У Элісце — сталіцы Рэспублікі Калмыкія (Расійская Федэрацыя) — прайшла II Усерасійская канферэнцыя «Народы Расіі на абароне Айчыны», прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі. Трохдзённы навукова-практычны сімпозіум сабраў сотні вучоных. Сярод удзельнікаў было даволі шмат ваенных гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў, архівістаў і музейшчыкаў.
Доктар філалагічных навук Р. Ханінава, літаратуразнаўца Э. Валетава выступілі з сумесным дакладам «Вершы беларускага паэта-франтавіка Аляксея Пысіна ў калмыцкіх перакладах». Выбар навуковага даследавання зусім невыпадковы: Аляксей Пысін і калмыцкі пісьменнік і беларускі партызан Міхаіл Хонінаў сябравалі, сустракаліся, ліставаліся паміж сабою. У Мінску выйшла кніга М. Хонінава «Жураўлі над стэпам» у перакладзе Аляксея Пысіна.
А ўжо ў нашы дні вершы А. Пысіна на калмыцкую мову пераўвасобіў паэт і перакладчык Эрдні Канкаеў. Рыма Ханінава ў многіх сваіх даследаваннях згадвае Аляксея Пысіна, расказвае пра яго ваенную лірыку.
Матэрыялы Усерасійскай канферэнцыі з дакладам пра беларускага мастака слова ўжо паступілі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, у Магілёўскую абласную бібліятэку імя У. І. Леніна і ў Бярэзінскую раённую бібліятэку (на Магілёўшчыне і Міншчыне Міхаіл Хонінаў партызаніў, у пасляваенны час адзначаны званнем «Ганаровы грамадзянін горада Беразіно»).
Мікола БЕРЛЕЖ