Top.Mail.Ru

Кантэкст «Асенняга салона»

Аўтар: Яўгенія Шыцька
30.10.2025 | 17:00
Уласцівасці дэкаратыўнага

Мастацкая галерэя A.Gallery, якая прадстаўляе анлайн-платфарму па продажы твораў сучасных беларускіх аўтараў artcenter.by, адкрылася ў цэнтры Мінска яшчэ год таму, аднак яе экспазіцыям публіка надавала не надта шмат увагі. Прынамсі, у адрозненне ад тых жа «Арт-Мінска» і «Асенняга салона». Якраз у рамках правядзення апошняга фестывалю ў сценах арт-прасторы адкрылі новую выстаўку. 

Яе куратар — Аляксандр Зінкевіч. 

У экспазіцыі змясцілі творы болей як 20 маладых аўтараў, у тым ліку тыя, што глядач яшчэ не бачыў. Так, графік Міша Дайліда, многім вядомы як ілюстратар, прапанаваў «Начное неба Дон Кіхота» (2025) — варыяцыю на тэму прыгод вандроўнага рыцара. Крыху дзёрзка з героямі казкі Аляксея Талстога «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» абышлася кераміст Анастасія Сіпач, прадставіўшы П’еро і Мальвіну тыповымі персанажамі масавай культуры. Пакуль меней папулярная ў мастацкім асяроддзі Алена Ліпінская паказвае публіцы «Зімовых матылькоў» (2025): дзвескульптуры уяўляюць сабой немагчымае спалучэнне, і з яго дапамогай аўтар разважае на тэмы вымушанасці і надзеі на адраджэнне. 

Самі арганізатары ўвагу публікі скіравалі на анімалістычны жывапіс Вікторыі Старавойтавай: карціны «Белае на чорным» (2025) з выявай двух сабак і «Шэрсць» (2025), дзе ў класічнай пазалочанай раме з разьбяным дэкорам змешчана зусім невялічкае палатно на кардоне, на якім выяўлена шэрсць такой жа жывёлы. Акцэнт на падобных творах зразумелы. Па-першае, тэма — адна з найпапулярнейшых не толькі ў выяўленчым мастацтве. Па-другое, Вікторыя Старавойтава ў гэтых работах прытрымліваецца прынцыпу рэалізму, узораў якога на сённяшніх выстаўках не так шмат, ды, па-трэцяе, прыгадваюцца ў гэтым рэчышчы выключна станоўчыя прыклады Алесі Скарабагатай, Алеся Багданава, Аляксандра Даманава... Імя аўтара быццам дадаецца да гэтага пераліку. 

Выстаўка ў рамках «Асенняга салона» змяшчае шэраг партрэтаў. Многія з іх, як і належыць у постмадэрнізме, могуць амаль нічога не паведамляць пра героя, хоць творчыя пошукі аўтараў работ заўважныя выразна. Напрыклад, відавочна, што Ганна Нічыпаровіч, аўтар «Фрагмента» (2024), з’яўляецца прыхільніцай поп-арта, а Кірыл Орсік са сваім партрэтам «Айсбергі» паўстае як даследчык перыяду сімвалізму ў жывапісе. 

Дзейнасць A.Gallery накіравана на продаж, таму чарговая экспазіцыя не проста знаёміць гледача з работамі, выкананымі ў разнастайных жанрах і стылях. Многія з іх маюць уласцівасці дэкаратыўнага мастацтва, здольны прыцягваць увагу і ствараць эфектнае візуальнае ўражанне, а пазней стаць часткай тых ці іншых інтэр’ераў. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю