Top.Mail.Ru

Хто яна — аўтар лагатыпа Года беларускай жанчыны?

Аўтар: Вераніка Казлоўская
02.03.2026 | 11:06
Тандэм сілы і лёгкасці

2026-ы стаў Годам беларускай жанчыны. Традыцыйна для кожнага тэматычнага года выбіраецца лагатып у межах конкурсу. Сёлета пераможцам стала фотамастак Яўгенія Пагранічная з Ваўкавыска. 

Яўгенія любіць спрабаваць новае, таму з вялікім задавальненнем удзельнічае ў самых розных конкурсах. Пераможца з’яўляецца лідарам маладзёжнага крыла Беларускага саюза жанчын у Ваўкавыску і пра многія цікавыя творчыя спаборніцтвы даведваецца менавіта дзякуючы сваёй грамадскай рабоце. Хаця Яўгенія не мае дызайнерскай адукацыі, яна не пабаялася прыняць удзел у конкурсе на стварэнне лагатыпа. Яе рашучасць і жаданне паспрабаваць сябе ў нечым новым аказаліся мацнейшымі за сумненні. Да работы падышла з энтузіязмам, імкнучыся выказаць свае думкі і пачуцці праз творчасць.

— Ва ўяўленні ў мяне быў выразны вобраз лагатыпа. Заставалася рэалізаваць. Вырашыла скарыстацца дапамогай штучнага інтэлекту, паглядзець, ці зможа ён адлюстраваць маю задуму. У эпоху лічбавых магчымасцей кожны з нас можа стаць творцам свайго лёсу, адкрываючы для сябе новыя гарызонты і ўвасабляючы свае ідэі ў жыццё. ШІ, на здзіўленне, добра справіўся з заданнем, але яго варыянт стаў толькі асновай для будучага лагатыпа. 

Я ўдакладняла запыт і даводзіла конкурсную работу да дасканаласці ўручную, — падзялілася Яўгенія.

Так, можна было б сказаць, што ШІ і без таго занадта шмат і яго адразу можна пазнаць. Але не ў выпадку з лагатыпам Яўгеніі. Да размовы з фотамастаком я і не думала, што конкурсная работа выканана пры дапамозе штучнага інтэлекту, у ёй няма гэтага дакучлівага «ШІ-шнага» стылю. Перш чым сесці за стварэнне ўласнага лагатыпа, Яўгенія правяла аналіз папярэдніх.

Грунтуючыся на гэтым вопыце, дзяўчына сфармулявала запыт для штучнага інтэлекту. Ёй хацелася стварыць эстэтычны, элегантны і лаканічны лагатып, які адлюстроўвае дух беларускай жанчыны. Асаблівая ўвага надавалася выкарыстанню элементаў беларускага арнаменту і васілька, які з’яўляецца сімвалам БСЖ. Хацелася таксама, каб лагатып быў выкананы ў колеравай гаме беларускага сцяга, падкрэсліваючы нацыянальную прыналежнасць. Ключавым элементам стаў сілуэт жанчыны, што адразу ж задало тон працы.

— Я хацела, каб вобраз жанчыны быў лёгкі, вытанчаны, адлюстроўваў традыцыйныя рысы беларускі. На мой погляд, у выніку атрымаўся лагатып, які перадае дух беларускай жанчыны, яе працавітасць,прыгажосць і моц. Акрамя таго мне было важна адлюстраваць каштоўнасці і традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Але пры гэтым не хацелася абцяжарваць вобраз, таму імкнулася адысці ад стандартнай выявы працаўніцы з сярпом у руках. Бо сучасная жанчына можа быць выдатным прафесіяналам у любой справе, але пры гэтым не страчваць прыгажосці. Я імкнулася адлюстраваць тандэм сілы і лёгкасці, каб паказаць сучасную беларуску.

Прызнанне і павага

Яўгенія адзначыла, што працаваць над лагатыпам было цікава! Бо вельмі прыемна, што цэлы год будзе прысвечаны беларускай жанчыне. Не перабольшу, калі скажу, што абвяшчэнне Года беларускай жанчыны выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Многія жанчыны адчулі, што яны патрэбны і іх уклад у развіццё краіны важны. Хоць і раней ніхто не пакідаў жанчын без увагі, але такое прызнанне стала асаблівым.

— Жанчыны адыгрываюць важную ролю не толькі ў сям’і, але і ў прафесійнай сферы, займаючы важныя пасады і выконваючы складаную працу. Год беларускай жанчыны стаў сімвалам іх прызнання і павагі. І мне вельмі прыемна, што менавіта мой лагатып перамог, хаця гэтага зусім не чакала. Калі раніцай зайшла ў інтэрнэт, убачыла шквал паведамленняў з віншаваннямі. Шчыра кажучы, не адразу зразумела, што да чаго.

Магу з упэўненасцю сказаць, што маёй суразмоўніцы ўласцівы ўсе тыя якасці, якія яна закладвала ў выяву лагатыпа. Яўгенія рэалізоўвае сябе і ў прафесіі, і ў грамадскім жыцці, яна любячая маці дваіх дзяцей і клапатлівая жонка. Да фатаграфіі дзяўчына прыйшла падчас другога дэкрэтнага адпачынку. Кажа, у нейкі момант зразумела, што жадае паспрабаваць нешта новае. І тады ўспомніла пра сваё дзіцячае захапленне фотамастацтвам. 

— Мне заўсёды падабалася фатаграфаваць. Здымала сябровак, родных і блізкіх, праўда, ніколі не думала, што гэта стане маёй прафесіяй, але вырашыла паспрабаваць. Пачынаць было страшна, але мяне поўнасцю падтрымаў муж. Ён першы чалавек, які ў мяне паверыў. На першую здымку я пайшла, разумеючы, што дарогі назад ужо не будзе. Так пачаўся мой шлях у свеце фатаграфіі. Я старалася здымаць не проста кадры, а эмоцыі, якія людзі перажываюць у пэўны момант. 

Хацела, каб героі прыходзілі на здымку для прыемнага баўлення часу, а не як на фармальнае мерапрыемства.

Яўгенія спрабавала адысці ад фатаграфіі «ў рамачку». Ёй хацелася, каб праз гады людзі маглі вярнуцца да гэтых кадраў і прыгадаць свае эмоцыі. Шлях не быў лёгкім. Яна разумела, што хоча чагосьці большага, і гэтае жаданне прывяло яе да пошуку свайго стылю.

— Напэўна, мне проста не хацелася здымаць нешта чапурыстае, звыклае для людзей. Заўсёды імкнуся напоўніць работы цеплынёй і эмацыянальнасцю. Не баюся эксперыментаваць і шукаць новыя спосабы выяўлення пачуццяў праз аб’ектыў камеры. Думаю, менавіта гэтая прага эксперыментаў і новага досведу дае мне сілы і для іншых спраў.

У завяршэнні гутаркі Яўгенія пажадала ўсім, не толькі жанчынам, смела ісці наперад. 

Не заўсёды ва ўсіх справах становішся пераможцам, але гэта не значыць, што пройдзены шлях быў марны. А бывае так, што запаветная перамога прыходзіць праз нейкі час, і ніхто не ведае, калі ён настане.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Здымкі Яўгеніі Пагранічнайі з асабістага архіва гераіні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю