Top.Mail.Ru

Інклюзіўная выстаўка працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі

Аўтар: Яўгенія Шыцька
15.04.2025 | 07:00

Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (Расійская Федэрацыя, Санкт-Пецярбург) і Нацыянальны мастацкі музей у рамках святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі прадставілі выстаўку тактыльных карцін «Нябесныя ахоўнікі». Экспазіцыя, змешчаная ў зале старажытнабеларускага мастацтва галоўнага корпуса НММ, знаёміць з серыяй твораў з выявамі праваслаўных святых. 

У чым жа сутнасць праекта? 


Як адзначаюць арганізатары, выстаўка прызначана стварыць інклюзіўнае асяроддзе і ўключыць у мастацкае і культурнае жыццё краіны невідушчых і людзей са слабым зрокам. З работамі, у якіх аўтары паказалі свае магчымасці ў скульптурнай пластыцы, варта знаёміцца шляхам тактыльнага ўспрымання. Кожны экспанат — а гэта гарэльеф, выкананы са светлага акрылавага гіпсу, — суправаджаецца аўдыягідам з тыфлакаментарыем; этыкеткі, натуральна, дубліраваныя рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля. 

Працавала над стварэннем карцін творчая група пад кіраўніцтвам скульптара і педагога з Санкт-Пецярбурга, члена Саюза мастакоў Расіі Наталіі Карпавай. 

У цэнтры ўвагі аўтараў — праваслаўныя святыя, сярод якіх — Аляксандр Неўскі, Дзмітрый Данскі, Інакенцій Веньямінаў, Лука Крымскі, Герман і Савацій Салавецкія, Сергій Раданежскі ды іншыя. 

Загадчыца Цэнтра музейнай інклюзіі Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Санкт-Пецярбурга Наталля Кандрацюк падчас урачыстага адкрыцця выстаўкі расказала, што камплектаў серыі карцін, выкананых у тэхніцы ручной лепкі, некалькі, і таму іх можна дэманстраваць у розных музеях адначасова. Так, раней работы былі прадстаўлены ў Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў розных экспазіцыях, а таксама прапанаваны ўвазе наведвальнікаў Пскоўскага музея-запаведніка. 

— Усе восем карцін з’яўляюцца самастойнымі творамі, гэта не копіі. На момант задумы і стварэння яны планаваліся менавіта як работы, даступныя для тактыльнага кантакту. Аўтары працавалі ў традыцыйнай акадэмічнай школе скульптурнага рэльефу, — адзначыла спецыяліст. — Выстаўка задумана як праект для самага шырокага кола людзей, які аб’ядноўвае для сумеснага наведвання розныя групы з інваліднасцю і без. Ён будзе пракладаць масток да іх зносін і далейшага збліжэння. 

Між тым «Нябесныя ахоўнікі» цесна звязаны з іншымі ініцыятывамі Нацыянальнага мастацкага музея, які даволі плённа працуе ў кірунку інклюзіўнасці. Так, сёння прадстаўлены выстаўкі «BelonicaArt», дзе невідушчыя людзі дэманструюць свае жывапісныя напрацоўкі, і «Архітэктурная спадчына... кропкі...» Васіля Зянько, карціны якога выкананы ў аб’ёмна-контурнай тэхніцы, даступнай для чытання людзьмі з абмежаваннямі па зроку. Дырэктар музея Ганна Конанава адзначыла: 

— З Дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі з Санкт-Пецярбурга нас звязвае сумеснае супрацоўніцтва па розных кірунках. Летась мы адкрылі маштабны праект, прысвечаны найлепшым дзіцячым работам на тэму тэатра. Цяпер вырашылі прадставіць праект, які раскрывае найбольш выразную частку дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — інклюзіўную справу. Наш музей дасягнуў поспеху ў рабоце з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. На пляцоўцы праводзіцца вялікая колькасць майстар-класаў, спецыялізаваных лекцый і мерапрыемстваў, якія далучаюць людзей з абмежаваным спектрам магчымасцей да мастацтва. Асабліва каштоўна тое, што праект «Нябесныя ахоўнікі» сапраўды з’яўляецца асветніцкім, паколькі прысвечаны сакральнай тэме праваслаўя. 

Выстаўка Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі будзе працаваць да 1 жніўня. Вядома, што ў яе рамках плануюць арганізаваць серыю заняткаў для невідушчых і людзей са слабым зрокам. Куратарам экспазіцыі выступае загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Дзіяна Шантар. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю