— Некалькі дзён назад я адправіла 16 кніг у Бярэзінскую раённую бібліятэку, з якой маю даўнія сяброўскія повязі, — расказвае Рыма Міхайлаўна. — Сярод кніг і зборнік «Ландшафт дружбы». Міхаіл Хонінаў партызаніў на Міншчыне і Магілёўшчыне. Удзячныя беларусы прысвоілі майму бацьку званне Ганаровага грамадзяніна горада Беразіно. Адна з вуліц райцэнтра носіць імя Міхаіла Хонінава. У горадзе ёсць і мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніка. Пакунак з кнігамі адпраўлены і ў Магілёўскую абласную бібліятэку. Яшчэ рыхтую пасылку ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Рыма Ханінава — доктар філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела фальклору і літаратуры Калмыцкага навуковага цэнтра Расійскай Акадэміі навук, член Саюза пісьменнікаў Расіі, паэтэса, празаік, перакладчык. Яна неаднойчы наведвала Беларусь, вандравала па мясцінах, якія звязаны з ваенным лёсам Міхаіла Ванькаевіча, які за партызанскія подзвігі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а таксама прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, пра што сведчаць адпаведныя архіўныя матэрыялы. Даследчыца ўдзельнічала ў адным з міжнародных сімпозіумаў літаратараў «Пісьменнік і час», якія традыцыйна праводзяцца ў Мінску.
Дзякуючы намаганням Рымы Ханінавай у перакладзе на калмыцкую мову з’явіліся публікацыі твораў многіх беларускіх пісьменнікаў.
А ў газетах, часопісах Беларусі па ініцыятыве руплівага арганізатара беларуска-калмыцкага літаратурнага пабрацімства з’яўляюцца публікацыі вершаў і апавяданняў калмыцкіх пісьменнікаў.