Мы гутарым з чалавекам, які два дзесяцігоддзі таму прыдумаў славянскі творчы форум і штогод напаўняе яго новымі ідэямі і культурна-асветніцкімі падзеямі. Гэта ініцыятар і арганізатар форуму — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры краіны, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.
— Уладзімір Мікалаевіч, ці думалі вы два дзесяцігоддзі таму, калі стваралі «Славянскія літаратурныя Дажынкі», што літаратурны, культурна-асветніцкі і міратворчы праект стане своеасаблівым брэндам не толькі Гомельскага рэгіёна, але і ўвасабленнем сумеснага творчага патэнцыялу Беларусі і Расіі. Жыццё ж даказала: такі фестываль сапраўды патрэбны людзям...
— Пра заўтрашні дзень у 2005 годзе, зразумела, думалася. Але ж як складзецца лёс фестывалю, прадказаць не мог ніхто. Не мне даваць і цяпер ацэнку яго запатрэбаванасці, бо да кожнай, больш чым паўтары тысячы сустрэч-мерапрыемстваў-акцый-конкурсаў, што называецца, дваццаць гадоў маю самыя непасрэдныя адносіны як арганізатар, але ж перакананы ў тым, што мы, пісьменнікі, і тады, і сёння нясём людзям дабрыню і святло. Ды і падобны шматфарматны форум наўрад ці мог нарадзіцца на пустым месцы, пагадзіцеся...
— Што маеце на ўвазе?
— Мая малая Радзіма — край унікальны, надзвычай багаты на літаратурныя таленты. Гомельшчына па праве можа ганарыцца творчасцю чатырох народных пісьменнікаў Беларусі, шэрага лаўрэатаў дзяржаўнай і нацыянальнай літпрэмій краіны. Іх творчыя здабыткі заўсёды краналі сэрцы не толькі беларусаў. І творчыя традыцыі не перапыняюцца — шукаюць сваё, асаблівае, клапоцяцца пра лёс народа, яго культуру, мову, традыцыі сучасныя прадстаўнікі прыгожага пісьменства Гомельшчыны...
Як прыклад, згадаю тут: дзякуючы нашай літаратурна-народнай «дыпламатыі» ў межах міжнароднага фестывальнага літаратурнага руху памяць пра народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, які ў юным узросце па-геройску ваяваў на Растоўскай зямлі, захоўваецца ў Няклінаўскім раёне: агульнымі намаганнямі пісьменнікаў і бібліятэкараў дзвюх краін створаны музейны куток памяці беларускага класіка...
— Маючы такі «падмурак» на ўдзячнай палескай глебе сапраўды павінен быў нарадзіцца магутны літаратурны фестываль...
— І ён нарадзіўся, паціху набіраўся моцы, дзякуючы напружанай працы многіх людзей, найперш, маіх нястомных калег-паплечнікаў, хораша падтрыманай творцамі Расіі, краін СНД. Агульныя намаганні падтрымліваліся нашай дзяржавай — нераўнадушным кіраўніцтвам рэгіёна і раёнаў, устаноў культуры і адукацыі, якія любяць сваю Радзіму і шануюць мастацкае слова. Казаць — лёгка, рабіць — цяжка. Зразумела, нямала высілкаў пакладзена, каб мастацкае слова належным чынам гучала і было запатрабавана, фарміравала, як раней, агульную культурную плынь. І ўжо як вынік нашай сумеснай працы і сутворчасці — фестываль прыжыўся, даказаў права на сваё існаванне, дагэтуль крочыць па Гомельшчыне ды настойліва злучае славянскія берагі.
— Хораша як сказалі: «злучае славянскія берагі»... Людзі, творцы з гарачымі сэрцамі іх злучаюць, каб...
— Мацнела наша жаданне захаваць мір на роднай зямлі. А яшчэ, каб больш трывалымі сталі сувязі паміж пакаленнямі славян. І сапраўды «злучаюць» гэтыя берагі беларускія, рускія, украінскія пісьменнікі — творцы, якія сталі за два дзесяцігоддзі нам, гамяльчанам, не проста аднадумцамі, але ж — раднёй. Асабліва зблізіліся гамяльчане з такімі выбітнымі расійскімі творцамі, як Леанід Север, Уладзімір Сарочкін, Мікалай Іваноў, Васіль Дварцоў, Святлана Макарава, Вадзім Цярохін... Можна шмат імёнаў назваць!
Так, за гады правядзення гэтых форумаў, накіраваных на ўмацаванне адзінай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы, папулярызацыю кнігі і чытання сярод моладзі, аб’яднанне маладых аўтараў нашых краін, у іх прынялі ўдзел больш за 700 прафесійных пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва, а таксама больш за 90 маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы і краін СНД. Гэта ж без уліку нашых, а пры правядзенні форумаў мы найперш задзейнічалі 60 пісьменнікаў рэгіянальнага аддзялення, нашы актыўныя літаб’яднанні, фіналістаў і пераможцаў больш за 125 літаратурных конкурсаў. Прыемна, што ў міжнародных і адкрытых творчых спаборніцтвах, якія мы праводзілі, практычна штогод перамагалі прафесіяналы і маладыя аўтары не толькі вобласці, краіны, але і Саюзнай дзяржавы, СНД, Прыбалтыкі. «Дажынкі» можна назваць і асветніцка-адукацыйнай школай для многіх аўтараў-пачаткоўцаў, і вялікай колькасці чытачоў.
— Чым асабліва вызначальны сёлетні, юбілейны форум?
— Патрыятычнай тэматыкай творчых сустрэч славянскіх пісьменнікаў з чытачамі — гэта памяць пра велічны подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў. Усе падзеі прысвечаны святой даце — 80-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы шмат будзем працаваць з моладдзю.
Перш за ўсё, мы разам з пісьменнікамі Саюзнай дзяржавы актыўна будзем, па-някрасаўску кажучы, сеяць разумнае, добрае, вечнае ў школьных класах, аўдыторыях каледжаў, гімназій і ВНУ. І гэта наш, пісьменнікаў, свядомы выбар, бо Гомель сёлета — маладзёжная сталіца Беларусі. Але і дарослага чытача не пакрыўдзім: з 1 да 30 верасня сіламі абласной пісьменніцкай арганізацыі праводзіцца Месячнік сучаснай патрыятычнай літаратуры, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, Дню народнага адзінства і Году сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне. Творчыя сустрэчы, напрыклад, з лаўрэатамі Нацыянальнай і абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага пройдуць не толькі ў бібліятэках, але і ў розных установах, на прадпрыемствах вобласці.
— А дзе будуць праходзіць галоўныя сустрэчы з беларускімі і замежнымі пісьменнікамі?
— Хачу адзначыць, што сёлетнія «Дажынкі» — фестываль фестываляў. Апроч самога міжнароднага форуму за тры дні пройдуць і іншыя значныя культурна-асветніцкія і патрыятычныя мерапрыемствы VII рэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага». Асобна — IV рэгіянальны фестываль народных традыцый «Беларусь — мая мова і песня» ў фармаце конкурснага спаборніцтва (Тураў-Жыткавічы). III з’езд праваслаўных літаратараў Саюзнай дзяржавы «Божая сцежка» (Гомель) будзе арганізаваны як паэтычны брыфінг.
Сваю работу 2 верасня мы пачнём творчым семінарам, на якім з удзелам растоўскіх і кабардзінскіх калег разгледзім вынікі працы нашых маладых беларускіх перакладчыкаў і іх настаўнікаў. Затым толькі ў межах юбілейных «Дажынак» адбудзецца больш за 50 сустрэч вядомых пісьменнікаў з навучэнцамі школ, студэнтамі ВНУ вобласці, і яшчэ больш за 30 — у межах кірыла-тураўскага форуму. На розных пляцоўках будуць працаваць члены абласнога і рэгіянальных літаб’яднанняў, аўтары-пачаткоўцы, фіналісты і пераможцы творчых конкурсаў. А вось экспертамі выступяць прафесійныя творцы Гомельшчыны, больш за 20 вядомых пісьменнікаў Расіі, Эстоніі, заслужаныя дзеячы культуры Беларусі і Расіі, прадстаўнікі органаў улады, сферы культуры і адукацыі...

Падчас правядзення XIX Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя Дажынкі»
Паколькі рэгіянальны фестываль «На зямлі Кірылы Тураўскага» пройдзе сёлета ўжо ў сёмы раз, сімвалічна ў сямі ўстановах адукацыі і культуры выступіць ганаровы госць форуму, легенда савецкай эстрады, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Эдуард Ханок. А яшчэ ва ўстановах адукацыі Жыткавічаў, Турава і Гомеля пройдуць па 7 урокаў міру і памяці «Жыве народ, жыве памяць», прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі. Таксама ладзім міратворчую акцыю «Гадзіна міру і дружбы ў горадзе над Сожам» у абласной бібліятэцы.
Літаратары Саюзнай дзяржавы і госці з Прыбалтыкі таксама ў рамках літаратурных форумаў адкрыюць для сябе эканамічны патэнцыял рэгіёна, наведаюць шэраг прамысловых прадпрыемстваў, аддадуць даніну павагі загінулым у гады вайны воінам і мірным жыхарам — ускладуць кветкі да памятных месцаў Гомеля, Турава, мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр нацысцкіх канцлагераў у Азарычах. Фестывальныя падзеі завершацца ў ДК ААТ «Гомсельмаш», дзе адбудзецца міжнароднае літаратурнае свята «Вера. Слова. Памяць» са святочнай канцэртнай праграмай «Жыві, славянскае слова!»
— Сапраўды, вельмі насычаная праграма. Хочацца пажадаць поспеху вам і ўсім удзельнікам форуму, новых адкрыццяў чытачам!
— Дзякуй. Спадзяюся, разам са славянскімі братамі-літаратарамі мы здолеем праз кнігу выбудаваць масток дабрыні паміж пакаленнямі, данесці да сэрцаў чытачоў праз мастацкае слова сваю вялікую любоў да роднай зямлі.
Гутарыла Валянціна КАНСТАНЦІНАВА