Мы, чытачы, людзі, да якіх дакранулася яе душа. І мы адчуваем, якая яна то тонкая, то пяшчотная, то няўрымслівая, то ўзбуджаная. І хоць нарадзілася Наталля Віктараўна ў Расіі,
у Калінінградскай вобласці, але праявіла сябе ў Беларусі, у Гарадку, які стаў, па сутнасці, для яе другой радзімай.
У гэтым краі пісьменніца ўсвядоміла, што такое Радзіма. Менавіта Айчына, любоў да яе прысутнічае ва ўсіх кнігах і творах.
Як настаўнік беларускай мовы і літаратуры хачу падзякаваць Наталлі Саветнай і сказаць шмат добрых, цёплых слоў пра яе — пісьменніцу і чалавека. Яна заявіла аб сабе вельмі сціпла, але голас быў моцны і даходзіў да кожнага чытача. Прачытаўшы яе верш «В глазах ни слезы, ни мольбы...», адразу ўбачыш, што аўтар — чалавек мудры, добры, які любіць родную зямлю і свой народ.
Глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет іншага чалавека дапамагае стварыць шэраг праўдзівых вобразаў.
Глыбокі лірык, яна ўсё прапускае праз сваё сэрца. Тэма вайны і міру — скразная ў яе творчасці. Вось і ў чарговай кнізе «Была бесконечной война» гэтая тэма праходзіць скразной ніткай. Яе творчасць — мастацкі летапіс, у якім пазнаецца недалёкае мінулае ў непарыўнай сувязі з сённяшнім часам. Гэта нібы помнік вялікаму подзвігу звычайнага чалавека ў страшных умовах нямецка-фашысцкай акупацыі. Новы зборнік прозы, як сказана ў анатацыі, — «памяць землякам-беларусам і ўсяму савецкаму народу, якому ўдалося выстаяць, зберагчы веру і перамагчы ў вайне».
Набатам гучыць яе аповесць «Хитько». Словы галоўнага героя, калі ён разважае пра сэнс свайго існавання, з’яўляюцца гімнам жыцця: «А вот он, Хитько, живёт. Зачем? Для чего учился, работал, любил, страдал? Может быть, для того Господь и одарил его талантом, для того и выжил он в тот страшный февральский день сорок третьего, когда фашисты сжигали его вместе с родными и соседями, чтобы теперь вдруг осознать своё главное предназначение? И, конечно, оно не в том, чтобы молчать и скромно прятать боль под каменным спудом забвения из-за страха вновь пережить то, что, казалось, и пережить невозможно. Нет, именно этой болью, её мучительной силой он должен творить и творить до последнего своего дня, чтобы приумножить данное ему Богом и чтобы в веках сохранить память о страданиях и жуткой смерти безвинных земляков».
Галоўнай гераіняй наступнага твора «Дотянуть до весны» з’яўляецца Наталля Арсенцьеўна Каранчукова — чалавек сталага ўзросту: сто два гады. Усіх пахавала яна. Колькі гора, а чалавек жыве! Усё было ў яе жыцці: калектывізацыя, страшны трыццаць сёмы год, вайна і цяжкасці пасляваеннага часу. Дарога на радзіму абуджае яе памяць і болем адгукаецца ў сэрцы чытача. Бяссоннай ноччу ўсё ўспомніла Наталля Арсенцьеўна, жыццё прабегла перад яе вачыма. А галоўнае — твары, твары і твары.... Усіх тых, каго яна ведала, побач з кім жыла. «Теперь бы до весны дотянуть, — размечталась, ласково-лукаво посматривая на внучку. — Я по осени восемь яблонек высадила и три груши. Надо же глянуть, как листочки выпустят — к Дню Победы!»
Аповесць «Вайна не закончится завтра» выйшла ўпершыню ў часопісе «Нёман» сёлета. Яна была добра прынята чытачамі. Высока ацаніла твор і крытыка. Кожная старонка нібы ажывае, хочацца чытаць і перачытваць яе. Нават часам уздзейнічаць на некаторыя моманты, каб палегчыць невыноснае становішча, у якім апынуліся галоўныя героі. Так тонка і дасканала аўтар апісвае цяжар перажытага, што нельга чытаць усё гэта без болю. Трэба адзначыць, што кніга выйшла да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі ў серыі «Дзеці вайны» і прататыпамі яе герояў з’яўляюцца рэальныя людзі.
Святлана СТУДЗЯНЦОВА