Top.Mail.Ru

Іван Акулаў расказаў пра баі на Магілёўшчыне ў сваім рамане

Аўтар: Раман Сэрвач
03.07.2025 | 07:00

Сённяшні «някніжны» час хутка пакрывае пылам творы, якія ў іншых абставінах маглі б абудзіць свядомасць не аднаго пакалення чытачоў. І цяпер нават тыя з іх, хто не бярэ ў рукі папяровую кнігу, ведаюць імёны пісьменнікаў савецкай эпохі: Васіля Быкава, Юрыя Бондарава, Віктара Астаф’ева, Рыгора Бакланава, Уладзіміра Багамолава, Вячаслава Кандрацьева, якія паспрабавалі расказаць пра Вялікую Айчынную вайну вядомую ім праўду, перажытую імі праўду. І гэта зразумела — лічбавыя рэсурсы, сацыяльныя сеткі, электронныя медыя час ад часу звяртаюцца да аўтараў «Сотнікава», «Альпійскай балады», «Мёртвым не баліць», «Гарачага снегу», «У жніўні сорак чацвёртага...». Усё ж у згаданых пісьменнікаў вядомасць немалая... Але, як паказвае блізкая гісторыя мастацкай літаратуры, былі і іншыя імёны, былі і іншыя творы... 


Вось што казаў пісьменнік Юрый Пракушаў пра творчасць Івана Акулава (1922–1988): «Я не буду гаварыць пра пісьменніцкія „абоймы“ і „спісы“, але вось у нас у рускай літаратуры (у дакладзе, на жаль, аб гэтым не гаварылася, я не ведаю, ці ішла размова пра тое на секцыі прозы) — у нас працуе ў сучаснай літаратуры вельмі сумленна, вельмі таленавіта, цнатліва і бязлітасна ў адносінах да адлюстравання праўды салдат на вайне, я сказаў бы, як Быкаў у беларускай літаратуры, — гэты выдатны рускі пісьменнік Іван Акулаў. А далёка, далёка не ўсім гэтае імя вядомае». 

Словы гэтыя былі сказаны на восьмым з’ездзе Саюза пісьменнікаў СССР у чэрвені 1986 года... Крыху болей чым праз два гады, у снежні 1988-га, Іван Акулаў пайшоў у іншы свет, за лепшай доляй... Восьмы з’езд Саюза пісьменнікаў СССР — даволі цікавы і з пункту гледжання агучаных пісьменніцкіх ацэнак часу і літаратуры, і па характары свайго праходжання. 

Старшыня СП Георгій Маркаў прачытаў толькі некалькі старонак са свайго даклада. Яму стала дрэнна на трыбуне. Даклад дачытаў Герой Савецкага Саюза пісьменнік-франтавік Уладзімір Карпаў, які пасля і стаў першым сакратаром Саюза. У прэзідыуме — легендарны партначальнік савецкай літаратуры загадчык аддзела культуры ЦК КПСС Васіль Філімонавіч Шаура (у 1960–1965 гадах — сакратар ЦК Кампартыі Беларусі). У прэзідыуме — і сапраўдныя пісьменнікі, якія неаднойчы адстойвалі праўду: Мустай Карым, Чынгіз Айтматаў... Выступалі на з’ездзе Андрэй Вазнясенскі, знакаміты беларускі празаік Вячаслаў Адамчык (гэта з яго выступлення: «Па-мойму, сапраўды вялікая народная творчасць і літаратурная шалуха — рэчы несумяшчальныя...»), туркменскі раманіст, на той час першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Туркменскай ССР Ціркіш Джумагельдыеў, будучы народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў (пэўна, і яго словы разбудзілі шмат каго: «Гераічнае заўсёды спалучаецца з трагічным...»). Сярод дэлегатаў — Васіль Быкаў, Данііл Гранін, Сяргей Залыгін, Рыгор Бакланаў, Давід Кугульцінаў, Максім Танк, Валянцін Распуцін... Загалоўкі справаздач са з’езда гавораць самі за сябе: «Высокае прызванне», «Жыць клопатамі сучаснага свету», «Адгукаючыся на заклік партыі», «Адказнасць перад часам»... 

Юрый Пракушаў, выступаючы на з’ездзе, меў перш-наперш на ўвазе раман Івана Акулава «Хрышчэнне» — твор, над якім пісьменнік працаваў цэлае дзесяцігоддзе — з 1965 да 1975 года. А пасля яшчэ не адзін год мыкаўся па розных рэдакцыях, каб надрукаваць гэты твор... 

З рамана «Хрышчэнне»: «... — Будзем лічыць, палкоўнік, што мы дамовіліся, — сказаў генерал і зноў моцна ўхапіўся за краі стальніцы, качнуў хіленькі столік. — І дзякуй за партыйную шчырасць. Хаця, праўда, у нечым вы і перахапілі. І добра, што зразумелі гэта. Вы даўно на фронце? 

11_24_Бюст_Акулова_в_Ирбите.jpg

Бюст Івана Акулава ў Ірбіце

— З кастрычніка мінулага года. 

— Выходзіць, ахрышчаны па ўсіх артыкулах. 

— Зацягнулася яно нешта, наша хрышчэнне. 

— І гэта праўда, палкоўнік, зацягнулася. Затое будзе ўрок з дзявятага на дзясятае калена. Вешку паставілі, каб адмераць стагоддзі. Дык, пачакайце ж. — Васілеўскі падняўся і з павесялелым тварам абвясціў. — Я ж, палкоўнік, рускую гісторыю вучыў па „Гісторыі Расійскай“ Васіля Мікітавіча Тацішчава, а ён, баценька мой, вось як сказаў на гэты конт: „Понеже крещение есть просвещение души, следственно одобрение ума и его орудий, яко памяти, смысла и суждения, от которых всякое добро в жизни человека происходит“. Вось як! Так што я, палкоўнік, лічу вас чалавекам прасветленай душы, і вам сёння-заўтра правіць справы з перавала. Так, так. А Беразаў не аб’яўляўся? Шкада. Гэтага генерала шкада. Увесь ён складаўся з ідэі наступлення. Нам хутка такія людзі спатрэбяцца...»

Вайну камандзір узвода, а ў далейшым і начальнік штаба батальёна 137-й стралковай дывізіі спасцігаў пасля таго, як у 1942 годзе выпусціўся з Тамбоўскага пяхотнага вучылішча. Зусім маладым хлопцам прайшоў баявы афіцэр дарогамі і Беларусі. 137-я Бабруйская стралковая ордэна Суворава дывізія пасля Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі, у якой у жніўні-верасні 1943 года палягло некалькі дзясяткаў тысяч камандзіраў і салдат Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі і якая прывяла да вызвалення Лоева, пайшла далей, вызваляючы Гомель і яго ваколіцы... А потым, напрыканцы чэрвеня 1944-га, — Бабруйская аперацыя, стварэнне ўмоў для шырокага наступлення на Мінск... Можа, з таго часу і запалі ў памяць камандзіра беларускія рэкі Друць, Днепр, Добрыца, Добасня, Бярэзіна, Пціч?.. Разам з 3-й арміяй «акулаўская» 137-я стралковая дывізія вызваляла старадаўнія беларускія гарады: Навагрудак, Ваўкавыск... 

11_24_B.jpg

А як жа складваўся пасляваенны лёс капітана Акулава? За вайну ён быў двойчы паранены. Дэмабілізаваўшыся, паступіў на філалагічны факультэт Свярдлоўскага педагагічнага інстытута. Закончыў у 1950 годзе. Працаваў настаўнікам, дырэктарам сярэдняй школы. Вабіла журналістыка. Прыйшоў у газету «Уральский рабочий». Загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі. Пасля працаваў у часопісе «Урал». Першая аповесць — «Дзве дарогі» — была надрукавана ў 1958 годзе. Твор прысвечаны пасляваеннай вёсцы. У 1963 годзе літаратара прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Іван Іванавіч закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы. У 1966–1970 гадах Акулаў узначальваў часопіс «Уральский следопыт». А напрыканцы 1960-х гадоў набыў сабе лецішча паблізу Сергіева Пасада і з часам пераехаў у Маскву. Працаваў галоўным рэдактарам Дзяржкамвыдата РСФСР. Займаў у СП Расіі грамадскую пасаду старшыні прыёмнай камісіі. Уваходзіў у рэдкалегію выдавецтва «Современник». 

Раману «Хрышчэнне» папярэднічаў раман «У вечным даўгу» — твор, які мала чым адрозніваўся ад мноства раманаў таго часу. 

А вось глыбіня, пераасэнсаванне многіх сацыяльных, духоўных з’яў у савецкім грамадстве якраз і прыйшлі з раманам «Хрышчэнне»... А следам за ім былі і іншыя творы — раманы «Касьян Астудны» і «Памыліся, мілуючы». Фёдар Абрамаў так адгукаўся на раман «Касьян Астудны» ў лісце аўтару: «Магутную кнігу Вы напісалі, Іван Іванавіч! Так пра рускую вёску на яе вялікай мяжы яшчэ ніхто да Вас не пісаў! І зразумела, чаму пра яе ніводнага гуку ў нашым свалачным друку. З Расіі зрабілі цаліну, у Расію задзічалую, бясплодную пустэчу пераўтварылі, а ведаеце, якой яна была! Чытайце Івана Акулава. Выдатна выпісаны характары, унікальнае веданне і разуменне сялянскай душы, зямлі, неверагодна багатая мова, побыт, прыўзняты з самых глыбінь, прырода па-акулаўскі неспатольная і шматколерная. Дзякуй Вам вялікі ад мяне, вясковага пісьменніка».

За раман «Хрышчэнне» ў 1980 годзе пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію РСФСР імя М. Горкага. Быў узнагароджаны Іван Іванавіч і ордэнам Дружбы народаў. Болей высокіх узнагарод не атрымаў. Яно і зразумела. За мастацкую праўду не заўсёды ордэны даюць... Не стала пісьменніка ў снежні 1988 года. Яго нядоўгі век быў роўны ўсяго толькі 66 гадам... Мог бы яшчэ не адзін год пажыць. І напісаць, пэўна, таксама яшчэ нешта змог бы... 

Раман СЭРВАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю