Па словах вядомага беларускага паэта Віктара Шніпа, сям’я — гэта сонца, якое не заходзіць, гэта вечнасць, у якой мы не знікаем... Сапраўды, сям’я — гэта вялікая сумесная праца, калі людзі вучацца разам, у адзінстве, ствараць своеасаблівую святыню, дапамагаючы і падтрымліваючы адно аднаго ва ўсім. А дзеці ў сям’і выхоўваюцца прыкладам бацькоў.
Менавіта ў бацькоў перанялі ўсё лепшае браты Марозавы — Дзмітрый, Рыгор і Аляксандр. Старэйшы з іх стаў вядомым беларускім паэтам. Пра сваю сям’ю, сваіх родных і блізкіх людзей напісаў кнігу «Радзіма, радзіна, рабіна мая». У ёй ёсць і вершы, і проза самога Змітрака Марозава, і эпісталярная спадчына яго маці, а таксама фотаздымкі.
У своеасаблівай прадмове аўтар гаворыць: «Калі я разважаю аб жыцці родных мне людзей, аб сваім радаводзе, — усё больш і больш пераконваюся ў тым, што кожнаму чалавеку неабходна да дробязей ведаць свае вытокі, пакінутыя ў спадчыну часам і памяццю. Толькі так можна вызначыць для сябе самога, кім бы ты быў без гэтых людзей».
Свой аповед аўтар пачынае з маленства. З вялікай любоўю пісьменнік расказвае пра сваю бабулю па лініі бацькі Аніссю і дзеда Васіля, яе мужа. Пабраліся яны шлюбам у канцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Займелі дваіх дзетак, працавалі ад цямна да цямна, не было калі і перадыхнуць, затое завялі сваю гаспадарку. Аднак, як і многія ў той час, трапілі пад раскулачванне. А ў час Вялікай Айчыннай вайны дзед Васіль па-геройску загінуў пры вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Бабуля Анісся перажыла часы галоднага ваеннага ліхалецця і нішчымніцу першых пасляваенных гадоў. Некалькі сотак свайго прысядзібнага ўчастка засявала жытам і выпякала свой хлеб. Нічога смачнейшага за бабулін хлеб Змітрок Марозаў ніколі не каштаваў. Удзячны ўнук і за тое, што бабуля Анісся прывучыла яго да нялёгкай сялянскай працы. А самае галоўнае — бабуля ведала шмат казак і доўгімі зімовымі вечарамі расказвала іх любімаму ўнуку. А той на другі дзень пераказваў сваім аднагодкам, нешта прыбаўляючы, штосьці выдумляючы, — зараджалася творчасць будучага таленавітага паэта...
Была ў Змітрака Марозава і яшчэ адна бабуля, па мацярынскай лініі — Домна, быў і дзед Паўлюк, яе муж. Дзед ваяваў падчас Першай імперыялістычнай вайны, удзельнічаў у знакамітым Брусілаўскім прарыве ў 1916 годзе, быў паранены. Ужо ў немаладым узросце пайшоў на другую вайну — Вялікую Айчынную. Засталася бабуля Домна адна з чатырма дзецьмі. Многа выпрабаванняў выпала на яе долю ў час вайны, нават у Германію фашысты хацелі яе з дзецьмі вывезці, выратавала іх толькі тое, што захварэлі на тыф. Пасля вайны яна старанна працавала ў калгасе, была ўзнагароджана медалём «За працоўную адзнаку». А ўнуку бабуля Домна запомнілася яшчэ і тым, што цудоўна спявала прачулыя песні, розныя мясцовыя прыпеўкі.
У вершы «Памяці бабуль Аніссі і Домны» ёсць такія радкі:
Аляксандры, Аніссі, Домны —
Сінь вачэй і пяшчота рук,
Беларусі маёй мадонны,
Мовай вашаю гавару...
Ночы цемрай вам вочы калолі,
Днямі вам не хапала святла,
Ды ніколі ў жыццёвым полі
Вы не сеялі зерне зла...
Як сказаў у свой час незабыўны Янка Сіпакоў, усе мы з хат. Так, большасць беларусаў — выхадцы з вёсак. І не ў кожнай з іх сустракаліся п’яніцы-няўдаліцы, затое ў кожнай былі і ёсць выдатныя лю-
дзі-працаўнікі. Яны не маглі і не могуць працаваць дрэнна, за што ні возьмуцца — справа ў руках гарыць. Менавіта такім запомніўся Змітраку Марозаву бацька — Дзмітрый Васільевіч.
Не было ў вёсцы такога рамяства, якім бы ён ні валодаў. Вось як аб гэтым піша сын: «З дзяцінства ён вучыў мяне, малодшых братоў Рыгора і Алеся навуцы плуга і касы, пілаваць і секчы на зіму дровы, карацей кажучы, рабіць усю мужчынскую работу. Моцы і цягавітасці Міцькі Марозава зайздросцілі многія вясковыя мужыкі. Напрыклад, адным ударам кулака бацька заганяў даўгі цвік у дошку-саракоўку. У вясёлай кампаніі мог пад гармонік па-заліхвацку станчыць „Яблычка“ альбо „Лявоніху“. Не мог трываць няшчырасці, падману і несправядлівасці».
Строга, а часам і жорстка, у адрозненне ад жаласлівай матулі, бацька падыходзіў да выхавання сваіх сыноў, за што тыя цяпер удзячныя яму.
Маці паэта — Вера Паўлаўна (у дзявоцтве Кандрашова) пасля заканчэння Аршанскага педагагічнага тэхнікума прыехала на працу ў Язбоўскую сярэднюю школу Крупскага раёна Мінскай вобласці. Тут выйшла замуж за Дзмітрыя Марозава, а застаўшыся ўдавой, вясковая настаўніца прысвяціла сябе сынам і іх сем’ям. Выдатны педагог, яна пісала ім гарачыя, хвалюючыя, шчырыя, павучальныя пісьмы. У старэйшага сына іх захавалася больш за сотню, асобныя з іх ён змясціў у сваёй кнізе. І сам аўтар падкрэслівае непарыўную сувязь з вёскай, са сваімі роднымі і блізкімі, з малой радзімай:
Я з вёскі,
Я — свойскі,
Язбоўскі,
Сялянскі,
Славянскі,
Зямны,
Ад лугу,
Ад плуга,
Дзе туга
Даваўся мне ўкос...
Я з вайны.
Маланкамі мечаны,
Вечнасць
Узняў я на плечы свае...
Я з вёскі,
Я — свойскі,
Язбоўскі, —
Адсюль і трывогі мае.
Якую б задачу перад сабой ні ставіў аўтар пры напісанні гэтай кнігі, у ёй, як у люстэрку, адбілася гісторыя большасці сямей нашай краіны.
Міхась СЛІВА