Top.Mail.Ru

«Каляндарны» Мінск

21.08.2025 | 07:25

У наступным годзе будзе адзначацца векавы юбілей жывапісца, графіка і педагога Барыса Аракчэева. Сям’я заслужанага дзеяча мастацтваў пачала рыхтавацца да святкавання юбілею загадзя. Так, сёлета выйшла рускамоўная кніга «Барыс Аракчэеў. Ішлі эшалоны» — прысвячэнне 80-годдзю Вялікай Перамогі. Выданне дазваляе пазнаёміцца з тэматычнымі жывапісам і графікай аўтара. А зусім нядаўна ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа нашчадкі Барыса Уладзіміравіча прэзентавалі каляндар на 2026 год «Мінск. Барыс Аракчэеў». Пра яго падрыхтоўку і вынік працы расказалі дачка творцы — мастачка ды ілюстратар Аксана Аракчэева і яе муж Хельмут Кіпхарт, які падтрымаў праект у тым ліку фінансава. 


Вядома, Барыс Аракчэеў шмат гадоў прыжыў у Мінску і шмат карцін прысвяціў гораду. На вокладцы календара — знакаміты пейзаж «Вячэрні Мінск. Палац спорту» (1967), які захоўваецца ў Музеі гісторыі горада. На апошняй жа старонцы змешчаны эцюды з выявамі сталіцы 1950-х. Змест тым часам склалі адпаведныя порам года работы, у якіх майстар адлюстраваў розныя лакацыі горада. Сярод пазнавальных і сёння — краявід з храмам Аляксандра Неўскага на тэрыторыі Вайсковых могілак. А вось у іншым творы ўсё наадварот — будынак, што некалі выявіў мастак, не захаваўся: на тым месцы, дзе знаходзіўся тэатр і была пастаўлена першая беларуская опера «Сялянка» (ці «Ідылія») Станіслава Манюшкі на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, цяпер знаходзіцца гасцініца «Еўропа». Барыс Аракчэеў захаваў на палатне тагачасны выгляд наваколля, у тым ліку трамвайныя шляхі на плошчы Свабоды. 

— Для календара старалася выбраць разнапланавыя творы, — расказвае аб рабоце над стварэннем календара Аксана Барысаўна. — Напрыклад, звярнулася да даволі вялікага, да часу няскончанага палатна, якое захоўвалася ў майстэрні без падрамніка. Нацягнула яго на падрамнік і, убачыўшы эпахальнасць задумы, прапанавала бацьку дапісаць... Пачата карціна была ў 1960-х, а завершана ў 2010-м. Так, можна заўважыць рознасць стылістык — гладкі фон, напісаны шмат дзесяцігоддзяў таму, і аб’ёмныя акцэнты, дададзеныя нашмат пазней. 
13_30.jpg

  У рамках святкавання 100-годдзя Барыса Аракчэева рыхтуецца яшчэ адна кніга. Назва — «Беларускі краявід»: канцэпцыя прадугледжвае дэманстрацыю пейзажаў, якія адлюстроўваюць розныя поры года. Такім чынам, таксама можна прасачыць талент разнапланавага мастака, яго творчыя пошукі ў розныя перыяды. Да таго ж у наступным годзе на розных сталічных і рэгіянальных выставачных пляцоўках будуць арганізаваны юбілейныя экспазіцыі, прысвечаныя жыццю і спадчыне Барыса Уладзіміравіча. Адна з галоўных выставак пройдзе ў Нацыянальным мастацкім музеі. 

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю