Top.Mail.Ru

Хто атрымаў узнагароды ІХ Рэспубліканскага фестываля нацыянальнай драматургіі?

Аўтар: Ларыса Цімошык
26.12.2024 | 18:33

Некалькі дзён сталіцай тэатральнай Беларусі быў Бабруйск: тут прайшоў ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Шэсць дзён — 11 спектакляў, якія былі адабраны з 24 прэтэндэнтаў. Але мае значэнне не колькасць, а сутнасць, таму што з першага ж фестывалю, які адбыўся ў Бабруйску ў 1998 годзе, у яго была выразная мэта: захаванне і развіццё беларускай драматургіі праз адметныя пастаноўкі, заахвочванне сучасных аўтараў ствараць цікавыя п’есы для айчынных тэатраў.


Натуральна, не сышла са сцэны дагэтуль «класіка». Напрыклад, гаспадары — Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі з Бабруйска, які носіць імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, — паказалі свой варыянт яго «Ідыліі». На думку журы, гэта найлепшая п’еса беларускага аўтара з усіх прадстаўленых сёлета. 

І яна дае магчымасць артыстам праявіць сябе, нездарма ў гэтым спектаклі адзначылі Марыю Дарагабед як выканаўцу найлепшай жаночай ролі на фестывалі, а Ігар Бурак атрымаў узнагароду ў намінацыі «Найлепшая мужчынская роля другога плана». 

Але найбольш папулярны драматург сёлета — Аляксей Дудараў. І справа не толькі ў колькасці яго п’ес, прадстаўленых тэатрамі. Падчас фестывалю ладзілася творчая лабараторыя, падчас якой звычайна адбываюцца сустрэчы з асобамі, праходзяць чытанні п’ес, ствараюцца эцюды, з якіх мог бы пасля вырасці паўнавартасны спектакль. Сёлета знакавай асобай для творчых прысвячэнняў стаў менавіта Дудараў, які неаднаразова быў сябрам журы бабруйскага фестывалю. Творчая лабараторыя прайшла пад назвай «Святло майстра», а за ідэю яе правядзення Зміцер Нуянзін быў адзначаны спецыяльным дыпломам. 

Зразумела, чаму адкрываць фестываль даверылі Беларускаму дзяржаўнаму тэатру юнага гледача нядаўняй прэм’ерай «Палачанкі» паводле Аляксея Дударава (вельмі аператыўна спрацавала адборачная камісія — напэўна, сачыла за падрыхтоўкай спектакля). У праграме пазначана: легенда пра каханне на беларускай мове. Аляксей Дудараў і сапраўды стварыў незвычайную п’есу, да якой, мабыць, будзе цікавасць заўсёды. І калі разважаць пра тое, ці ёсць для тэатраў матэрыял, які будзе зразумелы заўсёды, то гэта, безумоўна, ён. Толькі выяўляцца гісторыя можа больш сучаснымі сродкамі: у «Палачанкі» перамога ў намінацыі «Найлепшая сцэнаграфія». 

Тэатральны варыянт знакамітых «Белых рос» прывозіў у Бабруйск Новы драматычны тэатр (Мінск). Журы палічыла, што гэта цікава: спектакль і Лізавета Машковіч адзначаны за найлепшую рэжысуру — а гэта адна галоўных узнагарод. 

Нашага сучасніка Аляксея Дударава (ён пайшоў з жыцця ў 2023 годзе) можна таксама ўжо аднесці да класікаў беларускай драматургіі. Ці не таму да яго твораў асаблівая ўвага з боку тэатраў? Яшчэ адзін спектакль паводле п’есы, якая калісьці прынесла беларускаму драматургу ўсесаюзную славу, «Радавыя», прадставіў Тэатр-студыя кінаакцёра УП «Нацыянальная кінастудыя „Беларусьфільм“». 

У ім адзначылі работу акцёраў: Анатоля Голуба за найлепшую мужчынскую ролю, Вольгу Дароніну — за найлепшую жаночую ролю другога плана. 

Ваенная гісторыя сёлета на фестывалі была адлюстравана ў тэатрах розных кірункаў. Для раскрыцця гэтай тэмы многія калектывы бяруць творы Васіля Быкава: Гомельскі абласны драматычны тэатр прадставіў «Пайсці і не вярнуцца», Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа паказаў «Сотнікава». А Магілёўскі абласны тэатр лялек стварыў экзістэнцыяльную трагедыю «Чалавек, заставайся чалавекам» (і атрымаў дыплом за тэатральны эксперымент). Падобна, чым далей ад вайны, тым больш складана ствараць на гэтую тэму сучасным аўтарам. Праўда, ёсць дакументальны падыход, як у драме Галіны Злабенка «Горкі хлеб», якую паставіў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Але большую ўвагу журы прыцягнуў спектакль-канцэрт «Проста ты ўмела чакаць» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, стваральнікі якога прапанавалі пагаварыць пра вайну зусім па-іншаму — і атрымалі дыплом «За таленавітае ўвасабленне тэмы вайны». 

Сёлета фестываль прадэманстраваў два погляды на тое, што такое найлепшы спектакль. Журы прысудзіла перамогу пастаноўцы «Пісаравы імяніны» паводле Уладзіслава Галубка, якую прадставілі артысты тэатра Янкі Купалы. 

А вось публіка найбольш упадабала містычную легенду (але таксама са зваротам да гісторыі) «Пан Твардоўскі» Палескага драматычнага тэатра — і прыз сімпатый гледачоў адправіўся ў Пінск. Што ж, калі тэатр папулярызуе айчынную гісторыю (і людзям гэта падабаецца), то значыць, што мы яшчэ на шляху глыбокага асэнсавання таго, што і як адбывалася з Беларуссю ў мінулым. 

Фота з сайта kupalauski.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю