Праект падзелены на тры часткі ў адпаведнасці з храналогіяй. Пачынаецца часовая экспазіцыя з вайны 1812 года, якая сёння рэдка згадваецца ў грамадскіх дыскусіях і СМІ, аднак яе падзеі моцна паўплывалі на становішча беларускіх зямель. Супраць французскай арміі змагаліся 220 тысяч беларусаў. У выніку краіна панесла вялікія людскія і матэрыяльныя страты: многія населеныя пункты апусцелі, а пастаянныя рэквізіцыі і рабаванні амаль знішчылі гаспадарчую сістэму.
У экспазіцыі, прысвечанай вайне 1812 года, прадстаўлены арыгінальныя літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскіх паходаў, мастака-баталіста французскай арміі Фабера дзю Фора, паштоўкі пачатку ХХ стагоддзя (па кнізе генерала А. Ярмолава, 1777–1861), дэталі ваеннага рыштунку пачатку ХІХ стагоддзя, знойдзеныя на месцы пераправы Напалеона праз раку Бярэзіну ў лістападзе 1812 года (в. Студзёнка), ваенныя мундзіры салдат Расійскай імперыі і шмат іншага. Літаграфіі французскага мастака перадаюць напружаную атмасферу тых часоў і чырвонай ніткай звязваюць усе экспанаты ў адзінае цэлае. На выстаўцы можна пазнаёміцца з выданнямі «1812. Помнікі Айчыннай вайне на старых паштоўках» (Уладзімір Ліхадзедаў і Кірыл Сокал) і «1812. Храналогія Айчыннай вайны на старых паштоўках і ў графіцы» (Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пефціеў).
Працягвае экспазіцыю Першая сусветная вайна. Беларусь зноў стала арэнай кровапралітных бітваў. Каля 900 тысяч жыхароў беларускіх губерняў былі прызваны ў расійскую армію, 70 з іх загінулі на полі бою. Частка тэрыторыі апынулася пад акупацыяй. Ад голаду, хвароб і галечы загінулі 60 тысяч мірных жыхароў, а яшчэ 50 тысяч былі сілком адпраўлены ў Германію. У экспазіцыі прадстаўлены шэраг фотаздымкаў таго часу з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Тут можна ўбачыць беларускія гарады і вёскі, помнікі архітэктуры і славутыя мясціны нашай краіны ў гістарычнай рэтраспектыве — «да/пасля» ваенных падзей. Аднак з дапамогай фатаграфій раскрываецца іншы бок вайны: не толькі зброя, смерць і разбурэнне, але і ўзаемадапамога, яднанне і сапраўдная каштоўнасць мірнага жыцця. Гэтую ідэю трансліруюць фотаздымкі, дзе вайскоўцы гуляюць разам з дзецьмі, гатуюць ежу і пякуць хлеб, дзе адчуваецца імкненне забыцца і зноў вярнуцца да паўсядзённых спраў. Сярод экспанатаў можна ўбачыць кнігі з асабістай бібліятэкі паручніка гродзенскай крапасной артылерыі Конанава. Большасць з іх прысвечана ваеннай тэматыцы: «Правілы стральбы», «Страявы статут сухапутна-крапасной артылерыі», «Табліца для стральбы», «Інструкцыя для выкарыстання камандзірскага вугламера», «Кароткае апісанне кулямёта Кольта і абыходжанне з ім» і інш.
Аматарам вайсковай амуніцыі будзе цікава пазнаёміцца з прадметамі побыту салдат Расійскай імперыі: башлык, кабура, брытва, кішэнны ножык, самаробныя запальнічка і насадка, зробленыя з гільзы С. І. Фёдаравым і інш.
Маштабная частка экспазіцыі прысвечана самай крывавай трагедыі ХХ стагоддзя — Вялікай Айчыннай вайне. Уся тэрыторыя Беларусі была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на франтах змагалася больш за 1 мільён 300 тысяч беларусаў, беларускі ўсенародны рух супраціўлення не мае аналагаў у сусветнай гісторыі: 374 тысячы партызанаў і 70 тысяч падпольшчыкаў вялі барацьбу з акупантамі.
За гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь панесла незаменныя страты. Краіна страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця, фашысты знішчылі каля 3 мільёнаў чалавек, разбурылі 209 з 270 беларускіх гарадоў. На выстаўцы дэманструюцца фотаматэрыялы з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Яны паказваюць, як выглядалі гарады і раённыя цэнтры Беларусі даваеннага перыяду, падчас нямецкіх бамбардзіровак і які цяпер маюць від сучасныя адноўленыя мірныя гарады.
Праект раскрывае тэмы фашысцкай акупацыі беларускай зямлі, выпрабаванняў ваеннапалонных і мірных жыхароў у канцлагерах, генацыду беларускага народа. У экспазіцыі можна ўбачыць дакументы, якія выкарыстоўваліся на акупаванай тэрыторыі, асабістыя рэчы ваеннапалонных (лыжкі, адзенне, кісет, запалкі, партсігар і інш.), прадметы, знойдзеныя падчас археалагічнага суправаджэння земляных і будаўнічых работ пры ўзвядзенні мемарыяльнага комплексу «Благаўшчына» (ключы, гадзіннік, фотаздымкі лагера «Малы Трасцянец», акуляры, упрыгажэнні, абутак і інш.).
Выстаўка «Беларусь адзіная і непераможная. Тры вайны» — гэта не проста гістарычны праект, а мост паміж мінулым і сучаснасцю, магчымасць зразумець цану мірнага жыцця і перадаць памяць аб героях нашым нашчадкам. Кожны экспанат — гэта сведчанне мужнасці, адвагі і любові да Радзімы. Наведваючы гэтую экспазіцыю, мы не толькі шануем памяць загінулых, але і робім крок да яднання, адлюстроўваючы нашу агульную гісторыю і спадчыну.
Шынель і рыштунак паўсядзённы каманднага і начальніцкага саставу РЧСА ўзору 1935 г.
Ці зможам мы ўзяць урокі мінулага і захаваць Беларусь непераможнай у будучыні? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад кожнага з нас.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара