Гэтай парадай ён не абмежаваўся. Выказаў яшчэ некалькі не менш значных пажаданяў, завяршыўшы гэтае запрашэнне такімі словамі: «І хіба ж не асалода — // Іх чытаць, як ёсць нагода?»
З упэўненасцю сказаў, а яна — не беспадстаўная, у чым пераконвае першая казка «Жылі-былі...». Нават па назве відаць, што напісана ў найлепшых традыцыях вусна-паэтычнай народнай творчасці.
«Жылі-былі» — зварот, характэрны для многіх жанраў казкі. Адчуванне, што аўтар нібыта і не расказвае, а перадае тое, што пачуў ад іншых, яшчэ больш узмацняе зацікаўленасць чытача. Асабліва юнага. Аказваецца, ёсць чалавек, які многае пабачыў і шмат ведае. Нават і такое, дзякуючы чаму атрымаеш добрую навуку для сябе. Бо сустракаешся з тымі, хто па-рознаму паводзіць сябе ў жыцці:
Расказваў калісьці мне дзед-гаварун
Быль-казачку гэтую, дзеці:
Нядбайла,
Няўмека,
Хітрун
І Шчырун
Жылі-пажывалі на свеце.
Не толькі ў адной вёсцы жылі, але і сваякамі з’яўляліся: «Братамі былі, паасобку жылі, // Займеўшы ад бацькі старога // Па добрай палосцы ўтравелай зямлі, // Каняку — і болей нічога». Здавалася б, лепей разам за працу ўзяцца, бо ў талацэ, асабліва калі родзічы сабраліся, можна хутчэй дасягнуць поспеху. Ды кожны з братоў паспадзяваўся толькі на сябе самога. У гэтым, зразумела, нічога благога. Каб толькі такое жаданне было падмацавана добрымі справамі. На жаль, трое з іх зусім не пра гэта думалі. Хацелася ім менш рабіць, ды болей мець.
Кожны аўтарам характарызуецца нешматслоўна, але і гэта дазваляе прыкмеціць істотнае ў іх стаўленні да працы. І прадугадаць, чым усё можа скончыцца. Нядбайла, напрыклад, палічыў, што «палоска мая ад мяне не ўцячэ, // Няхай пачакае — // Вазьмуся яшчэ...» Вырашыў «не горбіць // Над плугам плячэй», а накупляць кары, прадаць яе «і хлеб і да хлеба» купіць у краме.
Няўмека, праўда, крыху пашчыраваў. Палетак узараў, зерне ў раллю кінуў, а пасля.... Мікола Чарняўскі, як добры псіхолаг (а які прызнаны дзіцячы пісьменнік ім не з’яўляецца!), ужо гаворыць ад імя свайго персанажа. Няўмека падумаў: «У бацькі ж радзіла пшаніца, // Павінна яна і ў мяне ўскаласіцца. // Зярняткам, хоць кволыя, // Многа ж не трэба — // Былі б толькі сонца // Ды цёплая глеба...»
У Хітруна — свая «філасофія»: «Нашто завіхацца, // З сявенькаю, // З плугам, // З канякай важдацца? Я ўсё-ткі Хітрун, не цюхцяй-тугадум: // Круць-верць — // І я выйсце заўсёды знайду». Надумаўся зарабіць, дапамагаюч Нядбайлу прадаваць кару.
Лёгка заўважыць, што, апавядаючы пра гэтых братоў, Мікола Мікалаевіч прадаўжае прытрымлівацца найлепшых узораў фальклору. Наследуе іх творча. Адна з перадумоў, несумненна, — імкненне дасягнуць таго, каб персанажы казкі адразу запомніліся. Яны падаюцца не як першы, другі, трэці, чацвёрты, што характэрна для вусна-паэтычнай творчасці. Ці называюцца па ўзросце: малодшы, сярэдні, старэйшы. Мікола Чарняўскі называе іх адпаведна стаўленню кожнага да працы.
Тым самым спрацоўвае і выхаваўчы эфект. Дзеці, зразумела, і ў паўсядзённым жыцці бачаць тых, з каго нельга браць прыклад. І вось яны навідавоку: Нядбайла, Няўмека, Хітрун. І як рэзкая супрацьлегласць гэтым братам — Шчырун. Не сумняваюся, што хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўлетку бываюць на дачы альбо жывуць у вёсцы, і сябе параўнаюць з ім. А то і парадуюцца, калі заўважаць, што ў сваім працалюбстве, шчыраванні на агародзе ў нечым падобныя на яго. Ды і кнігу «Здарэнне ў цырку» бацькам пакажуць: «Глянь, мама, тата, глянь, гэта ж і пра мяне напісана. Я ж таксама стараюся, як гэты Шчырун»:
І толькі Шчырун,
Як вялося за ім,
Нібыта на стому забыўся зусім:
З сяўнёй,
З бараною
Па полі блукаў,
Хмурынак,
Дажду з нецярпеннем чакаў.
Свірэпку выполваў,
Драсён, лебяду...
Сушэла —
Насіў ён з крыніцы ваду
Капусту, гуркі, буракі напаіць.
На казцы «Жылі-былі...» я так падрабязна спыніўся не толькі таму, што яна ў кніжцы стаіць першай і з’яўляецца як бы запеўкай да яе. Мікола Чарняўскі, не адмаўляючыся ад персанажаў у многім традыцыйных, стараецца пісаць пра іх так, каб у іх дзеянні, учынкі абавязкова ўкладваць нешта новае. Што важна — такое, якое не адмаўляла б займальнасці, але разам з тым і ўзмацняла выхаваўчы эфект. Ён ствараецца асабліва тады, калі персанажамі з’яўляюцца звяры. Як, напрыклад, мядзведзь Патап з казкі «Здарэнне ў цырку», які «дазнаўся ад сарок // Пра новыя гастролі, // Пакінуў свой лясны куток, // Не мог уседзець болей». Ці яшчэ адзін з гэтага сямейства, які жыве на Поўначы («Паўночны госць»). Пра іх расказваецца з інтрыгай. Толькі пад канец надыходзіць нечаканая развязка.
Не пакінуць хлопчыкаў і дзяўчынак абыякавымі і казкі «Крыўда», «Кірмаш», «Адкуль у рака злосць?», «Атэлье „Лясное дзіва“», «Было ў Зімы тры сыны»... Усяго ў кнізе прадстаўлены 12 твораў гэтага жанру. Каторы ні возьмеш — сведчанне высокага майстэрства пісьменніка-патрыярха беларускай дзіцячай літаратуры. Пра што пісаць — у яго даўно няма сумнення. Канешне ж, пра тое, што дзецям цікава, а ім, вядома, цікава літаральна ўсё. Таму, не сумняваюся, спадабаецца і казка «Жыў-быў лісток-палахліўчык». Здавалася б, персанаж звычайны, зусім не «казачны», а прачытаеш — і запомніш гэтага палахліўчыка, які здолеў пераадалець сябе.
Адметнасць казак Міколы Чарняўскага і ў тым, што яны сюжэтна разгорнутыя. Добра было б, калі б на такую ўласцівасць іх звярнулі ўвагу выхавацелі дзіцячых садкоў, настаўнікі малодшых класаў. Па гэтых творах можна зрабіць цікавыя інсцэніроўкі, у якіх дзеткі будуць выступаць у якасці юных акцёраў.
Цытуючы Аляксандра Сяргеевіча, Мікола Мікалаевіч засяродзіўся толькі на самым галоўным, што вызначае адметнасць казачнага жанру. Аднак не менш важнае і тое, што ён не працытаваў. Аляксандр Пушкін быў перакананы, што кожная казка — «есть поэма. Что за роскошь, что за смысл, какой толк в каждой поговорке нашей! Что за золото!». Меў на ўвазе, канешне, казкі народныя, тыя, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, кожны раз дзівоснае ў іх набывала новае адценне, новае гучанне.
Усё гэта захоўвае сваю значнасць і тады, калі з’яўляюцца апрацоўкі. Як цалкам набліжаныя да арыгінала, так і напісаныя па матывах знаёмых твораў. Тым больш аўтарскія казкі. У дадзеным выпадку і напісаныя Міколам Чарняўскім. Як няцяжка заўважыць па змесце, яны вучаць дзетак дабрыні, выхоўваюць у іх паважлівае стаўленне да ўсяго жывога на зямлі. Пры гэтым ёсць магчымасць суаднесці свае ўчынкі з персанажамі. У адных вучацца таму, што трэба рабіць, каб не толькі цябе не дакаралі, але і іншым мог падказаць, як паводзіць сябе ў пэўных сітуацыях. Ёсць і такія, якія сваімі паводзінамі выклічуць непрыманне. Гэта таксама па-свойму паспрыяе выханню. Па сутнасці, адбудзецца тое, што трапляе пад сказанае Уладзімірам Маякоўскім: «Что такое хорошо и что такое плохо». Тыя, хто прачытае кнігу «Здарэнне ў цырку», пераканаюцца, што «Казкі — продкаў дар багаты, // Казкі — мудрасці зярняты. // Як з сябрамі, // З імі знайся, // Іх урокаў не цурайся».