Аснова для міру
У першай частцы імпрэзы прадстаўлены даныя пра знішчаныя падчас вайны населеныя пункты Беларусі, пра Герояў Савецкага Саюза, якія нарадзіліся і загінулі на тэрыторыі нашай краіны. Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі рэдкія кадры хронікі, фотадакументы, звязаныя з рознымі перыядамі вайны і пасляваенным часам. Другая частка канцэрта прысвечана тэме адказнасці сучаснікаў за захаванне гістарычнай памяці і традыцый.
У праграме — добра вядомыя музычныя кампазіцыі савецкага часу і новыя творы сучасных беларускіх аўтараў: Валерыя Шмата, Ганны Сялук, Яўгенія Алейніка, Ганны Благавай і іншых. Паэтычнай асновай канцэрта стаў «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага. Рэжысёрам праекта выступіла мастацкі кіраўнік «Маладзёжнага тэатра эстрады» Уладзіслава Арцюкоўская, аўтары сцэнарыя — Уладзіслава Арцюкоўская, Ганна Сялук. Мерапрыемства арыентавана на шырокую аўдыторыю, музычнае слова знаходзіць водгук у сэрцах дзяцей і дарослых. Мастацкі кіраўнік творчай майстэрні эстраднага мастацтва «Хвілінка» Таццяна Панова расказала, як трэба размаўляць з сучасным пакаленнем на тэму вайны, каб гэта былі не проста словы, а нагода для роздуму.
— Працуючы з дзецьмі ўжо 34 навучальныя сезоны, магу сказаць, што, правільна пабудаваўшы адносіны ў камунікацыі на такую важную тэму — вайны, якую ні мы, ні нашы дзеці не засталі, падыходзім да самага галоўнага — чалавечага выпрабавання душы. Сучаснае пакаленне жыве ў шчаслівай Беларусі, таму вельмі складана растлумачыць трагедыю таго часу без простых і даступных прыкладаў. Канцэртны нумар «Голас мамы» — эмацыянальна напружаны твор, яго трэба ўспрымаць не розумам, а сэрцам. Для таго каб на сцэне гэта выглядала праўдзіва, мы стараліся выкарыстоўваць простыя вобразы, размаўляць на мове дзяцінства. Звяртаючыся да сваіх вучняў, я казала: «Уявіце, сёння таксама паміраюць людзі ў розных абставінах, але ў той жудасны ваенны час многія дзеці пахавалі і свае цацкі». І ў шчырым позірку дзіцячых вачэй я ўбачыла, што мая метафара знайшла водгук, я змагла паказаць тую страту дзяцінства, якая была ў ваеннага пакалення.
Каб расказаць пра вайну, адных слоў недастаткова. Часам нават маўчанне кажа больш за ўрачыстыя прамовы. Танцавальныя нумары канцэрта-рэквіема праз мову цела перадаюць унутраны стан тых, хто прайшоў праз жахі вайны. Галоўны балетмайстар праекта Таццяна Трафімава расказала, як гэта — «танцаваць» вайну:
— Пры падрыхтоўцы праекта я таксама ўпершыню ўбачыла хроніку, з якой нашы гледачы могуць пазнаёміцца на канцэрце-рэквіеме. Падчас усёй пастановачнай работы я ўспамінала гэтыя жудасныя кадры і разумела, што танцы не патрэбны. Патрэбны эмоцыі, пачуцці, каб кожны ўдзельнік разумеў, «пра што» ён танцуе. Самае асноўнае — гэта данесці рухам, танцам тую трагедыю, той сэнс, што нясе ў сябе нумар і ўвесь канцэрт. Важным для нашай каманды было прытрымлівацца мінімалізму, таму што тут не трэба перанасычаць харэаграфію сэнсам. Ён ужо жыве ў кожным жэсце і пасылае моцны імпульс, які гледач адчувае на інтуітыўным узроўні.
Не забываецца
Лірычныя матывы канцэрта, напоўненыя болем і цяжарам перажытых пакут, ажывілі ў памяці многіх гледачоў ваенную гісторыю ўласнай сям’і. Кожны трэці беларус стаў ахвярай жудасных падзей, кожная сям’я страціла кагосьці на полі бою, у сценах канцлагераў, у роднай хаце... Няма чалавека, які не мае гэтай трагічнай сувязі з вайной. Шэраг тэматычных выставачных праектаў, што сталі цікавым дадаткам да насычанай праграмы канцэрта, уваскрашаюць у памяці асабістыя гісторыі.
— Маю матулю ў першыя дні вайны вывезлі ў Германію. Ёй было 17 гадоў. Яна жыла ў Заходняй Беларусі ў Баранавічах, дзе і сустрэла вайну. Везлі іх на эшалонах. Мяне і дагэтуль дрыжыкі бяруць, калі ўспамінаю яе аповеды. Не было ні вады, ні ежы. Многія загінулі на шляху ў Германію. Мама змагла вярнуцца дамоў толькі пасля Перамогі, — успамінае Валянціна Бусел.
Людміла Лабаноўская і Людміла Працько прыйшлі на канцэрт разам. Карціны з фонду Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчынай вайны ажывілі балючыя ўспаміны пра цяжкія выпрабаванні іх сем’яў.
— Мой тата быў партызанам. Яго бацькоў расстралялі, і ён у 14 гадоў разам са старэйшай сястрой далучыўся да партызанскага руху. Прайшоў блакаду, расказваў, як смажылі косткі жывёл і чарвякоў. Пасля вайны застаўся інвалідам — перастаў бачыць на адно вока, — падзялілася Людміла Лабаноўская.
Бацька Людмілы Працько трапіў у канцлагер, дзе прабыў да 1943 года. Падчас адыходу фашысцкіх войскаў палонных перавезлі ў Нарвегію, там ён і сустрэў Перамогу. Пра вайну ў сям’і ніколі не згадвалі. Негалосна яна была пад забаронай. І толькі калі гэтая тэма пачала агучвацца, ён змог адкрыцца і зняць груз з сэрца. Людміла Працько выкладае ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы. «Заўсёды запрашаю сваіх вучняў на розныя імпрэзы, расказваю пра тэатральныя пастаноўкі, выстаўкі і канцэрты, прысвечаныя вайне. Бо гэта важна памятаць і перадаваць далей, каб моладзь працягвала захоўваць мір, які дастаўся нам так цяжка», — адзначыла жанчына.
Такога ж меркавання прытрымліваецца і Ганна Карэтнікава, якая прыйшла на канцэрт разам з сынам.
— На канцэрт-рэквіем мы трапілі выпадкова, але я вельмі ўсцешана, што тэма вайны не забываецца. Асабліва гэта карысна для падлеткаў, каб яны памяталі і паважалі продкаў. А ў такой велічнай атмасферы, праз мастацтва і дакументальную хроніку ўвесь цяжар вайны, нават пасля 80 гадоў міру, адчуваецца вельмі востра.
Андрэй і Ганна Сіваковы шмат гадоў працуюць у сферы мастацтва. Ён — артыст Белдзяржфілармоніі, яна выкладае ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Пара прыйшла падтрымаць малодшага сына, які выступае на канцэрце.
— Сёння як ніколі патрэбна гаварыць на гэтую тэму. Асабліва важна прыцягваць маладое пакаленне, бо цяпер яны шмат часу праводзяць у інтэрнэце і сацсетках, і ў гэтым патоку інфармацыі не могуць адрозніць праўду ад хлусні. Падобныя мерапрыемствы падштурхоўваюць падлеткаў да ўласных даследаванняў, да вывучэння гісторыі сваёй сям’і і сваёй краіны, што сёння жыццёва неабходна, паколькі па ўсім свеце мы бачым перапісванне гістарычнай праўды, а гэтага дапускаць нельга.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота Лізаветы ГОЛАД і БелТА