Top.Mail.Ru

Каляровы час Наталлі Панковай

Аўтар: Лізавета Крупянькова
20.03.2025 | 07:00

Яркі вясенні настрой дорыць наведвальнікам арт-гасцёўні «Высокае мѣста» персанальная выстаўка Наталлі Панковай «Каляровы час». Лірычныя пейзажы, экзатычныя нацюрморты, загадкавыя вобразы адкрываюць свет, дзе сустракаюцца мара і яе натуральнае ўвасабленне. Насычаная палітра і сонечная атмасфера трансліруюць пазітыў і дадаюць нотку чараўніцтва ў шэрую рэальнасць.



Наталля Панкова — заслужаны дзеяч культуры і мастацтва Ніжняга Ноўгарада, член Саюза мастакоў Расіі і творчага аб’яднання «Чорная сажалка». Удзельнічае ў шматлікіх мастацкіх праектах у Расіі і за мяжой, аўтар больш за 70 персанальных выставак. Творы Наталлі Панковай экспанаваліся ў Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Люксембургу, Італіі, Іспаніі, Венгрыі, Фінляндыі, Алжыры, Кітаі і іншых краінах свету. 

Жывапіс мастачкі знаходзіцца ў зборах Ніжагародскага дзяржаўнага мастацкага музея, Чувашскага дзяржаўнага мастацкага музея, Мардоўскага рэспубліканскага музея выяўленчых мастацтваў імя С. Д. Эрзі, Балашыхінскага гісторыка-мастацкага музея, Нацыянальнага музея выяўленчага мастацтва і ў шматлікіх прыватных калекцыях.

Выставачны праект «Каляровы час» акцэнтуе ўвагу на слове «час», у якім заключана шмат асабістага — таго, што пакінула радасць і боль, смутак і асалоду, надзею і страты... Многія мастакі ў сваёй творчасці звяртаюцца да тэмы часу, асабліва калі надыходзіць пара падвесці вынікі. Гэты год для Наталлі Панковай юбілейны. За доўгія гады творчай кар’еры мастачка стварыла ўласны свет, дзе пануюць яркія колеры і бурныя эмоцыі. Першай крыніцай свайго натхнення Наталля лічыць рускі пейзаж і нацыянальны каларыт Ніжагародскага краю з яго традыцыйнай хахламой і гарадзецкім роспісам. Дзіўна, але менавіта сярод ціхіх і няяркіх краявідаў, што атачалі творцу з дзяцінства, яна знайшла свае колеры і творчую гармонію.

У творах, прадстаўленых у экспазіцыі, мастачка дзеліцца любоўю да прыроды і людзей, захапленнем гэтым родным і адначасова загадкавым светам. Работы Наталлі Панковай можна аднесці да мастацкіх кірункаў абстрактны экспрэсіянізм, постімпрэсіянізм, фавізм і кубізм. Душа мастачкі імкнецца да эмацыянальнай перадачы рэальнасці, адюстравання ўнутранага праз знешняе, да пошуку ўласнай творчай энергіі, якая адчуваецца ў кожным мазку.


На выстаўцы большую частку работ складаюць экзатычныя пейзажы, касцюміраваныя партрэты і паэтычныя нацюрморты. Дыптых «Лясныя птушкі № 1, № 2» адсылае гледача да яркіх заморскіх краявідаў, дзе неба і дрэвы зусім іншага колеру. Свежасць, свабода і летняя спёка на карцінах пераносяць наведвальнікаў у непралазныя джунглі. Птушкі фігуруюць на многіх работах мастачкі. Сімвалізуючы лёгкасць, вечны палёт і пошук свайго месца ў свеце, яны могуць быць як галоўнымі героямі твора («Лясныя птушкі № 1, № 2», «Шчаслівыя птушкі» (2021), «Дрэвы. Птушкі. Мора» (2023)), так і часткай экзатычнага пейзажа («Суботні дзень» (2023)). Пейзажныя замалёўкі творцы прысвечаны родным краявідам, ціхаму вясковаму жыццю з багатымі традыцыямі і спакойным цячэннем.

Касцюміраваныя партрэты Наталлі Панковай прывабліваюць складанай кампазіцыяй і багаццем дэталей, а яркія колеры і абстрактныя рысы твару надаюць творам экспрэсіі і таямнічасці. Касцюмы герояў паказваюць іх сацыяльны статус. На палотнах Наталлі Панковай — людзі сярэдняга ці вышэйшага класа («Сняданак каля мора» (2022), «Прагулка» (2020), «Суботні дзень» (2023), «Сем бакоў свету № 1, № 2, № 3» (2013)). Партрэты выкананы ў кірунках постімпрэсіянізм і кубізм, адлюстроўваючы шырокі эмацыянальны спектр і глыбокую сімвалічнасць твораў.


Важнае месца ў экспазіцыі займае «раслінны» жывапіс Наталлі Панковай. Сланечнікі, макі, валошкі, касачы — невялікая частка прадстаўленага кветкавага багацця. Яркія колеравыя спалучэнні, смелыя мазкі пэндзлем ствараюць дынамічную кампазіцыю з моцнай энергетыкай. Выразная тэкстура, рэзкія лініі і простая форма, характэрныя для імпрэсіянізму і фавізму, адлюстроўваюць простую і наіўную прыгажосць нашага свету. Мастачка запрашае паглядзець навокал і ўбачыць сапраўдную чароўнасць прыроды, крыху адхіліцца ад шэрай 
геаметрыі горада і акунуцца ў каляровае багацце Сусвету.

Выстаўка працуе да 6 красавіка.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю