На мінулым тыдні ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё выстаўкі фатаграфій «Адзінства з космасам». Арганізаваная ў супрацоўніцтве з Беларускім грамадскім аб’яднаннем фатографаў і Саюзам фотамастакоў Расіі экспазіцыя знаёміць з работамі лётчыка-касманаўта, Героя Расіі, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навук, галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі прыродазнаўства і тэхнікі імя С. І. Вавілава РАН, прафесара Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава Юрыя Батурына.
Здымкі Зямлі, якія склалі аснову тэматычнай выстаўкі, зроблены Юрыем Міхайлавічам на арбіце. Захапленне прыгажосцю і непаўторнасцю планеты і разуменне маштабу бясконцасці космасу адчуваецца ў кожным творы.
«Адзінства з космасам» можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі... Фотаматэрыял першага палёту ў якасці касманаўта-даследчыка на арбітальны комплекс «Мир» Юрый Батурын прадэманстраваў у 1999 годзе, а ў 2001 годзе выстаўку дапоўнілі работы, створаныя падчас яго другога палёту ў якасці бортінжынера (касманаўта-выпрабавальніка) ужо на Міжнародную касмічную станцыю. І цікава назіраць за зменамі ў адлюстраванні фатографам велічнага і таямнічага космасу, дзе ён знаходзіўся амаль 20 сутак.
— У свой час Юрый Міхайлавіч вырашыў, што пакуль гэтыя работы дэманстравацца не будуць, — заўважыў старшыня агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Саюз фотамастакоў Расіі» Дзмітрый Іваноў. — Гэта было звязана з тым, што ён узначальваў нашу суполку і правядзенне ўласных выставак палічыў лішнім. Цяпер здымкі, надрукаваныя нанова, падрыхтаваныя і апрацаваныя, склалі гэтую экспазіцыю. І я ў захапленні ад выніку.
Між тым дэманструюцца фота і ўрыўкі з асабістага палётнага дзённіка лётчыка-касманаўта. Куратар Алена Данброва расказвае, што тэкст дазволіць гледачу даведацца пра эмацыянальны стан аўтара, яго досвед, зразумець, як ён успрымае тыя падзеі.
— Аднойчы ў мяне спыталі, якую музыку лічу самай «касмічнай», і я адказаў, што гэта творы Іагана
Себасцьяна Баха, —расказаў Юрый Міхайлавіч. — На жаль, не ўсе работы, а таксама вытрымкі з дзённікаў увайшлі ў экспазіцыю, аднак пра славутага кампазітара згадкі там ёсць. Варта было б гэтыя запісы выдаць кнігай, і калісьці мы з Андрэем Іванавічам Баскакавым, першым старшынёй Саюза фотамастакоў Расіі, збіраліся надрукаваць тэксты разам з фатаграфіямі ў якасці ілюстрацый. Ён узяўся рабіць макет... Аднак у 2014 годзе майго сябра не стала. Праца спынілася, і нікому не хацелася яе аднаўляць.
І ўсё ж такі гэтая выстаўка падказала, што неабходнасць у падрыхтоўцы выдання не знікла.
Праект «Адзінства з космасам» будзе працаваць у галерэі Савіцкага да 16 лістапада. Дарэчы, у яго ўключаны і скульптуры народнага мастака Беларусі Івана Міско, які асноўную частку сваёй творчасці прысвяціў тэме касманаўтыкі. Творца знаходзіць пляцоўку для размяшчэння экспазіцыі ўдалай, аднак лічыць, што работы Юрыя Батурына было б варта паказаць ва ўсіх абласных гарадах нашай рэспублікі.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара