічнага раскрыцця вобразаў.

Важна адзначыць, што твор арыентаваны не на разбурэнне, а на стабілізацыю каштоўнаснай карціны свету. Тут адсутнічае радыкальная праблематызацыя рэальнасці, характэрная для літаратуры «дарослага» тыпу. 

«Дэльфінчык Агу» функцыянуе ў рамках традыцыйнай мадэлі дзіцячай літаратуры, дзе працэс сталення героя становіцца цэнтральным сэнсаўтваральным элементам. Шлях галоўнага персанажа выбудоўваецца як паслядоўнасць сітуацый маральнага выбару, кожная з якіх спрыяефарміраванню адказнасці, эмпатыі і здольнасці суадносіць асабістыя жаданні з інтарэсамі іншых. 

Істотным з’яўляецца і тое, што казачная аповесць дэманструе прыярытэт выхаваўчай функцыі над эстэтычнай шматзначнасцю. Мастацкі свет твора арганізаваны такім чынам, каб каштоўнасныя арыенціры заставаліся празрыстымі і адназначнымі. З аднаго боку, гэта зніжае ўзровень інтэрпрэтацыйнай складанасці тэксту, з іншага — забяспечвае яго педагагічную эфектыўнасць. 

Экалагічная праблематыка, прадстаўленая ў аповесці, таксама выконвае перш за ўсё выхаваўчую функцыю. Марскі свет выступае не толькі фонам для развіцця сюжэта, але і мадэллю гарманічнай прасторы, парушэнне балансу якой прыводзіць да пагрозы для ўсіх насельнікаў. Такі падыход спрыяе фарміраванню ў юнага чытача пачатковых уяўленняў аб адказнасці чалавека перад прыродай і навакольным светам.

Казачная аповесць Наталлі Хмялеўскай можа быць ахарактарызавана як твор, у якім прыярытэт аддадзены фарміраванню ўстойлівых маральных каштоўнасцей, а мастацкія сродкі служаць гэтай мэце. Нягледзячы на пэўныя абмежаванні ў плане псіхалагічнай глыбіні і канфліктнасці, тэкст мае высокую педагагічную каштоўнасць і адпавядае задачам сучаснай дзіцячай літаратуры.

Серафіма СІТРЫВАНАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю