Top.Mail.Ru

Маленькія гісторыі з вялікім сэнсам: чым здзіўляе новая кніга Анатоля Зэкава

Аўтар: Лізавета Крупянькова
18.06.2025 | 07:00

Новае выданне Анатоля Зэкава «Двор пад буслінымі крыламі», што выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда», можа стаць сапраўднай настольнай кнігай для самых маленькіх чытачоў. Пераважная большасць твораў — не вынік аўтарскай фантазіі — яны заснаваны на рэальных падзеях і фактах, якія ў маленстве перажыў сам пісьменнік.


Кніга падзелена на чатыры часткі: былі, апавяданні, мініяцюры і п’есы. Невялічкія творы насычаны дабрынёй, цёплымі ўспамінамі, шчырым сяброўствам і атмасферай летняга вечара. Першую частку кнігі склала проза. У апавяданнях і былях аўтар успамінае ўласнае дзяцінства, дзе кожны дзень абяцаў цікавыя прыгоды. Тут і засмучэнне з-за паваленага вяза, на якім была буслянка, і радасць, што буслы ўсё ж прыляцелі («Двор пад белымі крыламі»); і першая паездка на кані, уражанні ад якой засталіся на ўсё жыццё («Коні, коні вараныя»); і барацьба ластавак супраць аднаго вераб’я за ўтульнае гняздо («Замураваны верабей»); і спаборніцтва папяровых караблікаў, дзе яны баранілі гонар кожнага ўдзельніка («Юныя капітаны»). 

Самая сумная гісторыя, якая адлюстроўвае выпрабаванні жыцця, хаваецца пад кароткай назвай «Груша». Галоўны герой Пецька любіў частаваць сяброў грушамі і яблыкамі са свайго саду, аднак матуля хлопчыка — цётка Вольга — была вядома на ўсю вёску скупасцю і абараняла свой сад ад жадаючых паласавацца смачнай садавінай. Параноя жанчыны даходзіла да абсурду: Вольга нацягвала калючы дрот на частакол, пільнавала мінакоў, змазвала плот дзёгцем. Адно трагічнае здарэнне назаўсёды змяніла характар прагнай гаспадыні, якая цаной жыцця ўласнага сына навучылася дабрыні і шчырасці.

Нягледзячы на невялічкія памеры, усе творы маюць моцны павучальны патэнцыял. Эмацыянальнасць, апавяданне ад першай асобы, спагадлівасць выклікаюць давер як у дзяцей, так і ў іх бацькоў. Кароткія гісторыі вучаць юных чытачоў эмпатыі, дабрыні, гумару і любові да бліжняга, а маляўнічае апісанне дапамагае знаходзіць чароўнае ў звычайным.

Выданне «Двор пад буслінымі крыламі» паказвае і драматургічны бок творчасці Анатоля Зэкава. Сапраўды, ў кнізе апублікавана шэсць невялікіх п’ес, якія могуць быць пастаўлены школьнымі тэатральнымі калектывамі ці разыграны па ролях у цесным сямейным крузе. Галоўнымі героямі сцэнічных твораў сталі свойскія і лясныя жывёлы: кот, сабака, карова, певень, павучок, светлячок і інш. Мілыя і непаседлівыя персанажы адразу знойдуць прыхільнікаў сярод дзіцячай аўдыторыі.

Нельга не адзначыць прыгожыя ілюстрацыі, аўтарам якіх з’яўляецца Людміла Мышкоўская. Яркія малюнкі прывабліваюць увагу людзей любога ўзросту і сацыяльнага статусу. На жаль, стыль вокладкі і ілюстрацый вельмі адрозніваецца, з-за чаго можа ўзнікнуць эстэтычны дысананс.

Узроставае абмежаванне ў кнігі 6+. Аднак творы, змешчаныя ў выданні, зацікавяць і дашкольнікаў (пад увагай бацькоў і выхавацеляў). Кніга падыходзіць для сямейнага і пазакласнага чытання, а для кагосьці можа стаць першым крокам да шчырай улюбёнасці ў беларускую літаратуру.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю