Укладальніцамі выдання выступілі дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс і дырэктар Цэнтра Якуба Коласа Цяньцзіньскага універсітэта замежных моў (ЦУЗМ) Вольга Шахаб. Выданне падрыхтавана пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у межах супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з Цяньцзіньскім універсітэтам замежных моў. У кнізе выкарыстаны манатыпіі беларускай мастачкі Людмілы Пятруль.
Алегарычныя апавяданні «Казкі жыцця» займаюць важнае месца ў творчай спадчыне Якуба Коласа. Народны паэт Беларусі пісаў іх з 1906 года і да апошніх дзён свайго жыцця. Гэты жанр — адзін з любімых Коласам, ён вынікае з асэнсавання творцам гістарычных з’яў, аналізу філасофскіх і этычных пытанняў. Першае апавяданне «Дудар» выйшла ў 1906 годзе ў газеце «Наша Ніва», апошняе — «Страказа» — было напісана ў 1956-м. Увесь цыкл «Казкі жыцця» аб’ядноўвае 32 творы. Спачатку апавяданні друкаваліся паасобку — у газетах «Наша Ніва», «Вольная Беларусь», зборніках «Родныя з’явы», «Беларускі каляндар». Першае выданне асобнай кнігай з’явілася ў 1921 годзе. «Алегарычныя апавяданні, якія Якуб Колас пісаў на працягу паўстагоддзя і змясціў пад адной вокладкай, ёсць квінтэсэнцыя жыццёвай мудрасці, філасофскай думкі, вобразнасці, фантастычнасці і павучальнасці», — адзначыла Вера Міцкевіч, унучка паэта, у прадмове да кнігі «Казкі жыцця», якую Музей Якуба Коласа падрыхтаваў да 100-годдзя першага выдання твора.
У беларуска-кітайскі зборнік увайшлі сем твораў з цыкла «Казкі жыцця»: «Крыніца», «Хмарка», «Даль», «Камень», «Зло — не заўсёды зло», «Чыя праўда?» і «Гусі». На кітайскую мову апавяданні пераўвасобілі студэнты і настаўнікі Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў Чжу Чжылін, Сюй Юсяа, Ван Мугэ, У Яці, Цзян Сіньюэ, Лі Ян, Ван Яньчаа і Інь Юэ.
Ідэя стварэння двухмоўнай кнігі з’явілася ў 2023 годзе падчас паездкі Ірыны Мацяс у Кітай. У кастрычніку 2023 года Музей Якуба Коласа прэзентаваў у Цяньцзіньскім універсітэце замежных моў выставу, прысвечаную жыццю і творчасці Народнага паэта Беларусі. У ЦУЗМ працуе Цэнтр Якуба Коласа па вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, якім кіруе Вольга Шахаб. Падчас сустрэчы яна распавяла, што студэнты перакладаюць творы Якуба Коласа на кітайскую мову якраз з цыкла апавяданняў «Казкі жыцця».
Менавіта ў Цяньцзіньскім універсітэце замежных моў упершыню ў Кітаі пачалі вывучаць беларускую мову як спецыяльнасць. У 2017 годзе адбыўся першы набор студэнтаў на спецыяльнасць бакалаўрыяту «Беларуская мова», затым была створана кафедра беларускай мовы і Цэнтр даследаванняў Беларусі. Праз год у кампусе ўніверсітэта з’явіўся бюст Якуба Коласа аўтарства Сяргея Гумілеўскага. У 2019 годзе сумесна з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам адкрыты Цэнтр Якуба Коласа, які займаецца пашырэннем беларуска-кітайскіх сувязей у сферы навукі, адукацыі і культуры, папулярызацыяй беларускай культуры, мовы і літаратуры ў Кітаі, а таксама прафесійнай падтрымкай педагогаў-беларусістаў у Кітаі.
Кітайскія студэнты, якія вывучаюць беларускую мову ў ЦУЗМ, актыўна перакладаюць творы беларускай літаратуры. Яны ўжо перастварылі на кітайскую мову некаторыя апавяданні Якуба Коласа, Янкі Маўра, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Змітрака Бядулі і Дзмітрыя Пятровіча. Таму нядзіўна, што першым сумесным выдавецкім праектам стала асаблівая для беларускай літаратуры кніга — «Казкі жыцця» Якуба Коласа. «Жанр казкі зразумелы для ўсіх народаў, і „Казкі жыцця“ Якуба Коласа раскрываюць філасофію беларусаў. Канешне, калі мы выбіралі творы для перакладаў, таксама ўлічвалі, што пераклады ажыццяўляюць студэнты, а не прафесійныя перакладчыкі-пісьменнікі, таму лепш засяродзіць увагу на кароткай прозе, а не на вершаваных тэкстах», — распавяла Ірына Мацяс. У кнізе разам з кітайскім перакладам змешчаны беларускі варыянт, таму выданне ўдвая карыснае для студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову. У планах творчага калектыву працягваць працу па перакладзе на кітайскую мову іншых твораў Якуба Коласа. У прыярытэце апавяданні беларускага песняра, дзе гучыць дзіцячая тэма: «У старых дубах», «Жывая вада» і іншыя.
Першы пераклад Якуба Коласа на кітайскую мову, — верш «Абаронцам роднай зямлі» надрукаваны ў зборніку «Выбраныя вершы пра Вялікую Айчынную вайну» ў 1946 годзе. Зборнік перавыдаваўся ў 1948, 1950 і 1951 гг. Перакладчыкам верша выступіў Лінь Лін. Лінь Лін — псеўданім Цзян Чуньфана, аднаго з самых уплывовых кітайскіх спецыялістаў па Савецкім Саюзе ў сярэдзіне — другой палове дваццатага стагоддзя. У 1957 годзе кітайскі чытач пазнаёміўся яшчэ з адным творам Якуба Коласа. Ім стала апавяданне «Макарка Навак» у перакладзе Чэнь Джаоліня. Праз год — у 1958 годзе пад назвай «Стары герой-партызан» у Кітаі выдалі аповесць Якуба Коласа «Дрыгва». Дапамог пераўвасобіць твор на кітайскую мову адзін з самых знакамітых перакладчыкаў замежнай літаратуры ў Кітаі — Лі Лянмінь. Ёсць згадкі пра пераклад на кітайскую мову паэмы Якуба Коласа «Рыбакова хата», але дакладных звестак, што кніга была выдадзена, няма. У канцы 1970-х гг. творчасцю Якуба Коласа таксама зацікавілася перакладчыца Ма Дэцзюй. Яна выступіла ў перыёдыцы з перакладамі верша «Вецер» (1978) і апавядання "Васіль Чурыла«(1979). У 2023 годзе на старонках часопіса «Беларусь. Belarus» надрукаваны новыя пераклады вершаў Якуба Коласа «Родныя вобразы» і «Не бядуй». На кітайскую мову гэтыя творы пераўвасобіў Гу Юй, перакладчык рускай і беларускай літаратуры, прафесар Інстытута замежных моў Нанкайскага ўніверсітэта (Кітай).
Творчая спадчына Якуба Коласа ў кітайскай літаратурнай прасторы паказана яшчэ дастаткова сціпла і аднабока. Тэматыка перакладаў, у асноўным, абмежавана падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Аднак талент Якуба Коласа, як выразніка самабытнасці беларускага народа, песняра беларускага светаўспрымання, не быў у дастатковай ступені раскрыты ў перакладах яго твораў на кітайскую мову. І сумесная ініцыятыва Музея Якуба Коласа і Цяньцзіньскага універсітэта замежных моў з’яўляецца важным крокам аднаўлення цікавасці ў Кітаі да творчасці беларускага класіка.
Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ