Top.Mail.Ru

Лейтматывам творчасці Марыі Шаўчонак застаюцца мужнасць і святло

14.08.2025 | 07:00

Марыя Шаўчонак — вядомая беларуская паэтэса. У аглядным артыкуле, прысвечаным аналізу яе творчасці, літаратурны крытык Аліна Сабуць справядліва заўважыла, што лірычнай гераіні вершаў Марыі Шаўчонак «характэрна надзвычай тонкае ўспрыняцце свету, душэўная замілаванасць жыццём як найбольшым Божым дарункам, шчырая любоў да мурожных прастораў зялёна-блакітнай Беларусі. Яе натхняе цяпло людскога ўзаемаразумення, высакародная веліч кахання, шыкоўныя, песенна-меладычныя чары мовы. Усё гэта, безумоўна, вывяраецца і вымяраецца ранімай душой паэтэсы, перажытым і пражытым, яе пачуццямі, якія няўлоўнымі тонамі пераліваюцца ў шматгалосым, неспазнавальным свеце». 


Калі чытаеш кнігу вершаў Марыі Шаўчонак «Рэха маіх слядоў» (2024), то разумееш, што асноўным лейтматывам творчасці паэтэсы былі і застаюцца такія мастацкія імператывы, як мужнасць і святло. 

Яе вершы падкупляюць высокім майстэрствам і меладычнасцю. Гэта творы сапраўды мужнай пісьменніцы, якая, нават цалкам страціўшы зрок, працягвае займацца творчасцю. Нараджаюцца новыя вершы, яна трымае іх у памяці, а калі з’яўляецца магчымасць — дыктуе сваім сябрам-калегам. 

Ужо на самым пачатку творчага шляху паэтэса з замілаваннем і вялікай любоўю ўслаўляла прыроду роднага краю як невычэрпную крыніцу для любой творчасці. 

Тэма Радзімы займае адметнае месца ў вершах Марыі Сіланцьеўны, але не проста як маляўнічае асяроддзе, а як тое невытлумачальнае адзінства, што злучае пакаленні.

Але з цягам часу заўважаецца пераход ад замілавання да трывогі за лёс роднага краю. З’яўляюцца новыя матывы грамадзянскай лірыкі, нават прадбачанне будучых трывожных падзей. Так, у вершы «Завіруха» чытаем: 

Мне б толькі адчаю самой 

не паддацца,

Нічым не крануць 

набалелай струны.

А дзесьці шалёныя коні 

імчацца,

І рвецца наперад адзін — 

вараны.

Але нават калі гэты «вараны конь» падаецца такім пагрозлівым, аўтар аптымістычна верыць у светлую будучыню і завяршае верш такімі радкамі:

Я раніцай выйду, слядоў 

пашукаю

І буду дзівіцца — нідзе ні сляда!

І ў сонца сама недаўменна

спытаю:

Чаго я? Аб чым я? Якая бяда?

У кнізе «Рэха маіх слядоў» нямала вершаў, прысвечаных вобразу маці, а як паэтэса з тонкім адчуваннем інтымнага свету не прамінула Марыя Шаўчонак і тэму кахання:

Як набліжэнне да роднай душы,

Позірк вачэй тваіх сіні,

Век хваляваць не пакіне,

Хоць ні аб чым ні кажы...

Заўважым, аўтар, нават калі спавядае нешта балючае, то піша не грувасткімі радкамі адчаю, а лёгка і меладычна:

Няхай сляза салёная

З вачэй маіх не просіцца,

Раса з травой зялёнаю

Пакосіцца, пакосіцца.

У кнізе многа вершаў пра родны горад Гродна, пра яго прыгажосць, дзе каштаны «уздымаюцца белымі свечкамі», дзе званы на купалах храмаў услаўляюць імя горада «музыкай светлай Хрыста». А пра Барысаглебскую Каложскую царкву ХІІ стагоддзя паэтэса піша так:

Святая Каложа ўсім дапаможа,

Хто прыйдзе сюды 

памаліцца,

Душою сагрэцца і ўсім сваім

сэрцам

Адзінаму Богу адкрыцца.

«Рэха маіх слядоў» Марыі Шаўчонак — шматгранная паэзія, і сказаць пра ўсе яе грані ў сціслым па аб’ёме водгуку немагчыма. Думаецца, кожны чытач сам знойдзе для сябе на старонках зборніка нямала цікавага, запамінальнага і карыснага.

Шчасце чалавека — гэта бачыць хараство прыроды і мір на мілай сэрцу беларускай зямлі. Шчасце — бачыць вочы каханага чалавека. Але найвялікшае сапраўднае шчасце — проста ўсё гэта бачыць і мець дар дзяліцца з чытачом. 

Анатоль АПАНАСЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю