Top.Mail.Ru

Кніжны актыў ды інтэрактыў

22.08.2025 | 15:08

Што такое «спіс кніг на лета», усе ведаюць добра — не падручнікі, але літаратура, чытаць якую раяць на канікулах для агульнага развіцця альбо маючы на ўвазе будучы навучальны год. Бо канікулы канчаюцца — і прыходзіць час сядаць за падручнікі, якія дзеці цягам навучальнага года бяруць у рукі часцей за іншыя кнігі. Пры тым, што ёсць урокі літаратуры і так званае пазакласнае чытанне, як і жаданне дзіцяці выбраць кніжку на свой густ. І калі ласка — да новага навучальнага года выдавецтвы краіны падрыхтавалі шэраг навінак. Не толькі выданні мастацкай літаратуры ды абноўленыя падручнікі, але кнігі-гульні, кнігі з інтэрактывам і дапоўненай рэальнасцю — сучасныя падыходы і тэхналогіі дапамагаюць зрабіць працэс навучання і выхавання цікавым і займальным. На што зроблены акцэнт?


Найлепшы падарунак

Да Дня ведаў дзеткі, якія толькі знаёмяцца са школай, атрымаюць у падарунак вучэбны дапаможнік «Беларусь — наша радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі Аляксандра Лукашэнкі першакласніку». Яго традыцыйна да новага навучальнага года рыхтуюць «Акадэмія адукацыі» сумесна з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне». 

— Гэта кніга, з якой цікава будзе вучыцца, з якой зручна будзе працаваць і настаўніку пачатковых класаў, — падкрэсліла намеснік дырэктара па маркетынгу і камерцыйнай дзейнасці «Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Настасся Радзікевіч: — Дапаможнік змяшчае шмат інфаграфікі і сучаснай інфармацыі, якую штогод абнаўляюць. Аздоблены прыгожымі малюнкамі і абазначэннямі. Дадатковая дапоўненая рэальнасць спрашчае працэс разумення матэрыялаў. Ёсць магчымасць нават паслухаць гімн Беларусі.
Яшчэ адзін адметны праект выдавецтва — «Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Сёлета шмат увагі тэме Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, і ўсе гэтыя выданні карыстаюцца попытам.

Сёлета ўпершыню ў выдавецтве збіраюцца выпусціць зборнікі тэстаў да падрыхтоўкі ЦТ і ЦЭ на прыкладзе заданняў 2025 года, але карысны ён будзе абітурыентам ужо 2026-га. 

Цікавы кірунак — адукацыйныя гульні. Першая: «Беларусь: гісторыя і сучаснасць» некалькі разоў перавыдавалася, яна складаецца з пытанняў пра Беларусь па абласцях (цяпер будзе перавыдадзена па-руску). Ёсць праект «Зроблена ў Беларусі. Знак якасці»: дзеля таго, каб інфармацыя ў кнізе была дакладная, напісалі больш за 60 лістоў на прадпрыемствы Беларусі. Вырашылі, што трэба зрабіць адукацыйную гульню (яе рэцэнзуе «Акадэмія адукацыі») з полем і фішкамі, заданнямі ў некалькіх катэгорыях, сярод якіх ёсць пытанні па працоўным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, што будзе карысна і бацькам. 

10_30_Обложка Падарунак 2025.jpg

У серыі «Проста аб галоўным» выйшла некалькі кніг, на дадзены момант апошняя з іх — «Дзецям аб правах і абавязках». Рыхтуецца выданне «Дзецям аб інфармацыйнай бяспецы», дзе тлумачыцца небяспека розных сучасных прылад і кірункаў: ад тэлефонаў, сацсетак, лічбавай і фінансавай бяспекі да штучнага інтэлекту. Серыя «Я ганаруся» заснавана па ініцыятыве Міністэрства адукацыі і раскрывае 18 тэм. Гэта кніжкі кішэннага памеру, з дапоўненай рэальнасцю, «агучкай» на рускай і беларускай мовах. Адна з апошніх, што выйшла ў гэтай серыі, — «Узнагароды Вялікай Айчыннай вайны». Праект «Вынаходніцтвы і адкрыцці Беларусі» — таксама з дапоўненай рэальнасцю, дзе можна знайсці нават відэа. 

Калі хто шукае цікавае чытанне для школьнікаў, то ў серыі «Замежная класіка дзецям» падрыхтаваны цудоўны пераклад «Тома Соера» Марка Твэна. Звяртаюць увагу і на творы Ірыны Токаравай, былой настаўніцы, якая піша сучасныя і добрыя кнігі. 

Цікавае чытанне

Калі гаворка менавіта пра літаратуру — мастацкую і пазнавальную, то і тут ёсць на што звярнуць увагу. 

— Усе кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура» — гэта творы беларускай літаратуры, — класічнай і сучаснай, — адзначыў намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. — У нас ёсць серыі, якія адрасаваны канкрэтна школам. Напрыклад, у серыі «Бібліятэка пачатковай школы» сёлета выйшла пяць кніжак. «Мая цудоўная сям’я», «Усе колеры года», «Слаўлю я свой край любімы» — зборнікі, у якіх змешчаны вершы, проза сучасных аўтараў і класікаў, што вывучаюцца ў школе, бо кніжкі мы складаем у адпаведнасці з вучэбнай праграмай і творамі, якія павінны быць прачытаны дзецьмі. Таксама ў гэтай серыі «Храбры певень» Якуба Коласа і «Ветлівы свавольнік» Ніны Галіноўскай. Ёсць школьная хрэстаматыя, якая таксама складаецца ў адпаведнасці са школьнай праграмай з творамі беларускіх і замежных пісьменнікаў: Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Івана Пташнікава... 
Серыя «Школьная бібліятэка» папаўняецца творамі замежнай літаратуры дадатковага чытання ў 5–9-х класаў. Серыя «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» — класіка, якая сугучная школьнай праграме. У нас ёсць «Бібліятэка беларускай паэзіі». У серыі выйшла каля 15 кніжак — таксама класікаў, якія вывучаюцца ў школе. Выданні будуць карыснымі настаўнікам, якія хочуць пазнаёміць сваіх вучняў з літаратурай больш шырока. І яшчэ вядомае, але па-новаму: «Новую зямлю» Якуба Коласа ўпершыню цалкам друкуюць у перакладзе на рускую мову. 

10_30 a.jpg

Для чытання ў вольны час школьнікам будзе цікавая кніга «Дзяцінства светлы шлях», у якой змешчаны апавяданні і вершы пра дзяцінства, сяброўства, заняткі спортам... 

Віктар Шніп звярнуў увагу на асаблівае выданне: «Як сказаць па-беларуску?». Яно адрасавана тым, хто хоча засвоіць беларускія назвы самых розных прадметаў і з’яў: сутнасць слоў можна зразумець праз творы. Выданне багата ілюстраванае. Спатрэбіцца многім, не толькі дзецям.

Выданні з гісторыяй

Выдавецтва «Беларусь» таксама прапануе паглыбленне ў беларускую літаратуру: серыя «Кніжная паліца школьніка» ствараецца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі. У гэтай серыі друкуюцца хрэстаматыі для пачатковай школы, для сярэдніх і 11-х класаў, куды ўваходзяць творы як беларускіх, так і класікаў рускай літаратуры. Не забываюць і пра самых маленькіх чытачоў: «Добры дзень» — гэта чытанка для дзетак дашкольнага і для малодшага школьнага ўзросту з творамі беларускіх аўтараў. Але ў большасці гэтае выдавецтва прапануе пазнавальныя і карысныя выданні для фарміравання кругагляду і пашырэння ведаў. 

10_30 b.jpg

— З больш чым 100 найменняў кніг у год, якія выпускае выдавецтва, больш за 70–80 % прысвечаны гісторыі і культуры Беларусі. Кнігі, як правіла, навукова-папулярныя. На працягу многіх гадоў існуе серыя «Гісторыя для школьнікаў». На сёння ў гэтай серыі выйшла каля 100 кніг, — адзначыла Анжэла Садоўская, намеснік аддзела рэкламы «Выдавецтва «Беларусь». — Гэта кнігі наогул пра гісторыю Беларусі. Каб яе ведаць не павярхоўна, трэба звяртацца не толькі да той інфармацыі, якая змешчана ў падручніках. Любы педагог спрабуе знайсці дадатковую інфармацыю. Да 1 верасня выпусцім кнігі: «Першая сусветная вайна на беларускіх землях» і «Мінск вачамі беларускіх мастакоў». Усе нашы аўтары — вядомыя гісторыкі. Інфармацыя, выкладзеная ў гэтых кнігах, як правіла, пацвярджаецца дакументамі. 
Акрамя гэтага, у серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» выйшла шмат кніг, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны — яны добра ілюстраваны, разлічаны на дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Адна з апошніх — «Руіны не спяць: подзвігі на беларускай зямлі ў першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны». Выдавецтва «Беларусь» прапануе сем-восем кніг з гэтай серыі ў год, яна запатрабавана і для дадатковага чытання, і для падрыхтоўкі рэфератаў. Таксама разышоўся амаль увесь 5000-тысячны наклад кнігі «Нашчадкі Перамогі», якая выйшла зусім нядаўна: гэта вайна вачыма сведкі тых падзей. Акрамя бібліятэк, яе заказваюць школы. 
Бо гэта вайна вачыма сведкі, а разумець, што перажылі людзі, можна не толькі праз падручнікі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю