Больш за паўстагоддзя яна працавала ў літаратуры. Пісала на ідыш. Зыходзячы з гэтага тэксты яе маладаступныя сёння для нас. Але мяркуючы па творчых актыўнасцях, па грамадскім прызнанні яе паэзіі ў іншых краінах, на іншых мовах, след у літаратуры ўраджэнка Берасцейшчыны пакінула істотны. У 1971 годзе пісьменніца была адзначана Літаратурнай прэміяй імя Іцыка Мангера.
Закончыўшы традыцыйную яўрэйскую рэлігійную школу ў Бярозе Картузскай, Кадзя ў 1911 годзе здала экстэрнам экзамены за курс рускай жаночай гімназіі ў Лібаве і паступіла на курсы для выкладання іўрыта ў школах і дзіцячых садках. Падчас Першай сусветнай вайны пераехала ў Палтаву, затым — у Саратаў. У 1916–1917 гг. працавала выхавальніцай у дзіцячым садку ў Адэсе. У 1917-м зрабіла спробу вярнуцца да бацькоў у Бярозу Картузскую. Але Грамадзянская вайна дазволіла даехаць толькі да Кіева. Тут пісьменніца пражыла тры гады. Пазнаёмілася з Львом Сімхе, за якога ў 1920 ці 1921 годзе выйшла замуж. Дэбютавала ў друку як паэт «Кіеўскай школы». Першая публікацыя — у альманаху «Сваё». Пераехаўшы ў Варшаву, маладая паэтэса закончыла настаўніцкую семінарыю.
Выкладала ў школе ідыш і іўрыт. Большасць тагачасных яе твораў адрасаваны дзіцячаму чытачу — балады, вершаваныя казкі. У 1925–1935 гг. шмат друкавалася ў варшаўскім літаратурным часопісе «Літарарышэ блетэр», вяла літаратурную старонку ў штодзённай газеце.
У 1927 годзе выйшла першая кніга Кадзі Маладоўскай — «Лістападаўская ноч». Паэтычны зборнік атрымаў каля 20 рэцэнзій у друку. Чытачоў і крытыкаў уразіла навізна, мастацкі пошук, у якім паэтэса, грунтуючыся на найлепшых традыцыях папярэднікаў, усё ж гаварыла сваім голасам, сваімі ўласнымі вачыма пазірала на сучасныя падзеі. Другая кніга — «Чаравічкі сыходзяць» (1930) — была не меней рэзананснай. Зборнік атрымаў прэмію Варшаўскай яўрэйскай грамады.
У 1935 годзе пісьменніца эмігрыравала ў ЗША. У Нью-Ёрку ўраджэнка Бярозы заснавала два часопісы на ідыш. У 1942–1943 гг. пісала публіцыстычныя калонкі для штодзённай на той час газеты «Форвертс». Друкавалася пад псеўданімам Рыўка Зільберг (такое імя і прозвішча насіла гераіня рамана Кадзі Моладаўскай — «Ад Любліна да Нью-Ёрка: дзённік Рыўкі Зільберг», які пабачыў свет у 1942 годзе).
У 1948–1952 гг. пісьменніца жыла ў Ізраілі. Пасля вярнулася ў ЗША. І па-ранейшаму актыўна працавала ў паэзіі.
У 1965–1974 гг. пісьменніца друкавала ў часопісе «Свівы», які сама ж і заснавала, аўтабіяграфію «Са спадчыны маіх прашчураў». Можа, на гэтых старонках захаваліся і падрабязнасці жыцця ў Бярозе Картузскай напрыканцы XIX — у пачатку XX стагоддзя?..
Пайшла з жыцця Кадзя Маладоўская 23 сакавіка 1975 года. Апошнія свае дні правяла ў доме састарэлых у Філадэльфіі.
...У 2010 годзе выдавецкае агенцтва «Кніжнікі» у серыі «Кешэт // Вясёлка» выдала ў перакладзе на рускую мову кнігу ўраджэнкі Бярозы «Чаравічкі». Ёсць на старонках зборніка і ўвогуле захапляльныя творы: як і гэты верш — «Про зайчонка с хоботом как у слоненка» — «Был нос у одного зайчонка //Совсем как хобот у слоненка. // Зайчонок свой длинный нос // С гордостью по жизни нес. // Другие ж зайцы из-за носа // На него смотрели косо. // И прозвали его так: // Носонос, большой дурак...» Мо з часам вершы Кадзі Моладаўскай будуць перакладзены і на беларускую мову?..
Раман СЭРВАЧ