Top.Mail.Ru

Лістападаўскі нумар «Нёмана» напоўнены лірыкай, псіхалагізмам і светлымі пачуццямі

Аўтар: Лізавета Крупянькова
18.12.2024 | 09:31

Лірыкай, псіхалагізмам і светлымі пачуццямі напоўнены новы нумар часопіса «Нёман». Пісьменнікі разважаюць пра зменлівасць быцця, каханне, пра цеснае ўзаемадзеянне чалавечых пачуццяў, з якога складаецца наша жыццё. Аўтары звяртаюцца да класічных літаратурных сюжэтаў, дзе дабро перамагае зло, холад і цемра змяняюцца цеплынёй і святлом, а героі знаходзяць сапраўднае каханне.


Апошнімі восеньскімі дзянькамі захапляецца Генадзь Аўласенка ў паэтычным цыкле «Аб восені не плачуць». Аўтар выкарыстоўвае ўстойлівыя сімвалы, якімі ўжо доўгі час літаратары апісваюць залатую пару. Тут можна ўбачыць і сум у пажухлай траве, і боль голай зямлі, і трывожнасць, што схавалася ў маленькіх кропельках дажджу, і рэшткі цеплыні ў чырвоных пацерках рабіны. Генадзь Аўласенка паказвае восень.

у розных абліччах, але ўсе яны аб’яднаны меланхалічным настроем. Шкада, што многія беларускія і сусветныя пісьменнікі адлюстроўваюць гэтую пару ў такой песімістычнай афарбоўцы.

У вершаваных радках паэта восень паўстае найлепшым часам для асэнсавання свайго мінулага, падвядзення маштабных вынікаў жыцця і невялікага перапынку перад будучымі здзяйсненнямі.

Мне кажется, что я когда-то жил...

Вот так же осень над землей плыла,

и ветер листья сонные кружил,

и ты со мной той осенью была.

Кружилась голова, как от вина,

от осени...

Все было невпопад...

Казалось: тишина

обнажена...

И мы с тобою шли сквозь листопад.

Ужо знаёмыя чытачу персанажы рамана «Крутагор’е» ў працягу сустракаюць вядомых палітычных і культурных дзеячаў літоўскай зямлі (дзе пазней узнікне магутная дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае), тым самым аўтар паглыбляе чытача ў гістарычны кантэкст твора. Спалучаючы мінулае і сучаснасць, Алесь Камароўскі захоўвае агульны таямнічы настрой. Містычнасць рамана прыцягвае ўвагу чытача, а дакладныя гістарычныя звесткі выклікаюць давер і зацікаўленасць. Абраны пісьменнікам супярэчлівы перыяд з мноствам загадак і таямніц кампенсуе складаны стыль аповеду.

Светлыя вобразы Беларусі можна ўбачыць у цыкле Наталлі Саветнай «Паветра з прымессю шчасця». Яе вершы напоўнены лірычным восеньскім настроем, а кожны радок гаворыць пра любоў да радзімы. Хоць сама паэтэса нарадзілася ў Калінінградскай вобласці, душой і сэрцам яна назаўсёды прырасла да Беларусі. Пісьменніцы блізкія вобразы прыроды — праз меладычны шэпт ветрыку, жнівеньскую спёку і злы холад зімы яна паказвае чалавечыя пачуцці. Наталля Саветная, як і Генадзь Аўласенка, звяртаецца да мінулага, каб асэнсаваць перажытае і з новымі пачуццямі ісці ў будучыню (а хто з паэтаў так не робіць). Лірыка паэтэсы напоўнена святлом і любоўю да навакольнага свету, да сям’і, сяброў і прыроды. Яе вершы неабходна чытаць тады, калі трэба супакоіцца пасля трывожнага і напоўненага падзеямі дня.

Близится ночь, синева загустела.

А на родные земные уделы

Месяц отчаянный светит неистово,

Сыплет и сыплет он яркими искрами.

...Годы, как летняя ночь, все короче.

Даже минутки никто не отсрочит.

В сумерках узкие тропки растаяли.

Наши любимые — с белыми стаями...

Аповесць «Халодная страва» Валянціны Кадзетавай на першы погляд здаецца звычайнай гісторыяй для меладраматычных серыялаў, дзе пара прыняла рашэнне ісці рознымі шляхамі, аднак у аднаго з іх сэрца яшчэ баліць. Банальная гісторыя, пра якую пісалі паэты і празаікі розных эпох, у аповесці Валянціны Кадзетавай прываблівае глыбокім раскрыццём персанажаў, іх унутраных перажыванняў, матываванасцю ўчынкаў. Галоўная гераіня твора з прыгожым імем Рэгіна пакінула мужа Васіля дзеля кахання ўсяго свайго жыцця — Алега Масліцкага. Важна адначыць, што гэтае моцнае пачуццё было ўзаемным. Аднак мужчыну, нягледзячы на статус і жыццёвы досвед, не хапіла рашучасці кінуць сям’ю. Алег нават не асмеліўся шчыра пагаварыць з каханай і прызнацца ва ўласнай слабасці. Пісьменніца паказвае сітуацыю з абодвух бакоў, цалкам раскрывае характары галоўных герояў, іх пачуцці, эмоцыі, надзеі і мары. З-за гэтага карціна выглядае цэльна, без перавагі ў бок аднаго з персанажаў.

Гэтая гісторыя — мастацкае адлюстраванне тыповага сцэнарыя ў адносінах, калі адзін чалавек сапраўды кахае, а іншы толькі гайдаецца на эмацыянальных арэлях у пошуку ўласнага задавальнення. Праз банальны сюжэтны ход пісьменніца ўзнімае важную праблему жанчын, што даўно пануе ў соцыуме: наіўная вера ў тое, што Ён самы лепшы на свеце, не такі, як іншыя мужчыны. 

«У яго голасе было столькі шчырасці, цеплыні, пяшчоты, што Рэгіна канчаткова перастала прыслухоўвацца да трывожнага пачуцця, якое настойліва нагадвала ёй, што яе жыццёвая сітуацыя вельмі банальная і вырашэнне яе прадказальна, бо гэта ўжо здаралася з многімі такімі, як Рэгіна, і многа-многа разоў.Але якая жанчына не спадзяецца, што вось у яе, у адрозненне ад рознага кшталту няшчасных, усе будзе зусім інакш: светла і радасна. Ды Рэгіна ўжо і не ўяўляла свайго існавання без Алега..

Валянціна Кадзетава быццам звяртаецца да ўсіх чытачак з просьбай быць уважлівымі, прыслухоўвацца не толькі да сэрца, але і да розуму, паважаць сябе, нягледзячы на спакусы. 

Тэму трагічнага кахання працягвае паэтэса Алена Вячэрская. Сардэчныя перажыванні на фоне пахмурнай восені (звыклыя абставіны для падобных пачуццяў) перадаюць творчы почырк пісьменніцы. Рыфмаваныя радкі чытаюцца на адным дыханні, быццам з кожным словам паэтэса выдыхае боль, напружанасць і роспач. Вобразнасць і рытм вершаў Алены Вячэрскай нагадвае творчасць знакамітай пісьменніцы сярэбранага веку Марыны Цвятаевай: спалучэнне мяккай лірычнай мелодыі і надрыўных нот, выразныя і рэзкія сімвалы, аголеныя пачуцці...

Вы словите меня в этом мире 

дырявых снастей,

Позовите меня в этом мире 

незваных гостей,

И утешьте меня в этом мире 

безумных вестей,

И согрейте меня в этом мире 

бескровных ветвей.

Все верните, вернее,

вернитесь скорей

В этот мир

Из бесцветных дождей,

Из бескровных ветвей,

Из дырявых снастей,

Из незваных гостей...

Сапраўдным дыяментам адзінаццатага нумара «Нёмана» можна назваць аповесць «Зазірні мне ў душу» (пачатак) Наталлі Канстанцінавай. 

У цэнтры аповеду маладая псіхолаг Насця, якая пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла працаваць у школу. Яе заўсёды цягнула да работы з людзьмі, іх пачуццямі і эмоцыямі. Яшчэ ў дзяцінстве Насця шкадавала дзяцей, якія не маглі падзяліцца сваімі думкамі з іншымі і таму пакутавалі ад адзіноты. Дзяўчына прыйшла на новае месца працы з бясконцым запасам ідэй і моцным зарадам энергіі. Ёй пашчасціла, бо ў школе была такая ж маладая і натхнёная дырэктар, якая марыла зрабіць установу месцам не толькі для атрымання ведаў, але і для шчырай узаемнай камунікацыі паміж дзецьмі і дарослымі.

Канешне, аднаго імпэту мала, каб дасягнуць поспехаў у любімай справе. Спачатку Насця сутыкнулася з моцным недаверам як з боку вучняў, так і з боку настаўнікаў. Здавалася б, дарослыя людзі, яе калегі, павінны былі падтрымаць псіхолага, але кансерватызм і панаванне стэрэатыпаў вельмі перашкаджалі дзяўчыне з ажыццяўленнем прынцыпаў псіхалагічнага здароўя і даверу. 

Важнай часткай сваёй работы Насця лічыць дапамогу дзецям, якія не могуць раскрыцца ў соцыуме, не вераць у свае сілы і хаваюцца ад увагі настаўнікаў і аднагодкаў. Такім пацыентам для псіхолага стала дзевяцікласніца Каця. Яна прыйшла ў новую школу з надзеяй знайсці сяброў, але шматгадовы ўплыў аўтарытарных бацькоў перашкаджае дзяўчынцы знайсці не толькі сяброў, але і саму сябе.

Глыбокі псіхалагічны твор з цікавымі персанажамі і добра прапісаным сюжэтам для кагосьці можа стаць важным штуршком для асэнсавання свайго сацыяльнага жыцця і, магчыма, звяртання да псіхолага. Нягледзячы на папулярызацыю псіхалогіі і псіхатэрапіі, у грамадстве дагэтуль існуюць стэрэатыпы наконт гэтай прафесіі. Хтосьці лічыць псіхалагічныя праблемы няважнымі, а хтосьці баіцца, што спецыяліст «залезе» ў мазгі. Аповесць Наталлі Канстанцінавай падыходзіць і для дзецей, і для дарослых. Твор можна выкарыстоўваць для пазакласнага ці сямейнага чытання. Аўтар падымае пытанні, якія хвалююць усіх падлеткаў: як знайсці сяброў і не выглядаць дзіўна? як мяне ўспрымаюць іншыя? чаму мне здаецца, што бацькі мяне не разумеюць? хто дапаможа справіцца з эмоцыямі?

Актуальныя праблемы закранае і Алена Асенчык. У час маштабнай інфарматызацыі, панавання інтэрнэту і тэлебачання пашырылася сацыяльнае адзіноцтва, якое перашкаджае людзям свабодна камунікаваць адзін з адным. Здаецца, сусветная павуціна значна спрасціла абмен навінамі, аднак сёння іх стала так шмат, што чалавечы мозг не можа прызвычаіцца. Сацыяльныя сеткі, сродкі масавай інфармацыі ўсталёўваюць новыя парадкі, дзе чалавек страчвае сябе, свае сапраўдныя пачуцці і жаданні. Алена Асенчык праз вершаваныя радкі і яркія метафары перадае глыбіню праблемы.

Утро пришло — и встаешь как 

миленький,

тащишь себя из уюта шаткого.

Цифрами время бежит в мобильнике,

планы — магнитом на холодильнике.

Не уследишь — закидают шапками...

 

Выглянешь в мир —

а ни грамма плоского,

всюду в пространстве одни 

неровности!

Чтобы душой отдохнуть от 

плотского,

я бы сейчас почитала Бродского,

но почему-то читаю новости...

Завяршаюць раздзел «Проза» апавяданні і мініяцюры Рыгора Саланца, напоўненыя любоўю да людзей, да радзімы, да мілых сэрцу мясцін. 

Пісьменнік расказвае звычайныя жыццёвыя гісторыі ў павучальнай форме, у канцы кожнай — мараль з філасофскім падтэкстам. Аўтар закранае розныя тэмы: і любоў да роднага дома, і каханне, якое бывае адзін раз у жыцці, і патрэбу людзей у радасці, і важнасць добрых учынкаў. 

У рубрыцы «Спадчына» ўпершыню за апошнія паўтара стагоддзя апублікавана апавяданне Паўла Шпілеўскага «Знаёмая незнаёмка», якое раней было надрукавана ў часопісе «Современник» за 1851 год. Галоўны герой Поль сустракае дзяўчыну, якая аказваецца яго даўняй знаёмай. Іх звязваюць цёплыя дзіцячыя ўспаміны і лёс, што зноў запланаваў сустрэчу. 

«Кнігасфера» прадстаўляе ўвазе чытачоў рэцэнзіі Таццяны Дашкевіч на кнігу Анатоля Зэкава «Ела львіца піцу» і Ірыны Фамянковай на кнігу Людмілы Шаўчэнка «Адкрыццё». Першы твор прызначаны для дзяцей, але вясёлыя вершы і цікавыя загадкі зробяць кнігу настольнай для ўсей сям’і. Рэцэнзія на «Адкрыццё» Людмілы Шаўчэнка — лагічнае завяршэнне глыбокага псіхалагізму лістападаўскага «Нёмана».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю