Той, хто вырабляе, і той, хто спажывае, — усе мы зацікаўлены ў высокім узроўні жыцця, хочацца, каб усё было якасным. Прычым на кожным кроку: дзе жывём, працуем, вучымся, лечымся, адпачываем...
На конкурс паступіла 150 работ. Шырокая геаграфія тых, хто адгукнуўся, выказаў грамадзянскую пазіцыю, неабыякава ставіцца да галоўных арыенціраў у жыцці краіны. Калі меркаваць па дасланых творах, аўтары разумеюць важнасць правядзення на дзяржаўным узроўні Года якасці, а цяпер ужо і цэлай пяцігодкі. Узрост удзельнікаў, як і іх прафесіі — розныя. Канкурсанты — прафесійныя літаратары (сярод іх шмат членаў СПБ) і тыя, хто спрабуе сябе ў творчасці: ад школьнікаў да пенсіянераў. Такія конкурсы якраз і праводзяцца з мэтай выяўлення, падтрымкі талентаў, заахвочвання аўтараў да больш актыўнай і дасканалай літаратурнай дзейнасці.
Ва ўдзельнікаў знайшлося шмат нагод, каб паразважаць пра значэнне якасці, падкрэсліць яе ролю і ў той жа час з дапамогай літаратурных прыёмаў паказаць вынікі якаснай працы. Якасць вымяраецца не толькі коштам тавара — грашыма: гэта ўсмешка, апладысменты, запіс у кнізе водгукаў. Слова «дзякуй» — таксама штодзённы знак якасці.
Работы ўсіх удзельнікаў заслугоўваюць увагі — такую выснову зрабіла журы конкурсу, у складзе якога — аўтарытэтныя прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Дзяржстандарта, вядучых прадпрыемстваў краіны. Нездарма пры падтрымцы Дзяржстандарта створаны літаратурны зборнік, у які ўвайшлі многія конкурсныя работы.
Творчасць нашых аўтараў паслужыць лепшаму разуменню ў грамадстве асноваўтваральных прынцыпаў — рабіць усё на найвышэйшым узроўні. Роля Дзяржстандарта пры гэтым — праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку ў тэхнічнай галіне, забяспечваць адзінства вымярэнняў, ацэньваць адпаведнасць, эфектыўнасць. І яшчэ ў Дзяржстандарта шмат іншых функцый — каб рэсурсы ў краіне выкарыстоўваліся рацыянальна. Пра што, уласна, варта дбаць кожнаму. Такім чынам, звернемся да конкурсных работ.
«Якасць паўсюль, дзе б мы ні былі, што б ні рабілі. Набываем у краме прадукты — улічваем іх якасць. Прымаем работу спецыліста — ацэньваем узровень выкананага ім. Пампуем музыку — правяраем узровень гуку. Патрабавальна ставімся да годнасці, ступені прыдатнасці таго, чым збіраемся карыстацца», — разважае ў свах нататках настаўніца пачатковай школы Лілія Ільюшэнка.
«Якасць пачынаецца не з кантролю, не з праграм і методык, не з пошуку пакарання вінаватага, а з нашых паўсядзённых дробязей: кінутага на сцяжынку фанціка, нявыкананага абяцання, спрэчак у чарзе з нагоды і без. Якасць, як і разруха, пачынаецца ў галовах. Якасць — гэта калі табе „не па барабану“», — лічыць Вераніка Маю з Гомеля.
Слушнае і паэтычнае чатырохрадкоўе паэта са сталіцы Генрыха Тарасевіча:
У слове прасветленым «якасць»
Шматгранны акрэслены сэнс.
У ім і жыцця дасканаласць,
І ўрэшце сапраўдны прагрэс.
Журы конкурсу парадавалася «Мары маленькай вытворчасці», пра якую распавяла Алена Ткачэнка (Мінская вобласць). Спярша ў вытворчасці многае не ладзілася. Але яна, упартая і настойлівая, не спынялася: забяспечвала горад неабходным таварам. Аднойчы сюды зазірнуў стомлены падарожнік ISO 9001, які паспрыяў навучанню работнікаў, паляпшэнню якасці прадукцыі, павышэнню эфектыўнасці вытворчасці. Пасля стандарт далучыў сваіх сяброў — іншыя стандарты. І справа пайшла ўгору — вытворчасць атрымала давер кліентаў ва ўсім свеце. Даходліва і зразумела аб ролі і значэнні стандартаў.
ДАСТ... А што гэта за слова?
Штосьці новае, нябось?
Значыць, трэба тэрмінова
Разабрацца, што за «госць».
Так інтрыгоўна пачынае свой верш аўтар з Гродна Наталля Чакун. І знаходзіць адказ: ДАСТ — «З ім выконваем задачы, // З ім да лепшага ідзём».
Анатоль Байдак з Мінска па прафесіі вадзіцель. Дарогі, у тым ліку і за мяжой, — частка яго жыцця. Вось чаму і такія ўражанні: «Надзвычай прыемна, калі на паліцах замежных гандлёвых пляцовак бачыш айчынную прадукцыю. Часам гонар перапаўняе і не змоўчыш, скажаш, што з’яўляешся прадстаўніком той краіны, прадукцыяй якой захапляюцца пакупнікі. Адказам заўсёды служыць цёплая ўсмешка і поціск рукі».
Анатоль Казюка з Жодзіна хваліць «сусветна вядомы БЕЛАЗ», які нясе нязменную працоўную вахту. Многія іншыя знакамітыя беларускія брэнды Аляксей Баранаў з Дзяржынска ў вершы «Народная прыкмета» асацыіруе з дабром, мірам, радасцю працы.
На думку Карыны Айрапетавай (г. Масква), стандарты і якасць служаць лёгкасці быцця. «Калі быць больш дакладным, — заўважае аўтар, — яны здольны добраўпарадкоўваць жыццё людзей і забяспечваць дабрабыт дзяржавы». І яшчэ вельмі слушнае: «Я лічу, што акрамя асэнсаванай і якаснай работы неабходна адукацыя».
«Калі я бываю ў краме, паліклініцы, на пошце, у метро — у любым месцы, звяртаю ўвагу на людзей, якія там працуюць, — дзеліцца сваімі назіраннямі Аляксей Хількевіч, вучань 6 «В» класа ДУА «Гімназія № 7 г. Мінска імя В. І. Лівенцава. — Якой бы справай ні займаўся чалавек, заўважаю складанасць яго работы і адзначаю для сябе, што якасць яго дзеянняў, задач, яго рухавасць, хуткасць прыняцця рашэнняў — усё гэта адлюстроўваецца на камфорце нашага жыцця». Вельмі радуе, што Аляксей на сваіх пакуль невялікіх дасягненнях не збіраецца спыняцца. Як кажа сам, яго не палохаюць новыя задачы, у працэсе якіх неабходна вывучыць або засвоіць нешта новае. «Якасна выконваць любую работу, — упэўнены хлопец, — можна тады, калі любіш яе і пастанна ўдасканальваешся. Гэта пацвярджае вядомае прыслоўе „век жыві — век вучыся!“»
Вось такі палымяны зварот адрасуе моладзі вядомы пісьменнік Сяргей Давідовіч, які мае багатую скарбонку выдатных літаратурных твораў:
Да моладзі зваротнай — адрасна:
Жыццё — і полымя, і лёд.
Ляціце ў свет, жывіце якасна
Усё жыццё, не толькі год!
* * *
Ёсць у конкурснай пошце і лісты пра адносіны да працы як асновы чалавечага быцця і слушныя думкі пра прафесію — «калі яна стане лёсам» (Дзмітрый Бястолкаў, г. Мічурынск).
Аўтары паэтычным радком пастараліся ўславіць Праметэя-каваля, які спазнаў сакрэт агня (Наталля Калмагорава, Расія). Адлюстравалі вобраз настаўніка, які заўсёды там, дзе «прапісана дзяцінства» (Ірына Шлемянкова, г. Мінск). Апеты араты, які рыхтуе зямельку пад новы ўраджай (Наталля Саветная, г. Гарадок). Алесь Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ, наогул прысвяціў часу сяўбы паэму. «Так нараджаецца бяздонны // Вясновы дзень, што корміць год». Вельмі ёмкае азначэнне сутнасці жыцця селяніна, які ніколі не здрадзіць роднай зямельцы. А вось радкі з верша Аксаны Карповіч: «І немагчыма наталіцца // Пяшчотным дотыкам рукі. // Да нівы, што закаласіцца, // Да лусты з роднае мукі...» Паэтычна. Кранальна.
І, пагадзіцеся, гэта таксама пра якасць.
Бо менавіта ад стаўлення чалавека да сваёй справы залежаць і матэрыяльныя, і духоўныя каштоўнасці. Нездарма існуе шмат народных мудраслоўяў: майстар сваёй справы, на ўсе рукі майстар, Богам пацалаваны і г. д. У самога слова «майстар» шмат блізказначных слоў: спецыяліст, віртуоз, умелец, прафесіянал, маэстра.
Аўтары дасланых на конкурс работ дапамаглі пазнаёміцца і з канкрэтнымі людзьмі, якія даўно заслужылі павагу і аўтарытэт сярод землякоў.
«Хай будзе святло!» — такі сцвярджальны загаловак артыкула Анатоля Бензерука з Жабінкі. І далей спасылка на адкрыты дзвесце гадоў назад вучоным Майклам Фарадэем прынцып выпрацоўкі энергіі, без якой сёння ніхто не ўяўляе жыцця. Гэта цудоўна ўсведамляюць начальнік Жабінкаўскага РЭС Дзяніс Шышчыц і кожны з паўсотні яго работнікаў. Сваімі справамі яны займаюцца і ўдзень, і ўначы. Шчыруюць самааддана, вераць: калі парадак і шчасце ў доме, ярка свеціць не толькі лямпачка — чалавек свеціцца.
Пенсіянерка з г. п. Расоны Вольга Заваротная ўспамінае, як у жніўні 1979 года ў мясцовую дзіцячую музычную школу прыехала выкладчыца Лідзія Ляшэнка, якая стала ў далейшым Задзвінскай. Яна звязала свой лёс не толькі з самадзейнасцю, але і з выдатным вакальна-харэаграфічным ансамблем «Свяціца». Доўгі час кіруе знакамітым калектывам, які радуе гледача.
Такі ж цёплы аповед Аляксандра Матошкі пра Фёдара Гаўрыловіча — музыканта з Расоншчыны. Уразіў радок з яго біяграфіі: «У вучылішча быў прыняты без першапачатковай музычнай адукацыі „у парадку выключэння“». Вось такія самародкі нараджаюцца на нашай зямлі!
Галіна Капецкая прадставіла цыкл нарысаў пра работнікаў культуры Светлагорскага раёна, якія імкнуцца да якаснага выканання сваёй творчай працы і да самаўдасканалення.
Таццяна Дзеніскавец з Гомеля пра Васіля Крываногава ведала даўно: сюжэты па тэлевізары, артыкулы ў газетах. Пра ўражанні пасля блізкага знаёмства з незвычайным чалавекам Таццяна Мікалаеўна распавядае ў сваім нарысе эмацыянальна. На сустрэчы яна была разам з навучэнцамі Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа імя Ленінскага камсамола Беларусі. Усе яны прыйшлі да высновы: «Нельга перамагчы таго, хто ніколі не здаецца!»
Яшчэ адна кранальная гісторыя пра знаёмства, якое адбылося пяцьдзясят гадоў назад у Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, куды крымчанка Таццяна Шахлевіч прыехала на вучобу. Тады і сустрэлася з Аленай Шпакевіч. Мнагадзетная маці, якая рана страціла мужа, дваццаць пяць гадоў узначальвала сельсавет. Пра такіх, як яна, у народзе кажуць — генератар ідэй. Многае на вёсцы змянілася ў лепшы бок дзякуючы ёй.
У полі зроку нашых канкурсантаў і два тэатры. Вера Зелянко з Мінска распавядае пра Вялікі тэатр Беларусі, як пра «ўзрушэнні маёй душы». Ганна Седзюковіч, навучэнка ДУА «Гімназія № 7 г. Мінска імя В. І. Лівенцава», спрабуе даведацца ў дырэктара Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Веры Паляковай-Макей пра жыццё ўстановы культуры, якое застаецца за кулісамі. На сцэне ж адбываюцца такія захапляльныя дзеі, за якія тэатрал актыўна «галасуе білетам». І гэта, пагадзіцеся, таксама своеасаблівы знак якасці.
Тамара Краснова-Гусачэнка, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення СПБ, свае вершы адрасуе юнай аўдыторыі.
З маленства вучыць парадку, дысцыпліне, акуратнасці. Казачныя лясныя героі, напрыклад, будуюць домік — каб быў моцны, утульны і каб запасы меліся ў ім.
Свае творчыя работы даслалі і Святлана Окунева з в. Седзіч Быхаўскага раёна («Пагуляем у словы»), Дзмітрый Нікалаеў з Мінска («Прыгоды Мішы ў краіне Стандартыі»), Іна Зарэцкая з Гомеля («Што такое ДАСТ?»).
Ёсць работы, пра якія можна было б сказаць «не па тэме» конкурсу. Людзі наогул захапляюцца нашай краінай, бо яна для іх найлепшая ў свеце. Ёю яны ганарацца, жадаюць мірнага і шчаслівага лёсу. Жыццё ў Беларусі яны асацыіруюць з ажыццяўленнем сваіх мар і надзей.
Гэта пацвярджаюць і радкі паэта Уладзіміра Шымановіча з Дзяржынска:
Убачыце, як лён квітнее ў полі
І як жытнёвы плешчацца прыбой.
Нікому не скарылася ніколі
Краіна якасці, свабоды, гонар мой!
Алена СТЭЛЬМАХ