Адметная кніжка і незвычайным зместам. Каб цікаўнаму чытачу было прасцей арыентавацца ў тэксце, аўтар змясціў у ім адгадкі — назвы птушак.
З першай старонкі пісьменнік уступае ў дыялог з чытачом і запрашае маленькага аматара чытання наведаць птушынае царства. А ў незвычайным літаратурным падарожжы абяцае мноства дзівос і адкрыццяў. А таксама раіць маленькаму падарожніку быць уважлівым і занатаваць усе цікавінкі.
У птушыным царстве іх
Многа дзіваў ёсць сваіх.
Ты за імі пацікуй,
На паперы занатуй.
Так, аўтар з гумарам даводзіць да дзіцяці — птушка на літару «А» — аўсянка, мае асаблівае меню. І зусім не ўжывае аўсяную кашу. А елавік ніколі не ловіць для сваіх крыжадзюбых птушанят мошак і камароў, бо тыя нараджаюцца ўзімку. Сталоўка для іх сямейкі — звычайная лясная елка. З яловых шышак птушка спрытна трушчыць арэшкі для сябе і сваіх птушанят.
Дзіцячы пісьменнік нязлосна жартуе з даўганогага спрынтара страуса эму. Гэтаму экзатычнаму скараходу не набрацца абутку.
У вершы пра бакаса Хведар Гурыновіч распавядае пра яго незвычайную песню. Дзюбатая птушка не свішча і не кувае, як іншыя, а «пад аблокамі мэкае ранкам, // таму і завуць яе ў вёсцы баранчык».
Маленькаму чытачу цікава будзе даведацца пра пярнатага санітара — крумкача, сапраўднага пушчанскага гаспадара. «Над палеткам, над гарою // „Скрып“ ды „скрып“ крыло старое. // Трыста год жыве ён быццам. // Сам арол яго баіцца». І пра паветранага штурмана, які ніколі не саб’ецца ў дарозе, — вяртлявага голуба турмана. «То куляецца ён у палёце, // То завісне, нібы верталёцік. // Але робіць узмах ён за ўзмахам, // Вось ужо вуркоча ён на даху».
Кніга не толькі знаёміць з прадстаўнікамі птушынага свету, але і вучыць дабрыні і спагадзе да ўсяго жывога. Хведар Гурыновіч нагадвае свайму маленькаму суразмоўцу не забыцца ў лютую зімовую сцюжу пра галоднага верабейку.
Пісьменнік спачувае ўсім жывым істотам. Гэта і маленькія мушкі, якім няма жыцця ад юркай мухалоўкі, і няўдачлівая перапёлка з паколатымі ножкамі, і басаногі кулік-хадульнік, у якога пачырванелі ногі ад вячэрніх халодных рос, і пацярпелая ад ліхадзея-ястраба безабаронная галубка.
Пісьменнік наўмысна надзяляе чалавечымі якасцямі сваіх птушыных герояў. Ён захапляецца руплівасцю і працавітасцю першага вартаўніка пладовага сада — шпака. Сур’ёзна папярэджвае пярэстага разбойніка-ката, каб той не нарабіў шкоды ў шпакоўні. Ставіць у прыклад адважнага і нястомнага купальшчыка — качара нырца.
Кніжка «Птушыная азбука» Хведара Гурыновіча знаёміць дапытлівага маленькага сябра з народнымі прыкметамі. Так, дзіцяці будзе цікава даведацца пра паводзіны ластаўкі, звязаныя са зменай надвор’я, а таксама аб тым, як адрозніць саву ад філіна.
Пісьменнік шчыра прызнаецца, што на літары «О», «Ы» і «Э» птушак не адшукаў. Але знайшоў выйсце для мяккага знака. Па словах аўтара, той ідзе іншай дарогай — «у хвасце пастаяць ён ахвочы».
Выданне багата аздоблена фотаздымкамі з архіваў Жлобінскага заапарка і АТК «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы». Рэкамендавана кніжка-загадка дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Ганна СТАРАДУБ