У сваім прывітальным слове намеснік генеральнага дырэктара НББ Віктар Пшыбытка заўважыў, што герой сённяшняга літаратурнага свята — вельмі таленавіты творца. Гэта пацвярджаюць яго шматлікія дасягненні. Уладзімір Гаўрыловіч — уладальнік медаля Ф. Скарыны, выдатнік друку Беларусі, лаурэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2023 года за кнігу «Па веры вашай», уладальнік ганаровага звання «Чалавек года Гомельскай вобласці» (2023 г.). А наогул усіх яго заслуг не пералічыць! Сярод іх, дарэчы, ёсць і міжнародныя прэміі. Проза Уладзіміра Гаўрыловіча перакладзена на рускую, украінскую, нямецкую, англійскую, кабардзінскую і іншыя мовы.
Было адзначана, што творы аўтара прысвечаны розным тэмам, але іх аб’ядноўвае любоў да Радзімы, паказ простага чалавека-працаўніка, яго героі паўстаюць у розных праявах жыцця, але чырвонай ніткай у кожнай кнізе праходзіць вера ў найлепшае, дабро і галоўныя чалавечыя каштоўнасці.
Вельмі кранальнай падалася відэавандроўка на малую радзіму творцы — у вёску Вятчын, што на Жыткаўшчыне. Дзякуючы ўспамінам Уладзіміра Мікалаевіча чытачы змаглі больш даведацца пра яго дзяцінства. У сям’і было чацвёра дзяцей (Уладзімір малодшы, як ён сам прызнаўся, матулін сыночак). Але дзяцінства не было лёгкім. Пісьменнік рана застаўся без бацькі. Апекуном быў дзядуля Ігнат Адамавіч Буякевіч. Ветэран вайны, былы вязень канцэнтрацыйнага лагера, старшыня калгаса «2-я пяцігодка». Менавіта ён сыграў вялікую ролю ў выхаванні юнака. А вось любоў да кнігі ў яго ад матулі Яўгеніі Ігнатаўны. Хоць яна ўсё жыццё шчыравала ў калгасе, была даяркай, але мела добры літаратурны густ, які перадаўся сыну. Сваім жа першым настаўнікам у літаратуры Уладзімір Гаўрыловіч назваў Уладзіміра Саламаху.
Слухаючы Уладзіміра Мікалаевіча, зразумела, чаму ён не можа не пісаць пра сваіх землякоў (аўтар вельмі любіць сваю малую радзіму і распавядае пра яе з вялікай пяшчотай і любоўю) і чаму яго вобразы палешукоў настолькі жывыя (ён выпісвае іх дзякуючы рэальным прататыпам). Нават калі кагосьці з герояў Уладзімір Гаўрыловіч і прыдумаў у сваіх мастацкіх творах, то яны ўсё роўна нарадзіліся невыпадкова — як вынік аналізу расповедаў землякоў. Як прызнаўся пісьменнік, усё сваё жыццё ён любіць слухаць сталых людзей з досведам, асабліва тых, хто прайшоў Вялікую Айчынную вайну. «Я не магу не пісаць пра бесчалавечнасць фашызму, генацыд беларускага народа, бо праз гэту трагедыю прайшла мая радня. Фашысты знішчылі 39 членаў маёй сям’і. Уяўляеце, якім вялікім быў бы мой род, калі б не вайна?» — дзеліцца сваім болем пісьменнік.

Мерапрыемства ўпрыгожыла мастацкае прачытанне ўрыўка з твора аўтара «Пад покрывам нябёсаў» у выкананні Лікі Пташук, актрысы, рэжысёра, рэдактара канала «Культура» Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Было цікава даведацца, што «хросным бацькам» гэтага твора з’яўляецца старшыня СПБ Алесь Карлюкевіч, бо, па прызнанні аўтара, менавіта Алесь Мікалаевіч падштурхнуў яго як мага хутчэй напісаць такую актуальную ў год юбілею Вялікай Перамогі кнігу, падтрымаў яго ідэю — распавесці пра боль вайны і жорсткасць канцэнтрацыйнага лагера праз успрыманне васьмігадовага хлопчыка Міхася. «Мы не павінны забываць пра гэтыя падзеі, каб не перажыць іх зноў. Асабліва цяпер, калі нашу гісторыю спрабуюць перапісаць. Беларусь — краіна партызан і сапраўдных герояў, якая аддае належнае сваім продкам. Праз свае творы я паказваю нашу краіну, яе жыхароў такімі, якія яны і ёсць», — тлумачыць аўтар.
Вельмі цікава было пачуць пра гісторыі напісання іншых твораў, асабліва кнігі «Святая Параскева». Яна для Уладзіміра Гаўрыловіча асаблівая. Дарэчы, за гэты твор аўтар адзначаны залатым дыпломам XIV Міжнароднага фестывалю «Залаты Віцязь».
Напрыканцы сустрэчы прысутныя паглядзелі відэапрывітанні і пачулі словы падзякі Уладзіміру Гаўрыловічу з Масквы, з Саюза пісьменнікаў Расіі (СПР) ад акадэміка, паэта, празаіка і мастацтвазнаўцы Васіля Дварцова, з Краснадара ад сакратара СПР, намесніка кіраўніка праўлення Літаратурнага фонду Расіі, заслужанага дзеяча культуры Кубані Святланы Макаравай-Грыцэнка. Яны адзначылі талент аўтара і яго ўнёсак у беларуска-расійскія стасункі і падтрымку славянскага сяброўства. А ўнучка народнага песняра Кабардзіна-Балкарыі Алі Шагенцукава, прафесар Нальчыцкага ўніверсітэта Мадзіна Шагенцукава падзякавала Уладзіміру Гаўрыловічу за інтэрнацыянальны твор — драматычную аповесць «Я таксама сын чалавечы», якая прысвечана яе дзеду.
Ірына ПРЫМАК
Фота Кастуся ДРОБАВА