У лютым супрацоўнікі мінскага музея прынялі ўдзел у XLVIII Дабралюбаўскіх чытаннях «Духоўна-маральны кантрапункт айчыннай культуры, літаратуры і рэчаіснасці на працягу стагоддзяў. Вакол Пушкіна і Дабралюбава», прысвечаных юбілею класіка рускай літаратуры. У межах форуму, арганізаванага Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем М. А. Дабралюбава, быў прэзентаваны даклад «Кнігі А. С. Пушкіна ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча». Цікава, што адна з каштоўных кніг, якая захоўваецца цяпер у беларускім музеі, здзейсніла падарожжа з Мінска ў Ніжні Ноўгарад і назад, у Мінск. «Избранные сочинения Александра Сергеевича Пушкина для юношества» ўбачылі свет у 1899 годзе ў Санкт-Пецярбургу. 15 верасня таго ж года стрыечная сястра паэта Вера Гапановіч, вучаніца ІІ класа Мінскай жаночай гімназіі, атрымала кнігу ў падарунак падчас Педагагічнай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння рускага паэта. Амаль праз стагоддзе дачка Веры Наталія Кунцэвіч перадала каштоўны асобнік у фонды музея М. Багдановіча.
Сакавік парадаваў нас цікавымі архіўнымі знаходкамі: сябра музея Марына Сатоліна паведаміла, што вядомы генеолаг Таццяна Грачова ў Цэнтральным архіве Ніжагародскай вобласці выявіла запісы ў метрычных кнігах, звязаныя з Багдановічамі, і хацела б перадаць выхадныя даныя супрацоўнікам музея. Сярод важных знаходак — запіс аб вянчанні Адама Багдановіча і Аляксандры Волжынай, запіс аб нараджэнні іх сына Аляксандра. Сама інфармацыя не новая, у Гродзенскім музеі паэта захоўваюцца арыгінальныя дакументы — пасведчанне аб шлюбе (КП 92959/14), метрычная выпіска аб нараджэнні Шурыка (КП 92959/17), яны былі выдадзены Адаму Ягоравічу, захоўваліся ў сямейным архіве, адкуль і трапілі ў Гродна.
Усё ж зазірнём у метрычныя кнігі «Ніжагародскай Трохсвяціцельскай царквы», дзе захаваліся ўнікальныя запісы, сведкі шчаслівых момантаў. У метрычнай кнізе на 1899 год зроблены запіс аб вянчанні 15 студзеня 1899 года бухгалтара Ніжагародскага сялянскага банка, калежскага рэгістратара Адама Георгіева Багдановіча (36 гадоў), праваслаўнага веравызнання, другім шлюбам, і патомнай дваранкі, дзяўчыны Аляксандры Паўлавай Волжынай (19 гадоў), праваслаўнага веравызнання, першым шлюбам. Сведкамі з боку жаніха сталі выкладчык гімназіі, стацкі саветнік Сяргей Васільеў Шчарбакоў і сын чыноўніка Станіслаў Іваноў Грынявіцкі, з боку нявесты — цэхавы Аляксей Максімаў Пешкаў і капітан 1-га рангу Уладзімір Аляксандраў Равінаў. Шчарбакоў — сябра Адама, выкладчык, пазней дырэктар Ніжагародскай мужчынскай гімназіі, дзе вучыліся Максім і яго браты. Грынявіцкі — мінскі знаёмы бацькі паэта, менавіта Адам Ягоравіч запрасіў яго ў Ніжні, дзе пазней Станіслаў Іванавіч стаў галоўным рэдактарам газеты «Ніжагародскі лісток». У ліставанні з будучай жонкай А. Багдановіч пісаў, што сябра прыехаў і пакуль жыве ў яго. Будучы знакаміты пісьменнік М. Горкі ў дакументах пазначаны цэхавым. Прозвішча апошняга сведкі напісана з памылкай — трэба Радзівонаў, гэта родны дзядзька нявесты, брат яе маці, ён прысутнічае на здымку, зробленым падчас вянчання.
Сын Адама і Аляксандры Багдановічаў нарадзіўся 13 лістапада 1899 года, праз два дні маці памерла, гэта стала вялікай трагедыяй для ўсёй сям’і.
18 лістапада 1899 г. у «Метрычнай кнізе Ніжагародскай Трохсвяціцельскай царквы» зроблены запіс аб нараджэнні і хрышчэнні хлопчыка. Бацькі — калежскі рэгістратар Адам Георгіеў Багдановіч і законная яго жонка Аляксандра Паўлава (абое праваслаўныя). Цікава, што ў розных дакументах бачым рознае напісанне імені па бацьку — Ягоравіч, Георгіевіч, Юравіч. Хросныя бацькі — ужо знаёмыя нам асобы: С. Грынявіцкі і С. Шчарбакоў, хросная маці — Кацярына Паўлаўна Пешкава, жонка «ніжагародскага мешчаніна», то-бок Максіма Горкага. Дзякуючы кіраўніку Камітэта па справах архіваў Ніжагародскай вобласці Барысу Пудалаву былі зроблены электронныя копіі дакументаў, яны перададзены на захаванне ў музей М. Багдановіча ў Мінску. Акрамя таго, па просьбе беларускіх музейшчыкаў архівісты Цэнтральнага архіва Ніжагародскай вобласці правялі дадатковую пошукавую работу ў метрычных кнігах Ніжняга Ноўгарада, выявілі запісы аб нараджэнні-хрышчэнні чатырох сыноў Адама Багдановіча і Аляксандры Мякоты. Гэтым каштоўным дакументам будзе прысвечана асобная публікацыя, пошукавая і даследчая праца з метрычнымі кнігамі, якія захоўваюцца ў ніжагародскім архіве, працягваецца.
У красавіку 2024 года адбыўся тэлемост «Узаемадзеянне літаратурных музеяў Мінска і Ніжняга Ноўгарада як сродак умацавання культурных сувязей гарадоў-пабрацімаў». Удзел у ім прынялі з беларускага боку супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, з расійскага — супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея М. А. Дабралюбава. Галоўнай тэмай размовы сталі напрамкі ўзаемадзеяння музеяў, наладжванне стасункаў з установамі культуры, навукі, грамадскімі аб’яднаннямі і прыватнымі асобамі ў мэтах абмену выставачнымі праектамі, супрацоўніцтва ў галіне сумеснай пошукавай, навукова-даследчай, фондавай і асветніцкай дзейнасці.
У канцы красавіка адбылася прэзентацыя выстаўкі «Ніжні Ноўгарад мяжы ХІХ—ХХ стст. у фатаграфіях Максіма Дзмітрыева і яго сучаснікаў». Гэта сумесны праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (Мінск, Беларусь) і Рускага музея фатаграфіі (Ніжні Ноўгарад, Расія). Ніжагародскімі калегамі прапанаваны для экспазіцыі высакаякасныя копіі работ знакамітых фатографаў. Частка выяў сімвалічна звязана з Багдановічамі, напрыклад, фатаграфіі мужчынскай гімназіі, дзе вучыліся Максім і яго браты, партрэты дзеячаў рускай культуры, сябры М. Горкага і знаёмыя А. Багдановіча. Мінскія музейшчыкі падрыхтавалі сюрпрыз для ніжагародскіх калег: на выстаўцы экспанаваліся каштоўныя фатаграфіі з фондаў беларускага музея, зробленыя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. у атэлье Максіма Пятровіча Дзмітрыева. Беражліва захоўваюцца ў Мінску фатаграфіі Адама і Аляксандры Багдановічаў, сыноў Вадзіма і Шурыка, Аляксандры Мякоты і яе сыноў, здымкі сясцёр Адама Ягоравіча — Магдаліны Гапановіч, Марыі Галаван і іх родных. Таксама ў музеі беларускага паэта ёсць вялікая калекцыя паштовак з відамі Ніжняга Ноўгарада і Паволжжа, большая частка іх зроблена паводле фатаграфій М. Дзмітрыева. Падчас адкрыцця выстаўкі адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Рускім музеем фатаграфіі, дасягнуты дамоўленасці аб экспанаванні ў наступным годзе калекцыі з фондаў беларускага генія ў горадзе на Волзе.
Май і чэрвень парадавалі нас прыемнымі сустрэчамі з ніжагародцамі, па-першае, у госці завітаў М. А. Бараховіч з роднымі і сябрамі. Максім Аркадзьевіч — праўнук Магдаліны Ягораўны Гапановіч (Багдановіч), адпаведна, стрыечны ўнучаты пляменнік Максіма Багдановіча. Ён захоўвае сямейны архіў, знаходзіць каштоўныя памяткі, звязаныя з паэтам і яго бацькам, перадае матэрыялы ў фонды мінскага музея. Другая сустрэча не менш цікавая: да нас завіталі нашчадкі любімага ніжагародскага настаўніка паэта Андрэя Кабанава, яго праўнук Аляксей Ульянаў з жонкай. У іх была вялікая культурная праграма ў Беларусі, наведалі шмат гарадоў і музеяў, але самыя важныя справы — візіт у музей М. Багдановіча ў Мінску і паездка на радзіму жонкі А. Кабанава — Веры Волкавай. Яе сям’я жыла ў маёнтку Чэрніцы (цяпер Шумілінскі раён), непадалёк ад мястэчка Сіроціна, дзе ў мясцовай царкве прайшло вянчанне Андрэя і Веры Кабанавых. На жаль, ні маёнтак, ні царква не захаваліся, застаўся толькі падмурак храма і старажытны каменны крыж.
У ліпені пачала працаваць мастацка-дакументальная выстаўка «Яўген Чырыкаў. На шляхах жыцця і творчасці», прысвечаная юбілею рускага пісьменніка, які адыграў важную ролю ў жыцці сям’і Багдановічаў. Падрабязна пра гэта мы распавядалі ў папярэдніх матэрыялах (гл. артыкул «Мінскімі сцежкамі Яўгена Чырыкава і Адама Багдановіча», «ЛіМ», 01.11.2024). Хацелася б дадаць, што супрацоўнікі музея падтрымліваюць цесныя сувязі з ніжагародскімі нашчадкамі рускага пісьменніка і частка матэрыялаў, прэзентаваных у выставачным праекце, з архіва яго праўнука Міхаіла Чырыкава. Сямейны архіў мінскіх нашчадкаў Яўгена Мікалаевіча таксама вельмі цікавы для беларусаў, бо ўтрымлівае важныя матэрыялы, якія асвятляюць жыццё мінскай інтэлігенцыі мяжы ХІХ—ХХ стст.
Самыя значныя падзеі, якія звязваюць музей у Мінску і Ніжні Ноўгарад, адбыліся ў канцы кастрычніка 2024 года, калі аўтар гэтага артыкула наведала горад на Волзе. Мэта паездкі — удзел у навукова-практычнай канферэнцыі, арганізаванай музеем М. А. Дабралюбава. Тэма даклада — «Свой сярод сваіх. Максім Багдановіч і сям’я Гапановічаў». На пленарнае пасяджэнне завіталі праўнукі Магдаліны Гапановіч — Максім Бараховіч і Ксенія Сібіракова, прапраўнукі — Рыгор і Любоў Бараховічы. Менавіта Рыгор Максімавіч і зрабіў, можна сказаць, падарунак года для супрацоўнікаў музея паэта ці, дакладней, для ўсіх беларусаў. У Літаратурны музей Максіма Багдановіча перададзена на часовае захаванне сямейная рэліквія — арыгінальны зборнік вершаў «Вянок» (Вільня, 1913) з дароўным надпісам аўтара.
У сямейным архіве Гапановічаў было чатыры асобнікі з подпісам М. Багдановіча, першыя тры — падарункі цёткам Марыі, Магдаліне, кузіне Ганне — ужо паступілі на захаванне ў музей. Лёс чацвёртай кнігі з аўтографам да пэўнага моманту быў невядомы, а ён таксама цікавы і патрабуе асобнага расповеду. Таму чакайце ў найбліжэйшых нумарах газеты гісторыю падарожжа кнігі, пра якую сам паэт прасіў: «Праглядзіце гэты томік думак шчырых і чуцця...»
Ірына МЫШКАВЕЦ