Першае аддзяленне адкрыла самая яркая з шасці ўверцюр аднаго з найбуйнейшых прадстаўнікоў рамантызму ў музыцы нямецкага кампазітара Фелікса Мендэльсона «Таямнічы востраў». У 2-м аддзяленні — адно з найлепшых тварэнняў чэшскага кампазітара Антаніна Дворжака Сімфонія № 8, якая даўно заняла годнае месца ў сусветнай музычнай культуры. Цэнтральным нумарам праграмы, які прагучаў у завяршэнні першага аддзялення, стала прэм’ера канцэрта для скрыпкі з аркестрам у трох частках «Шукайце і знойдзеце» вядомага беларускага кампазітара Аліны Безенсон. Партыю скрыпкі бліскуча і віртуозна выканаў саліст аркестра, лаўрэат міжнародных конкурсаў Сяргей Герман.
Канцэрт А. Безенсон, напісаны сучаснай музычнай мовай у спалучэнні з яркімі выразнымі мелодыямі і маляўнічымі гармоніямі, вылучаецца цэласнай і разгорнутай формай, эмацыянальнасцю і драматызмам, зачароўвае багатай палітрай скрыпічных штрыхоў, арыгінальнымі сугуччамі і разнастайнасцю поліфанічных і санарыстычных прыёмаў.
У аснове канцэптуальнай лініі канцэрта — змест Новага Запавету (Евангелле ад Матфея, Глава 7, сціх 7, 8): «Прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць». Музычная драматургія твора адлюстроўвае духоўны шлях узыходжання рэлігійнай асобы і ачышчэнне чалавечай душы праз выпрабаванне, малітву і пазнанне ісціны. У канцэрце адлюстроўваюцца хуткаплыннасць і напружанасць нашага часу, пошук гармоніі з Богам і спасціжэнне ісціны. Праз веру чалавек знаходзіць натхненне, сэнс і сваё месца ў жыцці. Вера дае нам сілу пераадольваць цяжкасці, мацуе духоўныя повязі, упэўненасць у тым, што ўсё, што адбываецца, мае сваю прычыну і мэту.
Аліна Безенсон падзялілася ўражаннямі: «Я ў вялікім захапленні ад цудоўнага выканання, інтэрпрэтацыі, эмацыянальнай аддачы дырыжора, саліста і аркестра! Столькі цёплых і шчырых слоў ад сяброў, калег, вучняў, музыкантаў і слухачоў розных прафесій!»
«Канцэрт, напісаны сучаснай музычнай мовай, гэта прэм’ера, а значыць, музыка новая, не адклікаецца ў сэрцы кожнай знаёмай нотай, але... Гэта той выпадак, калі яна захоплівае з самай першай ноты і не адпускае да апошняга акорда, абуджае самае патаемнае, затоенае ў глыбіні душы... — сказаў калега Аліны Іванаўны Павел Аляксейчык. — Канцэрт для скрыпкі з аркестрам варты найлепшых сусветных калектываў і самых вядомых сцэн. Гэта трэба было бачыць, як музыка перайначвае ўсіх — музыкантаў, дырыжора, слухачоў і робіць іх удзельнікамі вялікай падзеі, падчас якой вечнасць гучыць у „сучаснай“ музыцы. Калі ідэя адухаўляе музыку, а музыка вартая ідэі!»
У творчасці кампазітара Аліны Безенсон разам са шматлікімі харавымі, вакальнымі, сімфанічнымі, камерна-інструментальнымі творамі, п’есамі і фантазіямі на тэмы беларускіх народных песень для аркестра рускіх народных інструментаў важнае месца займаюць інструментальныя канцэрты для саліруючых інструментаў з сімфанічным аркестрам: два для фартэпіяна («Прасвятленне», 2001 і «Уваходзьце цеснай брамай», 2007), для баяна («Будучы дзень», 2012), для домры («Прасвятленне», 2013), дзякуючы якім А. Безенсон стала лаўрэатам I ступені III Міжнароднага конкурсу выканаўцаў і кампазітараў «KOGAN’S COMPETITION» (г. Алматы, Рэспубліка Казахстан, 2024 г.), для кларнета «Да Цябе заклікаю» (2019), які таксама прынёс перамогу — Аліна Іванаўна стала лаўрэатам І ступені V Усерасійскага конкурсу кампазіцыі імя С. С. Пракоф’ева ў 2024 г., для цымбалаў «Кліч званоў» (2019), для скрыпкі «Шукайце і знойдзеце» (2023) і для трубы «Пад дахам Усявышняга» (2024). Усе яны аб’яднаны глыбокай філасофскай канцэпцыяй, заснаванай на хрысціянскай веры.
Буйныя творы сучасных кампазітараў, на жаль, выконваюцца не так часта. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, сем канцэртаў Аліны Безенсон неаднаразова гучалі на вялікіх пляцоўках. Канцэрт «Прасвятленне» выконваўся камерным аркестрам Гродзенскай капэлы ў ГДК г. Гродна і БДАМ г. Мінска, а таксама Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам у Белдзяржфілармоніі. Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь упершыню выканаў «Уваходзьце цеснай брамай» і «Будучы дзень», а Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр — «Да Цябе заклікаю» на канцэртах, прымеркаваных да з’ездаў Беларускага саюза кампазітараў у Белдзяржфілармоніі. «Прасвятленне» ўпершыню было выканана студэнцкім сімфанічным аркестрам у БДАМ, а расійская прэм’ера адбылася ў г. Астрахані на канцэрце, прымеркаваным да 50-гадовага юбілею Астраханскай кансерваторыі. «Кліч званоў» упершыню прагучаў у выкананні камернага аркестра Гродзенскай капэлы ў Гродне да 90-годдзя Беларускага саюза кампазітараў, а пазней — сімфанічнага аркестра Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі на аўтарскім канцэрце А. Безенсон.
Максім ТРАЯНОВІЧ
Фота даслана аўтарам