Top.Mail.Ru

Літаратары ўсёй краіны зрабілі карысны падарунак

Аўтар: Мікола Берлеж
28.08.2026 | 17:25
Кніжныя навінкі — жыхарам Касцюкоўшчыны

Сёлета свята, на якім будуць ушаноўваць беларускае слова, пройдзе на Магілёўшчыне, у Касцюковічах. І гэта прыцягвае асаблівую ўвагу да легендарнай асветніцкай старонкі. 

Напярэдадні XXXIII Дня беларускага пісьменства Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў акцыю «Пісьменнікі краіны — Касцюковічам», падарыўшы каля 1000 кніг у фонды Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя І. Г. Чыгрынава. Гэты праект рэалізаваны пад арганізацыйным патранатам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Раней падобныя акцыі прайшлі ў іншых сталіцах Дня беларускага пісьменства: у Гарадку, Івацэвічах, Лідзе. Фундатарам акцыі пастаянна выступае Беларуская ўніверсальная таварная біржа. Дар ад літаратараў усёй Беларусі прымалі старшыня Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Асмалоўская і дырэктар бібліятэкі імя І. Г. Чыгрынава Святлана Федасенка. Удзел 

у святочнай імпрэзе прынялі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка, дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Ілона Сарокіна, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Бялова. 

Кацярына Музычэнка, вітаючы гасцей і гаспадароў, адзначыла важнасць падзеі і звярнула асаблівую ўвагу на тое, што папяровая кніга — і настаўнік, і выхавальнік добрых, душэўных памкненняў. Кацярына Анатольеўна расказала пра падтрымку літаратараў Магілёўшчыны, планы па выданні серыі кніг, прысвечаных творчасці сучаснікаў. 

У сваіх выступленнях ганаровыя госці кніжнага свята нагадалі пра багатыя літаратурныя традыцыі краю, пра тое, што творчая спадчына народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, паэта Алеся Пісьмянкова, у гонар якога на Касцюкоўшчыне праводзіцца абласны фестываль «Пісьмянкоў луг», іншых майстроў прыгожага пісьменства з’яўляецца асновай літаратурнага, мастацкага выхавання чытачоў краю і ўсёй Магілёўшчыны. 

Сярод кніг, якія пісьменнікі падарылі жыхарам Касцюкоўшчыны, — і творы пісьменнікаў-землякоў. У прыватнасці, дакументальны аповед лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Мікалая Барысенкі «Буйніцкае поле: без права на адступленне». Пра ваенныя падзеі на Магілёўшчыне — грунтоўная мастацка-дакументальная энцыклапедыя 

«Разам! Вялікая Перамога!». Асобная падборка — выданні твораў магіляўчанкі Жанны Міус, адрасаваныя юнаму чытачу. Таксама ў падарункавым зборы — кнігі магіляўчанак Маргарыты Садоўскай і Ганны Пярун. Удзельнікі імпрэзы з вялікай цікавасцю разглядалі і выданні серыі «Бібліятэка паэзіі»: зборнікі Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц, Віктара Шніпа, Уладзіміра Дубоўкі, Кандрата Крапівы, Таццяны Яцук. 

Мікола БЕРЛЕЖ 

Фота з сайта Бібліятэчнай сеткі Касцюковіцкага раёна

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю