Top.Mail.Ru

Літаратурныя здабыткі пісьменнікаў Брэстчыны прадставілі на кніжным свяце

14.02.2025 | 07:00

На штогадовым свяце «Мой сусвет — кніга», якое адбылося ў Брэсцкай цэнтральнай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, падведзены вынікі творчай работы Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі за 2024 год. У відэапрэзентацыі былі прадстаўлены 17 аўтарскіх кніг, тры калектыўныя зборнікі і пяць альманахаў.




Багатым на творчыя здабыткі стаў год для пісьменніка з Бярозы Анатоля Бярнацкага. Свет пабачылі яго чатыры новыя кнігі ў жанры нон-фікшн. Зінаіда Дудзюк прадставіла чытачам творы ў розных жанрах: гістарычны раман «Сыны Рарога», зборнік вершаў «Пуцявіна» і кнігу гумару «Жанаты халасцяк». Летась новымі выданнямі парадавалі чытачоў Валерый Грышкавец, Расціслаў Бензярук, Аляксандр Валковіч, Ірына Морых, Таццяна Шульга і Таццяна Канапацкая. 

Асаблівую цікавасць у маленькіх чытачоў выклікалі «Сказки-улыбки для веселых дошколят» Алены Гневушавай і «Стихи о маленькой принцессе и другие» Ірыны Морых.

Шэрагам цікавых публікацый прыцягвае і Брэсцкі раённы краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс», рэдактарам і складальнікам якога з’яўляецца Аляксандр Валковіч. 

У 2024 годзе выйшлі чытыры нумары.

Пісьменніца і выдавец Наталля Ніжнік (Кандрашук) распавяла пра калектыўныя выданні: альманах «Лірычны настрой» (трэці выпуск), «Ручайкі» (зборнік твораў дзяцей і педагогаў Івацэвіч), «Гэта наша памяць» (зборнік кобрынскіх аўтараў да 80-годдзя вызвалення Кобрыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — да Дня беларускага пісьменства), «За Радзімы жыццё» (зборнік членаў Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ да святкавання 85-годдзя Брэсцкай вобласці), «С. Т. Р. О. К. И» (зборнік творцаў Баранавіцкага раёна).

Сваімі паэтычнымі і празаічнымі радкамі ўпрыгожылі свята Настасся Нарэйка, Ірына Морых, Настасся Сміліна, Ірына Фаміна, Наталля Кандрашук, Аксана Валуй, Таццяна Шульга, Алена Котава.

Удзельнікі хору «Вераснёвы звон» (кіраўнік — Наталля Шосцік) зачаравалі прысутных выкананнем калядных, святочных песень на розных мовах. Юная артыстка Соф’я Іванова праспявала песню «Пакуль ты спіш» на словы Зінаіды Дудзюк і музыку Галіны Гедзік. 

Напрыканцы мерапрыемства маладая пісьменніца Наталля Андрасюк прадставіла сваю кнігу «Необыкновенные приключения Гаввара и Кундоса. Голубой Кристалл», якая зусім нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь», тым самым адкрыўшы новы кніжны год для брэсцкіх творцаў.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю