Выставачны праект «Нітка лёсу. Беларусь — Кітай» знаёміць з унікальнымі экспанатамі з фонду Нацыянальнага гістарычнага музея і прыватных калекцый, якія з’яўляюцца каштоўнымі сведкамі ўсталявання першых культурных кантактаў паміж Беларуссю і Кітаем.
У экспазіцыі прадстаўлены падарункі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь ад кітайскіх дэлегацый, якія наведвалі краіну ў розныя гады, комплекс прадметаў нумізматыкі і баністыкі. Самай старажытнай кітайскай манетай з’яўляецца тун баа 1107–1110 гг. чаканкі імператара Паўночнай Сун Хуэй-цзуна (1100–1125), а таксама шэраг манет XVIII–XIX стагоддзяў і банкноты 1918 і 1923 гг., распаўсюджаных на тэрыторыі Манчжурыі.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае адноўленая беларускімі даследчыкамі «Дыяментавая сутра». Арыгінал кнігі быў знойдзены ў пачатку ХХ стагоддзя ў Дуньхуане — аазісе і гарадскім павеце, які ў старажытнасці служыў брамай у Кітай на Вялікім Шаўковым шляху. Сёння «Дыяментавая сутра» змешчана ў Брытанскай бібліятэцы. Гэта адна з самых ранніх захаваных друкаваных кніг у свеце, створаная ў 868 годзе ў эпоху дынастыі Тан. Беларускія даследчыкі, зацікаўленыя ў рэканструкцыі старадаўніх тэхналогій друку з драўляных досак, пад кіраўніцтвам лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава аднавілі не толькі саму тэхніку друку, але і паперу, на якой была надрукавана кніга. «Дыяментавая сутра» з’яўляецца аўтарытэтным будыйскім тэкстам, створаным не пазней сярэдзіны IV стагоддзя. Імператар Сюань-цзун (712–756 гг.) дынастыі Тан назваў «Кнігу сыноўскай пачцівасці» (канфуцыянства), «Даа дэ цзын» (даасізм) і «Алмазную сутру» (будызм) найважнейшымі класічнымі творамі «Трох рэлігій». Ён асабіста напісаў анатацыі да іх.
У межах выставачнага праекта ўпершыню экспануюцца паштоўкі і фотаздымкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з унікальнай калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава з відамі Паўночнага Кітая. Тут можна ўбачыць краявіды і гарадскія пейзажы Харбіна, Даляня і Ціцікара, партрэтныя і калектыўныя фотаздымкі прадстаўнікоў розных сацыяльных пластоў насельніцтва.

Выстаўка не здзіўляе маштабам, аднак не саступае па гістарычным і мастацкім напаўненні буйным экспазіцыям музея. Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандр Храмы, у межах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва плануецца штогод праводзіць такія выставачныя праекты: «Спадзяюся, калі адкрыецца новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея, мы паўдзельнічаем у форуме».
Сёлета агульная выстаўка краін — удзельніц ШАС пройдзе ў жніўні. Беларусы рыхтуюць 115 экспанатаў.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара