5 сакавіка 2026 года ў нашай краіне адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, доктара філалагічных навук і акадэміка АН БССР Кандрата Крапівы (сапр. — Кандрат Кандратавіч Атраховіч). У маладосці — аднаго з сяброў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», потым — «Узвышша», дзе ён быў намеснікам старшыні ад пачатку да канца існавання згуртавання.
Менавіта з гэтым пісьменнікам звязаны некаторыя мае асабістыя ўспа-
міны мінулых гадоў. Так, у 1991-м я паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. У гэты год 7 студзеня К. Крапівы не стала, і я добра памятаю гэты дзень. Нас сабралі ў актавай зале навучальнай установы, было аб’яўлена, што памёр класік беларускай літаратуры. Наколькі мы тады былі ўражаны гэтай весткай, бо са школьнай праграмы добра памяталі яго выдатныя драматычныя творы — «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці», а сатырычныя байкі былі ва ўсіх на слыху.
Кандрат Крапіва нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Нізок (цяпер
Уздзенскі раён Мінскай вобласці). Тут, на радзіме, памяць пра аўтара п’есы «Хто смяецца апошнім» захоўваюць Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса, Уздзенскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей
і Уздзенская сярэдняя школа № 2 імя К. Крапівы. З мэтай ушанавання памяці земляка з 1 красавіка 1996 года ў школе дзейнічае музей Кандрата Крапівы, дзе прадстаўлены фатаграфіі, асабістыя рэчы, кнігі і некаторыя дакументы. На сайце ўстановы таксама створаны віртуальны музей пісьменніка.
З дзяцінства малы Кандрат быў далучаны, як любы сялянскі хлопец,
да цяжкай працы: пасвіў кароў, коней, у чатырнаццаць гадоў пайшоў за плугам і касой. Ён з удзячнасцю ўспамінаў сваіх бацькоў, якія «навучылі цаніць працу і паважаць людзей з мазольнымі рукамі». Сямейныя абставіны, якія склаліся пасля смерці маці, далі магчымасць юнаку «спасцігаць навуку».
Ён скончыў царкоўна-прыходскую школу, вучыўся ў народным вучылішчы ва Уздзе, потым перайшоў на вучобу ў чатырохкласнае гарадское вучылішча ў Стоўбцах Мінскай губерніі, перавёўся ў такое ж самае вучылішча ў Койданаве (цяпер Дзяржынск), дзе вучыўся яго аднавясковец. Потым закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ва ўспамінах, змешчаных у зборніку аўтабіяграфій пісьменнікаў «Пяцьдзясят чатыры дарогі» (1963), Кандрат Крапіва пісаў пра свае першыя спробы пяра ў юнацтве падчас вучобы ў Койданаве, калі пад уплывам прачытаных твораў Лермантава «з’явіліся на свет лірычныя вершы з налётам „сусветнай тугі“». Хлопец спрабаваў надрукаваць іх у часопісе «Жизнь для всех», аднак атрымаў адмову ад рэдакцыі і палічыў, што дабівацца публікацыі — марная справа. Значна пазней (у 1922 годзе) быў надрукаваны на рускай мове першы твор Крапівы — фельетон «Жили-были» у газеце «Красноармейская правда», а сатырычны верш «Сваты» па-беларуску выйшаў 23 мая 1922 года ў газеце «Савецкая Беларусь», калі пісьменніку было ўжо 26 гадоў.
Пасля пераезду ў Мінск у 1925-м ён уступіў у літаратурную суполку «Маладняк». У адрозненне ад іншых сяброў згуртавання, якія зусім маладзенькімі прыходзілі ў беларускую літаратуру
і пачыналі друкавацца ў перыядычных выданнях, больш старэйшы Кандрат да 1925 года ўжо паспеў папрацаваць настаўнікам, паўдзельнічаць у баях на франтах Першай сусветнай вайны. На канец вайны меў чын паручніка, пазней — камандзіра ў Чырвонай Арміі. Даслужыцца да малодшага афіцэрскага чыну звычайнаму вясковаму хлопцу было не так проста: гэта гаварыла пра яго адвагу і розум.
На час уступлення пісьменніка ў «Маладняк» гэта была надзвычай папулярная арганізацыя: у 1925–1926 гадах колькасць яе сяброў дасягнула 500 чалавек. Удзельнічаў Кандрат Крапіва ў пленуме Цэнтральнага бюро «Маладняка» і 1-м Усебеларускім з’ездзе літаратурнага аб’яднання. У 1925 годзе пабачылі свет яго першыя сатырычныя зборнікі «Асцё» ў серыі «Кніжніца „Маладняка“» і «Крапіва», а таксама «Біблія» (1926), «Апавяданні» (1926), «Байкі» (1927). Пасля выхаду верша «Крапіва» гэты літаратурны псеўданім стала замацаваўся за пісьменнікам на старонках «Маладняка», «Савецкай Беларусі», «Беларускай вёскі», «Чырвонага сейбіта». Выданні аўтара 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа.
Адзін са стваральнікаў аб’яднання «Маладняк» Адам Бабарэка, які стаў крытыкам і праводзіў глыбокі аналіз літаратурных работ пісьменнікаў-пачаткоўцаў, высока ацаніў кнігу «Крапіва» маладога аўтара: «...зборнік <...> адкрывае перад намі адзін з куткоў свае душы, а цераз гэта і душы беларускай наогул, куток здаровага смеху, праз прызму якога ўсякая з’ява адмоўнага корчыцца ад сваёй адмоўнасці і цераз гэта сама выклікае да жыцця новыя прылівы энергіі, энтузіазму і імклівасці да станоўчага».
Пятро Глебка падкрэсліваў, што Крапіва не адчуваў задавальнення ад сваіх літаратурных тэкстаў, не бачыў развіцця сваіх творчых памкненняў, калі быў сябрам «Маладняка» і «Узвышша». Пазней, калі ўваходзіў у Саюз пісьменнікаў Беларусі, з кожным новым творам яго аўтарскі стыль набываў большую ідэйную сілу і мастацкую дасканаласць. П. Глебка адзначаў унёсак К. Крапівы ў стварэнне «сваёй школы ў галіне беларускай сатырычнай паэзіі», нацыянальнай савецкай драматургічнай школы, дзе асобнае месца адведзена яму як аднаму з самых шматгранных і таленавітых драматургаў.
Пра Кандата Крапіву можна больш даведацца на кніжна-дакументальнай выстаўцы «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці» (працуе да 10 мая), размешчанай у Нацыянальнай бібліятэцы і падрыхтаванай сумесна з Нацыянальным архівам. У красавіку на радзіме пісьменніка ва Уздзенскім раёне запланавана правядзенне літаратурна-краязнаўчых крапівінскіх чытанняў.
Таццяна Лаўрык