У межах ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адкрылася выстаўка «Ілья Рэпін. Жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь». Палотны, прадстаўленыя ў экспазіцыі, дазваляюць пазнаёміцца з творчай эвалюцыяй аўтара і жанравай разнастайнасцю яго спадчыны.
Ілья Рэпін — знакавая фігура ў гісторыі рускай мастацкай культуры. Менавіта з яго творчасцю звязаны найвышэйшыя дасягненні рэалістычнага мастацтва другой паловы ХІХ стагоддзя. Творчая спадчына аўтара надзвычай шырокая і каласальная па маштабе зробленага. Рэпін выступаў як майстар гістарычнага і бытавога жывапісу, партрэтыст, графік, мемуарыст і настаўнік, які выхаваў цэлую плеяду выдатных майстроў рускага мастацтва.
У Паўночнай сталіцы ўпершыню дэманструецца амаль поўная калекцыя работ жывапісца, якая знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея. Гэта трынаццаць работ, якія з’яўляюцца сапраўднай гордасцю ўстановы.
Жыццёвы і творчы шлях Рэпіна цесна звязаны з Беларуссю, у прыватнасці з віцебскай зямлёй. Як вядома, набыты ў 1892 го-
дзе маёнтак Здраўнёва каля Віцебска стаў для мастака месцам адпачынку і натхнення. Беларуская зямля і беларусы ўзбагацілі творцу новымі ўражаннямі, тэмамі і сюжэтамі, а створаныя тут работы ўпрыгожваюць зборы многіх музеяў і ўваходзяць у скарбніцу рускага і сусветнага мастацтва. Менавіта таму збіранню і захоўванню спадчыны вялікага рускага майстра на працягу ўсёй гісторыі існавання Нацыянальнага мастацкага музея надавалася вялікае значэнне. Безумоўна, многім Рэпін вядомы як таленавіты партрэтыст, майстар гістарычнага і рэлігійнага жывапісу, аднак творчая спадчына мастака паказвае яго таксама таленавітым лірыкам, здольным тонка адчуваць прыгажосць прыроды.
У экспазіцыі Мастацкага музея горада Віцебска можна ўбачыць работы розных творчых накірункаў, якія адлюстроўваюць эвалюцыю аўтара: ад
парадных партрэтаў («Партрэт М. Ф. Андрэевай» 1905 г., «Партрэт Л. П. Штэйгель» 1895 г., «Партрэт В. С. Сварога» 1915 г.) і гістарычных палотнаў да тонкіх бытавых замалёвак («Пальна. Від з балкона» 1891 г., «Месячная ноч. Здраўнёва» 1893 г.).
Апошнюю работу мастацтвазнаўцы лічаць выразным прыкладам эстэтыкі рубяжа ХІХ—ХХ стст.
«Месячная ноч. Здраўнёва» — адзін з самых лірычных і камерных па сваім настроі твораў. Таямнічае ззянне вод Дзвіны, мяккая цемра лесу, загадкавая постаць Надзеі, дачкі мастака, спакойная поза Пегаса, любімага сабакі Рэпіных — усё гэта гарманічна пераплятаецца ў месячнай элегіі. Некаторыя мастацтвазнаўцы звязваюць настрой твора з цёплай бацькоўскай пяшчотай і творчымі чаканнямі Рэпіна ў адносінах да Надзеі, якая толькі шукала свой шлях у жыцці.
Выстаўка працуе да 31 снежня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА