Top.Mail.Ru

Клуб «Спадарыня» адсвяткаваў 10-гадовы юбілей

07.06.2025 | 07:00

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае 10-годдзю клуба творчых жанчын «Спадарыня», створанага пры Мінскім гарадскім аддзяленні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 


Павіншаваць спадарынь з юбілеем прыйшлі старшыня МГА СПБ, вядомы паэт, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў, навуковец, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч, загадчыца сталічнай бібліятэкі № 5 Вольга Партач, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Нарбекава, паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі, а таксама ансамбль народнай музыкі і песні «Менскі гармонік» пад кіраўніцтвам Івана Катовіча.

Ансамбль «Менскі гармонік» і распачаў мерапрыемства. Вясёлыя беларускія песні адразу стварылі добры настрой. 

Затым слова ўзяў Міхась Паўлавіч Пазнякоў. Ён павіншаў спадарынь з юбілеем і ўзнагародзіў ганаровымі граматамі МГА СПБ за актыўны ўдзел у рабоце клуба паэтэс Лізавету Палеес, Тамару Залескую, Людмілу Бурдыку, а таксама кіраўніка «Спадарыні» — дзіцячую пісьменніцу Тамару Бунту. 

Да віншаванняў далучыліся ганаровыя госці. Сказалі сваё слова пра клуб і сяброўкі «Спадарыні» — паэтэсы Валянціна Паліканіна, Таіса Трафімава, аўтар-выканаўца Тамара Кашчэва, педагог-псіхолаг Людміла Дзіцэвіч, педагог-рэжысёр, артыстка гарадскога Тэатра паэзіі Святлана Яфрэмава і іншыя. Гучалі вершы, байкі, песні, цёплыя ўспаміны. 

А спадарыням было што ўспомніць... 

Дзесяць гадоў таму, увесну 2015 года, напярэдадні Міжнароднага дня жанчын, у клуб аб’ядналася больш як 30 мінскіх літаратараў. Крыху пазней да нас далучыліся прадстаўніцы іншых творчых прафесій: мастачкі, артысткі, кампазітары, народныя майстрыхі. Некаторыя жанчыны-творцы прыходзілі на пасяджэнні клуба і сыходзілі, але большасць засталася. Сярод іх — паэтэсы і пісьменніцы Аліна Легастаева, Вольга Сакалова, Валянціна Паліканіна, Таіса Трафімава, Вольга Шпакевіч, Вольга Любашына, Ірына Тулупава, Валянціна Драбышэўская, Валянціна Быстрымовіч...

І вось прайшло ўжо 10 гадоў, а наш клуб творчых жанчын «Спадарыня» жыве і актыўна дзейнічае! Кожны трэці аўторак месяца (апроч летняга сезона) мы сустракаемся ў невялікай утульнай зале сталічнай бібліятэкі № 5, дзе за кубачкам гарбаты абмяркоўваем цікавыя тэмы, чытаем свае творы — вершы, эсэ, кароткія апавяданні... Прычым за тры гадзіны выказацца паспявае кожная з удзельніц пасяджэння.

Нярэдка пасяджэнне прысвячаецца пэўнаму дзяржаўнаму ці народнаму святу — Калядам, Дню жанчын, Дню Перамогі, Дню маці.... І назвы сваім сустрэчам мы знаходзім прыгожыя: «Зазірніце ў сямейны альбом», «Жаночае імя ў гісторыі Беларусі», «Кнігі, мае дарагія сябры!», «Калі імя табе — Жанчына»,«Лепшая з дарог — дарога да мамы», «Даў нам Бог дабрыню», «Спяшайцеся жыць», «Новы год нашага дзяцінства», «Славе не гаснуць, памяці — жыць!»

Абавязкова віншуем нашых юбіляраў. У клубе свае юбілеі святкавалі Ніна Галіноўская, Ала Чорная, Аліна Легастаева, Вольга Сакалова, Таіса Трафімава, Лізавета Палеес, Соф’я Жыбулеўская...

На пасяджэнні мы часта запрашаем цікавых гасцей. У нас выступалі паэты і пісьменнікі Міхась Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Анатоль Аўруцін, Уладзімір Навумовіч, Анатоль Зэкаў, Кастусь Цыбульскі, барды Віктар Мяцельскі і Аляксандр Вашчанка, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін і Ірына Нарбекава, вядомыя фалькларысты Любоў Сівурава і Іван Крук. Адно з нядаўніх пасяджэнняў пад назвай «Сяброў маіх цудоўныя абліччы» мы прысвяцілі памяці вядомых паэтаў — Міколы Шабовіча і Дзмітрыя Пятровіча.

Творчым людзям патрэбны новыя эмоцыі, уражанні, ідэі, таму кожны год перад закрыццём сезона наведваем музеі і цікавыя мясціны сталіцы. Свае пасяджэнні мы праводзілі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, у музеі «Лошыцкая сядзіба», у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 

Тамара БУНТА, старшыня клуба «Спадарыня»

Фота даслана аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю